Читаем Лісты полностью

Першага мая 1927 г. мы з Юзікам Бараноўскім у якасці паслоў прыехалі ў акруговы горад Мазыр, нас адразу прыняў старшыня акруговага выканкаму і, не пярэчачы, абяцаў даць 400 рублёў з абавязкам, што напісанную пра Тураўшчыну кнігу надрукуе ў Мазыры. Наступная экспедыцыя 1928 г. была на Полаччыну, але яна ужо не мела такога размаху, як Тураўская.

Улашчык.

ПЕТРУСЮ БРОЎКЕ

8 марта 1981 г.

Шаноўны Пятро Усцінавіч.

Зварачаюся да Вас са сваей бядой. Два гады назад я скончыў пісаць гісторыю свае вёскі (знаходзіцца каля ст. Фаніпаль). Гэту гісторыю пачаў пісаць студэнтам у 1926 г. і скончыў праз 50 гадоў. Паколькі яна мае, галоўным чынам, этнаграфічны характар, то да друку яе рэкамендаваў Інстытут этнаграфіі АН СССР. Рукапіс у свой час зацвердзіў РИСО, і ў канцы 1978 г. я здаў яго ў выдавецтва "Наука". На канец 1979 г. прызначалася рэдакцыйная падрыхтоўка, а напрадвесні гэтага года спадзяваўся, што кніга выйдзе ў свет. У плане выпуску 1980 г. выд. "Наука" (кн. 1. Общ. полит, литература) была змешчана анатацыя (прыкладаю яе), у сувязі з чым у магазіны "Акадэмкнігі" пайшлі заяўкі. Аж раптам у канцы верасня ў "На­уку" з Госкомиздата прыйшоў загад выключыць з плана 9 кніг, сярод іх і маю. Сказалі ў выдавецтве коратка: Госкомиздат палічыў, што "мелкотемье". Нехта, пераглядаючы анатацыі, убачыў, што кніга пра адну вёску, і загадаў зняць.

Зразумела, што калі сам пісаў кнігу, то яна здаецца і цікавай і патрэбнай (інакш нашто б яе і пісаць), але яе прызналі цікавай і патрэбнай і рэцэнзенты (галоўны рэдактар "Совет­ского славяноведения" І.І. Касцюшка і д. г. н. В. I . Аляксандраў, і адказны рэдактар (Марына Грамыка, дачка М. А. Грамыкі), і наогул вучоны савет Інстытута этнаграфіі.

Забарону можа зняць той, хто і забараніў — Госкомиздат. Таму прашу Вас, калі гэта будзе магчыма, звярнуцца ў гэту ўстанову (Петровка, 28), або да старшыні Госкомиздата Стукаліна Барыса Іванавіча, або (гэта, здаецца, лепш) да галоўнага рэдактара галоўнай рэдакцыі общественно-политической лите­ратуры Василия Савельевича Молдавана.

Кніга памерам у 9 аркушаў. Прыкладаю змест. Калі згодзіцца напісаць, то прашу паведаміць мне.

Улашчык.

АРСЕНЮ ЛІСУ

21 сакавіка 1981 г.

Дарагі Арсень Сяргеевіч.

Вы пішаце адносна перавыдання ў Мінску "Предпосылок". Гэта было б добра, але зараз такая ідэя здаецца надта няпэўнай. Нават калі адкінуць сялянскі pyx i заставіць толькі гаспадарку, то набярэцца амаль 30 аркушаў. Такога памеру не выносіць і "Наука". Рубель зараз надта пхае навуку — скрозь дай даход.

У мяне было шмат планаў, якія я не магу ўжо здзейсніць і на ўсякі выпадак некаторыя перакажу Вам. Калісь я хацеў узяць са свае кнігі раздзел аб насельніцтве, дадаць да таго, што ёсць матэ­рыялы аб цэнтры і ўсходняй Беларусі (выключыўшы Літву), узяць паказнікі перапісу 1897 г. і даць агляд насельніцтва за 100 гадоў. Крыніцы вядомы, методыка адпрацавана. Думаў, што такую ра­боту можна будзе скончыць за пару гадоў. Зараз гэта адпадае, адпадае ў мяне, але, можа, хто-небудзь спакусіцца на такое.

У свой час, калі зацвярджалі "Очерки", я сказаў, што маю намер напісаць чатыры выпускі адносна крыніц па гісторыі Беларусі. Гэта чамусьці выклікала абурэнне ў тагачаснага на­чальства. Яно сказала, што вось калі б такую работу ўзяліся зрабіць чатыры чалавекі, гэта значыцца, калі б работа мела характар калектыўнай, то было б добра, але дзе ж возьмеш такіх людзей? Аднак гэту ідэю я не пакінуў, хаця вядома, што цалкам яе выканаць не змагу. Ужо два гады, як другі выпуск з задуманай серыі ("Введение в изучение белорусско-литовского летописания") зацверджаны да друку. Зараз я перарабляю яго і павінен намагчыся, каб ён быў уключаны ў план рэдакцыйнай падрыхтоўкі на 1982 г. Зараз у мяне зацверджана тэма на 1981-1986 гады — "Мемуары і дзённікі як матэрыялы (крыніцы) па гісторыі Беларусі". У 1986 годзе мне будзе (калі дажыву) 80 гадоў. Гэта матэрыялы надта цікавыя, але што будзе — не­вядома, бо ў такім узросце ўсё няпэўна.Здаўна ў мяне сядзіць думка адносна ваяводаў. Амаль 300 гадоў у нас былі ваяводы, некаторыя з іх (Завіша, Храпавіцкі а можа, і яшчэ хто) пісалі дзённікі і "памятнікі". Ды і тыя, хто не пісаў, павінны быць нам хоць як-небудзь вядомыя, а мы пра іх не ведаем нічога. Тое ж самае з гетманамі, стражнікамі і інш. Хто быў членам трыбуналаў, якую яны мелі асвету, як судзілі і г. д. Пара, калі ўсе інтарэсы зводзіліся да гаспадаркі і рухаў, мінулася, трэба ведаць што-небудзь і звыш таго.

У свой час прабаваў падняць пытанне адносна бежанства 1915 г. Гаварыў у сваім інстытуце, гаварыў з Танкам і Брылём (самі ж былі бежанцамі), гаварыў, што ўразумець рэвалюцыйны дух у Заходняй Беларусі без таго, каб не ўлічыць настроі бежанцаў, што вярнуліся на бацькаўшчыну пасля 1920 г., нельга. Нічога з гэтага не выйшла, а зараз тых, хто быў у бежанстве, амаль не засталося. Усе, хто піша і пісаў пра ўтварэнне БССР, нібы і не чулі пра гэту бяду, ва ўсякім разе, гэта нікім не ўлічваецца.

Перейти на страницу:

Похожие книги