Стары Юр’яла памёр. Гаспадаром стаў ягоны сын Тааветці. Ён вучыўся ў земляробчай вучэльні; цяпер ён сказаў, што дамовы, заключаныя торпарамі з ягоным бацькам, для яго не абавязковыя, і ён, калі захоча, можа не прызнаць іх. Гаспадарка перайшла да яго паводле купчай дамовы, і там не было ні слова аб торпарах. Так ён сказаў, калі стаў гаспадаром, але пакуль што «прызнаваў» сваіх торпараў.
Што будзе цяпер старому Тойвалу за неадпрацаваныя дні з канём?
Нядзеля, ціхі сонечны дзень, трэцяя гадзіна. Юха Тойвала сядзіць на парозе хаціны ў адной кашулі, босы і проставалосы. На дварэ цёпла і прыемна, амаль гэтак жа сама цёпла і прыемна на душы. Немагчыма ж увесь час думаць пра тое, як недарэчна атрымалася з продажам каня, як немагчыма дакладна ведаць і пагадзіцца з тым, што ўжо болей ніколі ў яго не будзе свайго каня. Гэта зацішша, нібы перад пераменаю ветру. Лагодны, расслаблены настрой чалавека ў гадах – тут нядоўга і праслязіцца.
Час ад часу праз адчыненыя дзверы даносіцца ціхі плач хворага Віле. Рыйна падыходзіць і пытаецца, ці хоча ён піць. Хлопчыку цяпер даюць толькі ваду, каб змачыць вусны, – і болей нічога. Ён ужо даўно нічога не есць. Лекі скончыліся. Хоць яны аніяк не дапамаглі, усё ж было б лепей, каб яны былі цяпер, калі набліжаецца канец. А іх няма, і праз тое так цяжка на душы. Нічога, апрача вады. Толькі вада на вусны, і хлочык пакорліва прымае гэтыя «лекі».
Чым даўжэй Юха сядзіць, тым часцей чуецца плач Віле і голас Рыйны, якая падае яму піць. Думкі пра Кале, вінаватага ў гэтым няшчасці, не прыходзяць Юху і ў галаву, бо Кале недзе далёка ў свеце. У гэты момант ён нават не сярдуе на Рыйну. Рыйна аслабела, але нясе свой крыж без нараканняў.
Гэтая мяккая туга абуджае ў душы Юхі нязвыклае пачуццё гармоніі. Млосная прыгажосць дня гэтак жа сама ўздзейнічае на Юху, і калі ён зноў пачынае думаць пра тое, што, напэўна, зможа купіць каня, на душы робіцца прыемна і лёгка. І плач хворага Віле нібы бласлаўляе ягоны намер: здаецца, што малы просіць каня і для сябе. Ён нібыта заслужыў гэта сваімі пакутамі.
Юха ўстае. Ён яшчэ не збіраецца пайсці менавіта па гэтай справе, але нацягвае боты, апранае сурдут і выпраўляецца з сялібы. Ён адыходзіць усё далей і далей, кіруючыся ў вёску. У глыбіні душы ён ведае, што пойдзе ў Пір’ёлу, а там і вырашыць, ці варта гаварыць са старым гаспадаром аб самым галоўным, ці не. Магчыма, ён сустрэне старога дзе-небудзь каля дома, і тады можна будзе пагаварыць пра што заўгодна, калі не захочацца абмяркоўваць галоўнае.
І сапраўды, ён сустракае старога Пір’ёлу на полі з самасадам, і пачынаецца добрая гамонка аб розных справах. Стары пытаецца сваім ласкавым голасам, як там хлопчык, ці, можа, ужо сканаў? «Не яшчэ». – «Якое доўгае выпрабаванне паслаў Госпад беднаму дзіцяці». Стары ідзе дадому і запрашае Юху: «Зайдзі пакурыць». «Не, зараз не магу, мушу ісці далей», – адказвае Юха і праглынае камяк у горле.
І ён ідзе далей, так і не вырашыўшы нічога. Ногі самі бяздумна нясуць яго па пакручастай дарозе, але душа не ўдзельнічае ў гэтым руху. І гэтым нядзельным вечарам ён уваходзіць у дзверы дома, самага чужога яму ва ўсёй акрузе. Ён заходзіць у новую гасподу Нікілі ў Хар’якангасе. А калі ўжо ты заявіўся да людзей, дык кажы, па якой справе – іначай падумаюць, што ты проста здурнеў. І ён расказвае аб усім Олілаву сыну Антаа – мужчыну сталага веку. І здаецца, што Антаа не супраць паслухаць яго. Голас у Антаа Олілы зычны: напэўна, так ён загадвае парабку, якую браць збрую на запрэжку. Усхваляваным праніклівым голасам Юха расказвае пра надзвычай доўгую хваробу Віле, пра невыносна дарагія лекі і шмат пра што яшчэ. Нарэшце Антаа кажа:
– Скажу як ёсць: я ведаю што ніводнага пенні з пазыкі ад цябе я ніколі не атрымаю, а я не такі чалавек, які кідае грошы на вецер.
Жвава, як малады, ён праходзіць праз пакой, нібы шукаючы нешта, і моўчкі выходзіць вонкі. Юха таксама ўстае і выходзіць. Няўдача ніколькі не засмуціла яго. Аднак ісці назад праз кухню ён не адважваецца і крадком выходзіць у вялікія сені. Шматлікія шыбы адгукаюцца звонкім бразгатам, калі Юха адчыняе дзверы. Пакінуўшы шырокі двор, за плотам ён адчувае сябе больш спакойна і бяспечна. Але ж і далёка сёння ён адышоўся ад сваёй хаты. Ужо адчуваецца вечаровы халадок, пяшчотная чырвань свіціцца ў небе пасля такога доўгага шчаслівага дня.
На нівах вакол вёскі жыта выганяе колас, пакрытая купінамі лясная зямля пахне свежаю вільгаццю. На такой дарозе чалавек з самай прыземленай душою не можа ўвесь час думаць толькі пра свой штодзённы клопат і турботы. Не думае пра гэта і Юха. Не ўспамінае ён ні пра работу, у якую давядзецца запрэгчыся на цэлы тыдзень, ні пра тое, як набыць сабе каня. Ціхая сумота цёплай летняй ночы поўніць наваколле і абуджае ўспаміны з самай далёкай пары жыцця. Нейкае звышнатуральнае прадчуванне шчасця кружыць галаву салодкімі падманнымі надзеямі. Дома ўсе спяць, прыціх і Віле ў сваёй пасцельцы з рыззя. Рыйна прачынаецца, калі Юха кладзецца побач з ёю, і тут жа зноў засынае, імкнучыся хоць хвілінку адпачыць, пакуль спіць Віле.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги