Фотакартак у нас некалькі. Але хіба можа самая лепшая фотакартка перадаць усмешку, інтанацыю, той усплеск юнацтва і прыгажосці, якімі дзеці адорваюць бацькоў, нібы вяртаючы ім уласную маладосць і лёгкасць, калі няма яшчэ ні страт, ні шкадавання, ні цяжару гадоў? Я нарадзіла Люсю ў дзевятнаццаць, а ў, свае трыццаць сем выглядала, як казалі ўсе знаёмыя, не маці, а старэйшай сястрой. Можа, якраз таму мы былі такія блізкія з ёю душэўна, так лёгка было нам разумець адна адну?!
Нават тады, падчас самай першай нашай сваркі, калі я, вяртаючыся з заданнем з атрада, раніцай, у тумане, што да самых купін ахутаў лес, неспадзявана наткнулася на яе, што сядзела каля ядлоўцавага куста? Спачатку я адскочыла, таму што спалохалася, каб мяне не пазналі, а ў наступнае імгненне сэрца як заледзянела: пазнала шэры вязаны касцюмчык і яе галаву — бялявыя косы, хусцінка па плячах.
— Гэта ты?
Яна таксама была ўскочыла, але тут жа ізноў прысела.
— Я, мамачка.
— Што ты тут робіш?
Пытацца было дарэмна, таму што я адразу ж зразумела, што магла яна тут рабіць — тут, у лесе, на досвітку, адна. Але ж так прынята — усё ўвасабляць у словы, нібыта надаючы ўсяму, што адбываецца, замацаванасць. Я як бы выкрывала Люсю, а яна і не думала адпірацца, толькі здзіўлена ўзняла бровы і зноў усміхнулася:
— Тое, што і ты, мама.
Забыўшыся, што ад грудзей да самых сцёгнаў абвязаная лістоўкамі і шпагатам, я паспрабавала прысесці, але пахіснулася і ледзь не паляцела на дол. Дачка паспела падтрымаць, але я сярдзіта вырвала руку:
— Я чалавек дарослы. А вось хто цябе ўцягпуў ва ўсё гэта? Хто? Заўтра ж пагавару з камандзірам! Што ім, мала сувязных? Адной на нашу сям'ю мала?
Яна ўздыхнула, прысела каля ядлоўцавага куста зноў і працягнула да яго руку.
— Ты толькі паглядзі, мамачка, — дрэвы амаль голыя, а тут і ягады, і зеляніна. А ягады якія смачныя! Прыгожы ў нас лес, праўда?
— Ты мне зубы не загаворвай! — я патрабавала ад яе адказу, як быццам гэта нешта магло вырашыць, як быццам я магла ў ліхі гэты час, калі, здаецца, сама зямля гарэла пад нагамі і людзей раздзяляла чорная мяжа смерці, уратаваць, прыкрыць сабою, не пусціць нікуды вялікае сваё дзіця, схаваць ад прагных рук, ад чужых паглядаў, ад здрады! Ды калі б я і паспрабавала, яна, як птушка, якую не ўтрымаеш ні ў якой клетцы, расхістала б самыя моцныя пруты, вырвалася б і паляцела ўвысь, таму што яна была з тых, хто калісьці, відаць, нараджаўся птушкай — вялікай, гордай, прыгожай птушкай, ад якой ува ўсіх іншых нараджэннях цяга да вышыні, чыстага паветра, святла!
А можа, гэта ўсё мне толькі здаецца. Але ж нездарма падпольная клічка, якую далі дачцэ, была якраз птушыная: «Ластаўка». Калі, упершыню паддаўшыся на ўгаворы, хворая, дазволіла мне аднесці па нейкім адрасе запіску, дзе прызначаўся камсамольскі падпольны сход, запіска была падпісана менавіта так: «Ластаўка».
— Хто гэта, дачушка? — спыталася я, калі мы дамаўляліся, куды трэба аднесці запіску. Яна неяк збянтэжана паціснула плячыма, ускінула галаву, закідваючы назад касу (была ў яе такая прывычка), і нічога не адказала. Толькі пазней, калі я адносіла яшчэ адну такую пісульку, неахвотна прызналася:
— Гэта мая падпольная клічка. Мне, праўда, здаецца, што гэта занадта прыгожа, а, мама?
— Наадварот. Табе падыходзіць.
— Ты думаеш? — Яна пачырванела і ціхутка прыціснулася да мяне. — Гэта мне хлопцы далі такую клічку.
— О, каб усё гэта хутчэй скончылася! — вырвалася ў мяне. — Люся, давай я вазьму на сябе і гэтую работу. Я моцная, вытрымаю.
— А я што?
— А ты… Навошта табе гэта? Ты маладая, табе пра жыццё думаць трэба.
Яна паківала галавою.
— Мама, ты зараз ілжэш сама сабе. Ты так не думаеш. Не можаш так думаць.
— Магу. Таму што я маці. Кожны раз, калі ты выходзіш з дому, калачуся, і ты гэта ведаеш.
— Я таксама хачу, каб з намі, з табой нічога не здарылася. Але хіба стала б я цябе адгаворваць? Тады, значыць, усё, пра што вы з бацькам казалі, усё гэта — няпраўда. А гэтага не можа быць. Я веру вам, чуеш, веру!
…Мой муж часам абвінавачвае сябе за тое, што, відаць, замнога расказваў нам пра сваё жыццё. А ў ім было многае: грамадзянская вайна, баі, неверагодныя эпізоды, у якіх зліваліся смешнае і трагічнае, героіка і страх. Помніцца, гаварыў ён пра дзяўчынку, якая выскачыла наперад, калі застыглі нашыя перад белай конніцай, выскачыла, закрычала, стала, не баючыся смерці, страляць з кулямёта… I тады ўскочылі хлопцы, апамяталіся — і бой выйгралі… Я яшчэ смяялася:
— Гэта ты, можа, з «Чапаева» ўзяў…
— Не, не з «Чапаева»! — раззлаваўся муж. — Такіх дзяўчатак шмат было. I, ведаеш, скажу табе: калі дзяўчынка трапляла ў мужчынскае акружэнне, старалася сябе пераўзысці, страх дзявочы пераадолець. Ды так старалася, што яшчэ хлопцы перад ёю пасавалі. Калі атака. А так — былі яны звычайныя, і плакалі, бывала, пасля бою…
Люся слухала гэтыя апавяданні, гэтыя гаворкі. I ці ж магла я падумаць, што і яна будзе паднімаць у атаку хлопцаў, не баючыся смерці, не слухаючы папрокаў і папярэджанняў!
А можа, і маё жыццё наводзіла яе на роздум? Можа, мы і самі не заўважалі, чым і як жывілася душа нашай дзяўчынкі?