Читаем Лісты полностью

Ёсць яшчэ і розныя археаграфічныя ідэі, прабаваў пра гэта гаварыць у Мінску, але там як глухія: яны проста не разумеюць, што гэта патрэбна. Абэцэдла заставіў па сабе не толькі фальсіфікатараў, але і невукаў.

Думаю на лета ізноў паехаць на Нарач, а пасля (на верасень) — у Каралішчавічы. Зіма скончылася. Хварэў, але, седзячы дома, сёе-тое рабіў.

Улашчык.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

29 сакавіка 1981 г.

Дарагі Вячаслаў Антонавіч.

Атрымаў артыкул і ліст — вялікае дзякуй. Зараз у папцы зложаны газетныя артыкулы, у якіх я называйся вартым чалавекам. Успамінаю 1929 г., калі на мяне і Шушкевіча была змешчана карыкатура, не шарж — злосная і ілжывая карыкатура.

Але зараз у мяне самая важная навіна не мае гады, а тое, што Саша ажаніўся. Жыве ён у большасці ў жонкі, і таму я працую, а часткова і жыву ў яго пакоі. За ўсе свае гады не жыў у такой выгодзе. Калі хачу ўночы — запальваю святло і чытаю, колькі хачу кашляю, нікому не шкодзячы.

Сёння еду ў Ленінград. Трэба прачытаць Бельскага 1564 г. (у Маскве няма), трэба яшчэ раз пераглядзець Магілёўскую хроніку, трэба зайсці ў архіў, трэба... Манаграфію амаль усю перарабіў нанава. Пры гэтым даводзілася перажыць шмат чаго, бо кавалкі рукапісу ў машыністкі недзе прападалі, ды і зараз не стае старонак дзесяць. Можа, знойдзе, а можа, і не, тады прыйдзецца пісаць нанава.

Баравы прыслаў мне ўзоры почырку Аляксандра Трубніцкага. Гэта дасць магчымасць удакладніць гісторыю рукапісу. Пастараюся ўключыць кнігу ў план рэдакцыйнай падрыхтоўкі на будучы год. Адказным прасіў быць Буганава, і ён згадзіўся. Зараз без адказнага рукапісаў не прымаюць — хтосьці павінен стаяць на варце.

На 1981-1986 г. узяў сабе тэму — "Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі". Што з гэтага будзе — невядо­ма, бо занадта шмат "лішніх" гадоў. Калісь планаваў чатыры выпускі прац па археаграфіі: нарысы, мемуары і юрыдычныя дакументы. Дай божа хаця б тры.

3 новага года я кансультант, але адпачынак застаецца той самы — два месяцы. Думаю ў гэтым годзе зрабіць так, як у мінулым: з сярэдзіны ліпеня паехаць на Нарач (можа, лета будзе цёплае), а пасля — у Каралішчавічы, збіраць грыбы. "Зубра" абяцаў прыслаць Кашкурэвіч, але на гэта не спадзяюся. Учора сястра званіла, паведаміла, што выйшаў артыкул Ліса. "ЛіМ" прыходзіць сюды ў сераду або ў чацвер на наступным тыдні (ча­сам і наогул не прыходзіць).

У гэтым годзе хварэў не з першага студзеня, як звычайна, але ў канцы лютага. Наталля Маркаўна выдаткавала на мяне кіламетры гарчычніку. Зараз, здаецца, здаровы.

Між іншым, у канцы студзеня быў у Вільні — там арыгінал "Запісак" ігумена Арэста. Спадзяваўся знайсці багата матэрыялаў пра Пташыцкага, бо мне здавалася, што фонд 1135 — усё Пташыцкага, але гэта фонд Таварыства прыяцеляў навук, і Пташыцкага там вельмі мала. На бяду, не ведаў, што яго матэрыялы ляжаць і ў Бібліятэцы АН. Хоць ізноў збірайся ў Вільню.

Як у Веранікі? Прывітанне Марыі Усевалодаўне.

Улашчык

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

13 красавіка 1981 г.

Дарагі Вячаслаў Антонавіч.

Быў у Ленінградзе, а раней ездзіў у Вільню. У абодвух разох аднолькава: працаздольнасць — як была некалі, галава зусім не баліць, але, прыехаўшы дахаты, за ўсё гэта трэба заплаціць.

У Ленінградзе здабыў Бельскага выд. 1564 г. Там зусім інакш. Значыцца, сын дапісаў за бацьку, а ў мяне з гэтага стане больш месца ў кнізе. Галоўную ўвагу аддаў Магілёўскай хроніцы. Перачытваў і проста перагортваў яшчэ некалькі разоў. Убачыў за­раз запіс Івана Трубніцкага за 1867 г. У бібліятэку рукапіс трапіў у 1872 г. Наогул, колькі разоў ні прачытвай, усякі раз заўважыш нешта, што раней не бачыў.

Баравы прыслаў ксеракс з засведчанага запісу Ал. Трубніцкага. Гэта не надта навіна, бо на першым аркушы ёсць яго ўласны запіс. Але ўсё прыкладаецца адно да другога, ды і сведчанне, што ён быў памочнікам старасты ў царкве, дае хоць дробачку. Але, нават маючы і гэта, уяўляю почыркі, а таксама і гісторыю рукапісу неяк няпэўна.

Шукаў матэрыялы пра перакладчыка Гартынскага. Гэта сям’я пракурорскага складу. Бацька быў пракурорам, а сам перакладчык у канцы жыцця (1870-1872) быў херсонскім пра­курорам. Але, і маючы такое, біяграфія яго ў цэлым цьмяная, і тое, што ён меў рукапіс у 1822 г., здаецца, зман.

Бачыўся з В. П. Грыцкевічам. Ён прасіў даць рэцэнзію на яго кнігу і Мальдзіса. Кніга варта таго, каб аб ёй напісаць добрае, але дзе змясціць? У нашых (маскоўскіх) часопісах нельга. Пытаў пра "Звязду". Але я сказаў, што калісь "Советская Белоруссия" надрукавала маю рэцэнзію на кнігу Болбаса ў такім выглядзе, усё было так "дароблена", што я асцерагаюся даваць што-небудзь у газету, тым больш што пагадніць з рэдактарам нельга. Можа, Вы маеце ведамасці — як абыходзіцца "Звязда" з рукапісамі?

Улашчык.

ЭРНЭСТУ ЯЛУГІНУ

25 красавіка 1981 г.

Дарагі Эрнест Васільевіч.

Прачытаў Ваш артыкул пра мяне. Трэба сказаць, што я да самага апошняга часу не верыў, што такое можа здарыцца, што нейкая сіла такі не пусціць, і таму зараз гляджу на "Нёман" з нейкім здзіўленнем.

Дзякуй Вам. Напісана па-чалавечаму, з добрым адчуваннем. Дай Вам Божа усяго найлепшага.

Перейти на страницу:

Похожие книги