«…павінен я паведаміць вам гаротную вестку, што любая ваша дачка Хілту заўчасна сканала: пазаўчора яна, калі стаяла месячная ноч, а гаспадыні не было дома, пайшла на возера і патанула. Дома, на другім паверсе, быў толькі сын гаспадыні. Ён якраз клаўся спаць і ні аб чым не ведаў да самага рання, калі было ўжо запозна.
Хілту пахаваюць паслязаўтра; калі хочаце – можаце прыехаць. Пані кажа, што пахавае яе за свой кошт, але заробак плаціць не будзе, бо дзяўчына працавала ў яе вельмі кароткі час, што і на хаўтуры ледзь хопіць, а я ўкладваю ў гэты ліст дзесяць марак для вас, купіце сабе што-небудзь, а ў “Народным лістку” надрукавана аб’ява аб смерці Хілту, гэта яшчэ дзве маркі, і ёсць яшчэ кароткая нататка аб тым, і хоць у вас такая бяда, але ж гэта такая доля ўсіх беднякоў – паміраць заўчасна, і вы змагайцеся за беднякоў, бо вы працаўнік, і не давайце капіталістам прыгнятаць сябе. Каарла Тойвала».
Думкі старога Юхі замёрлі, нейкі час ён не бачыў і не чуў, што адбываецца навокал яго: як прыляцела па Ійту раз’юшаная гаспадыня, пачала чытаць аб’яву аб смерці Хілту, а потым накінулася на кухарку: «Дык во дзе ты лайдачыш, толькі лынды б’еш!!! Каб такіх газет у маім доме больш не было!» Тут Юха мог бы і пакрыўдзіцца, аднак у гэты момант ён нават не заўважаў гаспадыню.
Значыць, Хілту памерла. Што гэткае здарыцца, было зразумела яшчэ тады, калі яна пакідала свой дом. Хіба гэта было не відаць з самага дзяцінства? Цяпер, калі з цьмянай далечыні ў памяці Юхі ўсплывае вобраз Хілту, яму здаецца, што адбітак смерці выразна бачыўся на дзяўчыне. Няшчасце з Хілту – вынік знешняга ўздзеяння; такое падманнае ўражанне непазбыўна застаецца ў свядомасці старога Юхі.
Ад такой навіны пачуцці Юхі зледзянелі. Гэтым разам пачуццё палёгкі і вызвалення з-пад непасільнай ношы не прыйшло. Пасля абеду ён ідзе працаваць разам з іншымі. Людзі выслухоўваюць звестку аб смерці Хілту Тойвала абыякава – на працы гэта не тэма для размоў. Ёсць і больш «мужчынскія» размовы, асабліва калі гаспадар непадалёку. У глыбіні такіх размоў ужо тоіцца «сацыяльнае пытанне». Гаспадару даводзіцца выслухоўваць і даволі калючыя намёкі. Гаспадар настойліва гаворыць сваё з выглядам чалавека, які тут самы разумны. Праца крыху ажыўляецца. Пры канцы стары Тойвала кажа нешта такое «сацыяльна» сярдзітае, што людзі не ў змозе схаваць усмешкі. Ледзь стрымліваючы сваю злосць, гаспадар кажа:
– Хутка даходзіць гэта «тэмакра-а-атый-я» да старых бараноў, быццам яе на калёсах падвозяць!
Раней такой злоснай лаянкі працаўнікі ў гэтай гасподзе ніколі не чулі. Вячэра праходзіла ў напружаным маўчанні. Людзей ахапіла ўражанне, што праца, якую яны рабілі, – гэта нешта асобнае і ад іх незалежнае, што ад яе і ад гаспадара якраз і струменілася гэтая напруга. Утварыўся трохкутнік замкнёных сіл, якія паводле значнасці сваёй непамерна пераўзыходзілі навіну аб смерці нейкай там Хілту, і параўноўваць іх было б проста неразумна.
Ад гэтай смерці не прыйшло журботнае пачуццё палёгкі. Не засталося ніякіх слядоў ад вырваных каранёў, не абудзілася жаданне замяніць страту хоць бы чым-небудзь. Юха ішоў праз лясныя нетры, змярцвеўшы душою і думкамі. Свяціла поўня, ужо крыху надкусаная з правага боку, і яе святло холадна падала на спарахнелую хатку. А сама гэта хаціна належала сённяшнему дню, і нічога ў ёй не было ад тых даўно мінулых мройных дзён. Усім сваім выглядам яна нібы спяшалася падкрэсліць, што яна такая старая і стаіць на зямлі бязлітаснага чалавека, што яна належыць гэтаму чалавеку, што ў гэтай хатцы двое дзяцей чалавечых, існаванне якіх на гэтым свеце нікога не цікавіць.
Шлях наперад вызначаны.
Раздзел VІ
Бунтаўнік
Немагчыма прыдумаць нічога болей няўцямнага, чым высвятленне таго, як ставіўся Юха Тойвала да пары народных пакут, якую пазней назвалі «гадамі прыгнёту». Пакуты Юхі Тойвалы ў той час былі не большымі, чым раней, і не заўважаў ён ніякіх асаблівых пакут у свеце вакол сябе. Ва ўсякім разе, гаспадар не пакутаваў, нажываючыся як толькі мог: дойных кароў у яго пабольшала, з дванаццаці да васямнаццаці, і два кані дадаліся. У дачыненні да парабкаў і торпараў ён стаў больш замкнёным і строгім, як кажуць па-вучонаму – патранальным.
Нельга сказаць, што гаспадар пакутаваў – асабліва не пакутаваў і Юха. Што праўда, ягонае становішча торпара стала больш няпэўным, бо ў яго не было кантракта з гаспадаром зямлі, а торп знаходзіўся ў сярэдзіне найлепшага гаспадарскага лесу. Але ў нечым былі й паслабленні. Працоўны дзень скараціўся з пятнаццаці да дванаццаці гадзін, працаваць стала куды як лягчэй; малатарня, якая спачатку працавала з ручною цягай, пазней стала рухацца конным прывадам, а пасля – і наогул паравой машынаю. Косы цяпер у гаспадарцы ўжывалі толькі тады, калі трэба было выкасіць няўдобіцу. Праўда, адна з такіх машын, сепаратар, аблегчыла і ўсё малочнае, што падавался на стол, ператварыўшы ранейшую густую сыраквашу ў пусты блакітны адгон, а былое добрае дамашняе масла – у «расліннае» вяршковае масла без аніякага смаку; людзі між сабою яго называлі «кветачкай».
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги