Задыхаючыся ад лютасці, ён заехаў у двор, распрог стомленага каня і толькі потым увайшоў у хату. Там усе спалі. Янэ запаліў лямпу і сказаў ціхім, але пагрозлівым голасам: «Значыць, тут усе спяць». Ён скідае кажух – ніхто не прачынаецца. Ён здымае камізэльку, шпурляе яе за спіну на падлогу і гарлае штосілы: «Устаць, вырадкі!» Рыйна, Кале і Хілту ўскакваюць, нібы іх дубцом сцебанулі, і тут ім здаецца, што зараз іх і сапраўды пачнуць біць, бо Янэ, ухапіўшы з-пад загнета таўстую дравіну, з брыдкай лаянкай носіцца па хаце. Кабета з дзецьмі, напалову адзетыя, кідаюцца ратавацца ў двары, у начной марознай цемры. Раней такога ў іхняй сям’і ніколі не здаралася.
Янэ застаецца ў хаце адзін. Ды не, у ложку – малы Віле, звычайна самы жвавы з усіх. Цяпер жа ён ляжыць нерухома, хоць і не спіць. Гэта незвычайна; Янэ падыходзіць да ложка, хмель развейваецца. Хлопчык пранізліва ўскрыквае, але не падымаецца. «Я не ўдарыў цябе?» У адказ – маўчанне і баязлівы позірк. Пачуццё невядомай бяды апаноўвае Янэ, ён разгублены і не ведае, што рабіць. Ён азіраецца навокал, бачыць на падлозе сваю камізэльку і абломкі гадзінніка. Нахіляецца паглядзець: гадзіннік разбіты ўшчэнт. Янэ ўспамінае ўсё і зняможана застывае сярод хаты. Вось жа, ён толькі што вярнуўся з Тамперэ, куды вазіў паперу.
Шаленства і злосць змяніліся тупым зняменнем. Задубелыя на марозе дзеці з маткаю, заліваючыся слязьмі, крадком заходзяць у хату. Болей за ўсіх напалоханы Кале. Аднак бацька нічога не заўважае: ён сядзіць, бяздумна ўтаропіўшыся ў адну кропку. Потым пачынае вадзіць носам, сяк-так дабіраецца да ложка і, напалову раздзеты, засынае.
Тут табе ўсё разам! У Рыйны вырываецца сутаргавы плаксівы ўздых. Янэ яшчэ не ведае, што здарылася, пакуль яго не было дома; ён шалеў з іншай прычыны. Рыйна надзявае спадніцу і выходзіць на двор праверыць каня і сані. Яна бачыць прыхаваную нянавісць у позірку Кале. Учора ён ударыў Віле каленам па спіне: малы можа застацца калекам. Цяжкая хваля смутку і агіды ўздымаецца ў душы кабеты: менавіта цяпер, як ніколі выразна, яна ўбачыла ў Кале рысы ягонага бацькі, ягонага сапраўднага бацькі. Брыдкая, невыносная горыч балюча кусае Рыйну.
Жыццё чарговы раз апынулася на новай прыступцы. Назаўтра Янэ павінен быў адпрацоўваць дзень з канём, але ні чалавеку, ні каню гэта было не пад сілу. Дзень так і застаўся неадпрацаваным. Янэ выкідаў гной з хлява, бо карова хутка ўперлася б хрыбтом у столь. Усю зіму гной так і не вывозіўся на поле, бо Янэ вазіў паперу ў Тамперэ. Вазіў і зарабіў агулам паўтары маркі ды разбіты ўшчэнт гадзіннік. А ў ложку ляжаў Віле з хворай спінаю.
Нясцерпна гнятлівым быў той дзень. Небаракі не змаглі нават пасварыцца між сабой, бо кожны адчуваў сваю вялікую віну. Кале стала невыносна цяжка жыць у сям’і, і Рыйна цішком уладкавала яго служкам у адной далёкай гаспадарцы. Так Кале знік з дому. Старэйшай за ім была Хілту, маўклівая бледная дзяўчынка. А Рыйна зноў была цяжарная і зноў нарадзіла дзяўчынку, Лемпі. Потым нарадзіўся хлопчык, Марці. Так яно і ішло адно за адным.
У такіх умовах жыццё не абяцае нічога незвычайнага: ні згубных падзенняў, ні раптоўных узлётаў. Адбываюцца толькі лёгкія штуршкі, ад якіх жыццё нібы перамяшчаецца з адной прыступкі на другую. А калі штуршок мінае, дык пра яго больш і не ўспамінаюць, а працягваюць існаваць на новым узроўні. Бо жыццё ва ўсіх сваіх разнастайных формах застаецца тым жа самым жыццём: трэба толькі пражыць яго, і нічога больш.
Спачатку здавалася, што Віле з цягам часу ачуняе; ён ужо пачаў жвава рухацца, добра есці і спаць. Але потым спіна зноў забалела і ўрэшце загнаілася. Да таго часу ўжо забыліся страшныя падзеі, якія прыпалі якраз на пачатак ягонай хваробы. Жылі як жылося, у маленькай старой хацінцы. Меншалі сілай і нават на дурную галаву прадалі каня.
Гэтак бягуць гады і складваюцца ў дзесяцігоддзі.
Крывая жыцця Юхі Тойвалы – а яго зноў пачалі называць Юхам – паступова пайшла ўніз; тая жыццёвая моц сярэдняга ўзросту аслабела. Калі непрадузята паглядзець на цяперашняе Юхава жыццё, дык яго можна параўнаць з доўгім глыбокім уздыхам перад старанна заслужаным сном. Але сям-там цела пабольвае, сон ніяк не прыходзіць; і яшчэ шмат разоў уздыхне чалавек, перш чым супакоіцца яго ўстрывожаная галава. А перад тым як насунецца глыбокі гаючы сон, чалавек паспее шмат разоў засмуціцца і зноў супакоіцца.
Юха прадаў каня, і грошы тут жа некуды сплылі. Апошнія пайшлі ў аптэку на лекі для Віле – засталіся вартыя жалю капейкі. А ў яго ўжо назбіралася некалькі тыдняў, неадпрацаваных з канём; дый проста неадпрацаваных дзён сабралася досыць шмат, бо адпрацаваў ён разам толькі дванаццаць, а ўжо было самае лета. Гаспадару Юха сказаў, што не знайшоў патрэбнага каня, якога хацеў бы купіць. У адказ гаспадар нічога не сказаў.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги