Вяршыла
(па тэлефоне). Мама? Гэта ты?.. Ага, гэта я, Віктар… Віця… Ды не, нічога не здарылася… Проста захацелася пачуць твой голас… Як ты там?.. Здароўе як?.. Я пытаюся, як здароўе?.. Можа, лякарствы якія патрэбны?.. Што я хацеў?.. Хачу сказаць, што ў нядзелю мы прыедзем да цябе ў госці… Ага… Усе… І Наташа, і дзеці… Мы засумавалі па табе… Гэта ж колькі не бачыліся!.. Не, на гэты раз не ашукаем… Абавязкова прыедзем… Да сустрэчы, мама! Цалую цябе… (Паклаў трубку, доўга сядзіць моўчкі.) Значыць, я пайшоў. Прашу не разыходзіцца і чакаць мяне. Вы, Мікалай Ягоравіч, таксама будзьце тут.Мурашка
. Добра, Віктар Паўлавіч. Буду чакаць…Вяршыла
выходзіць. Святло паступова гасне. Нейкі час на сцэне поўная цемра. Потым на сцэне пачынае святлець. Гэта ўжо раніца. Няма тэлефаністак і Нюры. Папсуева і Міралюбаў спяць там, дзе сядзелі… Вельмі асцярожна аглядаючыся, ціхенька ўзнімаецца Міралюбаў. Ён на пальчыках падыходзіць да выпрабавальнага крэсла, павольна абыходзіць яго, некалькі разоў дакранаецца да бліскучага паўабруча — спачатку адным пальцам, затым далонню, затым ужо абедзвюма рукамі. І боязна, і надта ж хочацца! Нарэшце ён асцярожна садзіцца ў крэсла. Паўза.Пачынае гучаць танец маленькіх лебедзяў. Міралюбаў шчасліва ўсміхаецца, заплюшчыў вочы і слухае, слухае цудоўную мелодыю. Яму нават не хочацца ўзнімацца з крэсла. Але ён прымушае сябе ўзняцца. Ён на пальчыках, як балерына, танцуе танец маленькіх лебедзяў, выкідваючы такія фантастычныя па, якія і не сніліся маленькім лебедзям. Пад музыку, танцуючы, ён ідзе на сваё месца і, шчасліва ўсміхаючыся, засынае. Цяпер ужо, здаецца, па-сапраўднаму. Гома нармаліс! Большага ён і не хацеў.
Папсуева
(ціха ўзнімаецца і падыходзіць да Міралюбава). Ягор Фёдаравіч!.. Ягор Фёдаравіч!.. (Грамчэй.) Ягор Фёдаравіч!..Але шчаслівы Міралюбаў спіць, як дзіця. Папсуева падыходзіць да Мурашкі і таксама спачатку ціха, а затым грамчэй кліча яго.
Мікалай Ягоравіч!.. Мікалай Ягоравіч!.. Прачніцеся!..
Спіць моцным сном і Мурашка, супакоены тым, што нарэшце ў яго з’явілася рэальная надзея. Папсуева надзвычай асцярожна, кругамі падыходзіць да магічнага крэсла. Доўга не адважваецца, але вельмі ўжо вялікая спакуса, якая ўрэшце перамагае. Папсуева ціха, па сантыметры ў секунду, апускае сваё цела ў крэсла. Села, чакае. Маўчанне. Папсуева крыху паёрзала ў крэсле, прыўзнялася і зноў села. Адзін раз, другі… І раптам рэзка, аглушальна грыміць туш. Ён, як прашча, выстрэльвае з крэсла Папсуеву і ў адзін міг пераносіць яе на тое месца, дзе яна перад гэтым спала. Падхапіліся спалоханыя Мурашка і Міралюбаў. Толькі Папсуева «спіць». А туш грыміць! Уваходзіць Вяршыла
.Вяршыла
. Што тут у вас адбываецца? Чаму такое землетрасенне? Хто ўключыў? Мікалай Ягоравіч! Спыніце музыку! Вы ж увесь горад на ногі ўздымеце!Мурашка
(завіхаючыся каля апарата). Нічога не разумею! Да апарата ніхто не падыходзіў. А яго зашкаліла і замкнула…