Калі выбухнула вялікая вайна, чалавецтва мусіла прайсці праз усе яе пакуты, каб потым узяцца за ажыццяўленне задач дваццатага стагоддзя. Людзі, душы якіх так і заставаліся ў дзевятнаццатым стагоддзі, сядзелі вечарамі ў канцы лета з газетамі ў руках і спрабавалі адгадаць, хто пераможа, у поўнай упэўненасці, што і пасля вайны ўсё будзе так, як і раней; ім было прыемна жыць у часы такой сусветнай сенсацыі. Яны думалі, што вайна закончыцца яшчэ да Калядаў, а яна ўжо каторы год усё не заканчвалася, і канца было не відаць; вось тады яны пачалі міжволі непакоіцца, прыйшло прадчуванне, што ваенная перамога не пакладзе канец пакутам, што потым будзе яшчэ шмат новых выпрабаванняў. Перыяд бесперапыннага бразгату зброі ператварыўся ў час напружанага чакання спакою і літасці, але тут выявілася неверагодная акалічнасць, што ў час жахлівай бойні і незлічоных чалавечых ахвяр настрой у людзей менш сур’ёзны, чым у мірны час: яны і ў час патопу жылі так, як – паводле паданняў – людзі жылі і да таго. Тыя ідэі ды ідэалы другой паловы мінулага стагоддзя, якія былі змайстраваны ў перапынках паміж аферамі, аказаліся нікчэмнымі паперкамі, запэцканымі чарніламі. Шкада і балюча было глядзець на людзей сталага веку, якія раптам апынуліся сярод абломкаў былых ідэалаў; балюча таму, што яны шчыра верылі ў іх. Моладзь была больш шчаслівая, бо ніколі і не верыла ў тыя даўнія ідэалы. Яна блукала па прасёлках, ладзіла танцулькі ў сваіх хаўрусах, а некаторыя маладыя людзі патаемным чынам некуды знікалі. Наогул, моладзь жыла адным днём.
Тут раптам грымнула з усходу. Шмат якія фіны ўлавілі ў тых грымотах ледзь чутнае адценне расчаравання. Раней мы будавалі ўмацаванні ды займаліся рознымі даходнымі справамі, а вось што рабіць зараз? Сабраўшыся з думкамі, народ схамянуўся і паспяшаўся паказаць адданасць вялікай імперыі. У знак адданасці людзі абменьваліся пацалункамі і подпісамі, і гэтага ніхто не забараняў – свабода ж слова! Шкадавалі юнакоў, якія зніклі, каб тварыць дзеі, незаконныя з гледзішча фінскай канстытуцыі. Вернасці і адданасці хапала, аж пакуль да ўлады не прыйшлі бальшавікі. Спачатку гэта палічылі дзяржаўным пераваротам, потым прызналі яго законнасць, а потым усё часцей пачалі гаварыць аб незалежнасці.
Недзе там, у глухім закутку фінскай зямлі, жыве і Юха Тойвала; у гэты вялікі час ён актыўна творыць гісторыю для свайго народа.
Канец мая, цудоўнае ранне, ад зямлі і расліннасці струменіцца чароўны водар, на ўзбочынах дарог сям-там пракідаюцца жоўтыя кветкі. Вочы Юхі Тойвалы на зарослым неахайнымі валасамі твары блішчаць энергічна і дзелавіта, калі ён падыходзіць да вёскі са сваёй адагрэтай вясновым цяплом глухамані. Ён выглядае памаладзелым гадоў на дзесяць. Цяпер, калі блізіцца лета, ён адчувае сябе больш упэўнена і бяспечна, дый наогул жыццё – гэта выдатна! І так прыемна ўвесь дзень хадзіць палямі! Але сёння ён ідзе не на адпрацоўку, а да Рынэ.
Недзе ранняй вясною Юха пайшоў у царкву якраз у той дзень, калі ў сяле адбывалася пахаванне герояў рэвалюцыі. Адусюль сыходзіліся людзі, над шчыльнымі калонамі луналі чырвоныя сцягі. Юха апынуўся на скрыжаванні дарог каля Куўскоскі ў той час, калі міма праходзіла калона фабрычных рабочых. Хтосьці з калоны сярдзіта скамандаваў яму стаць у шэрагі дэманстрантаў. «Ведаю я сваё месца!» – агрызнуўся Юха і стаў у калону. Перад ім ішоў хлопец з чырвонаю шыяй, каторы закамандаваў Юху стаць у калону. Юха глядзеў на яго і думаў: «Ці не занадта ты, браце, сябе ўзносіш; не адзін ты такі разумны!» Яны прыйшлі ў Дом моладзі і пачалі сход. Некаторыя паны ў сяле павывешвалі бела-сінія сцягі, і тут цяпер абмяркоўвалі, што з імі рабіць. Усё яшчэ раздражнёны ад таго, што нехта наважыўся ні з таго ні з сяго аддаваць яму загады, Юха ўпершыню ў жыцці ўзяў слова для выступу. Усе глядзелі на яго, і Юху спадабалася такая ўсеагульная ўвага. Прамова ягоная атрымалася кароткаю, і там не было ні слова пра справу са сцягамі, але Юху тут жа абралі ў камітэт, які павінен быў здымаць бела-сінія сцягі. Старшынёй камітэта абралі таго самага хлопца з чырвоным каркам з Куўскоскі, але Юха лічыў, што ён старэйшы, і зноў выступіў з прамоваю. І прамова гэтая не была пустой балбатнёю. Потым, калі паны ў сяле згадвалі падзеі таго дня, яны пыталіся:
– А хто гэты калматы дзед? Во ўжо абадранец галаштанны!
Так Юху Тойвалу па-сур’ёзнаму падхапіла імклівая хваля грымотных часоў, і ён аддана заставаўся на сваім месцы аж да самага канца. Вяртаючыся дамоў лясной дарогаю, Юха злаваўся. Ён успамінаў усе твары, якія давялося пабачыць за ўвесь дзень як на сходзе, так і ў паноў. Ён адчуваў заўсёднае раздражненне. Ён і сам добра ведае, што рабіць, без усялякіх там указчыкаў.
– Што гэтыя людзі разумеюць у дэмакратыі?! Не патрэбны мне іхнія парады!
Як і тысячы разоў перад тым, паказалася хата. «Хай і не думае выгнаць мяне з хаты, – падумаў Юха, і ўпершыню за шмат гадоў у ім ажыла слабая надзея на будучае. – Во і зіма прайшла…»
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги