Аднак гісторыя ўсіх слаёў фінскага народа дагэтуль поўная трагізму – трагізму незвычайна вытанчанага і нават адмыслова вычварнага. Лёс не забіваў нас, а паддаваў няспыннаму павольнаму катаванню. Вось ён прыгравае нас на сонейку, а калі мы дажываем да таго, што і самі не ведаем, каго б толькі прыняць у свае абдымкі, як гэты ж самы лёс бязлітасна даводзіць, што папраўдзе ён не меў нічога сур’ёзнага, што гэта была наша ілюзія.
Зіма, снежань. Завірухі, маразы, празрыстыя зорныя вечары, калі ў лясной цішы час нібы спыніўся і прыслухоўваецца да ўсяго, што адбылося за апошнія дзесяцігоддзі; шолах галінкі, якая ціха падае ў снег, падаецца спакойным дыханнем сярод боскае цішыні. Такімі былі зімы на працягу дзесяцігоддзяў, і людзі ездзілі па вузкіх санных дарогах пад заснежанымі ляснымі шатамі. І яны пакаленнямі спрычыняліся да гэтай боскасці прыроды.
Так было раней, але цяпер ужо ўсё не так.
Цяпер наўрад ці хто заўважае, што ўжо надышла зіма: зусім жа нядаўна быў лістапад, калі ўціхамірылі гвардыю лахтараў. І ўсяго толькі тры тыдні, як перасталі плаціць падаткі. Вырашылі таксама не плаціць і царкоўныя пошліны. Не час торпарам сядзець па дамах. Дома, у самотных хацінах, цьмянымі зімнімі днямі іх падсцерагае старадаўняя сонная цішыня, але зараз так не пойдзе. І людзі міжволі пазбягаюць таго. Што там навырашае парламент? Ці не збіраюцца буржуі ўзаконіць гвардыю лахтараў? Тады настане пара падняцца і нашым хлопцам. Што нам той парламент? Мы прайгралі на выбарах, ну і што з таго? Халера з імі, з гэтымі выбарамі! Наогул, увесь той парламент – чыста бабская забава, а буржуі там заўсёды заадно, ім усё роўна, прайгралі мы ці выйгралі. Хай сабе рабочыя і стануць большасцю ў парламенце, усё адно гэта нічога не вырашыць да той пары, пакуль існуюць буржуі і ключы ад свірнаў з хлебам вісяць па сценах у іхніх дамах. Што нам да тых парламентаў ды большасці! Мы ім пакажам, у каго большасць. Калі спатрэбіцца, дык нас абавязкова будзе больш.
Гэта ўсё нагадвае дзень нараджэння, калі раптам які-небудзь зухаваты дзяцюк, пусціўшыся ў скокі, не ўпадабае столікі для кавы ці яшчэ якую мэблю. Тады ён пачынае задзірацца і лезці ў бойку.
Юха Тойвала цяпер не надта рупліва займаецца сваёй гаспадаркаю, бо Лемпі ўжо чатырнаццаць гадоў і яна добра спраўляецца з доглядам каровы, асабліва цяпер, калі карова цельная і даіць яе не трэба. Дзесяць гадоў мінула з таго вялікага лета смерці, калі ён хадзіў да родзічаў у Туарылу. Гэта было лета старадаўняга чыну, бясконцае, поўнае засушлівага шолаху. Юха больш не ўспамінае нябожчыкаў, яшчэ менш ён думае аб сваіх знатных сваяках, бо ўсё гэта не мае ніякага дачынення да падзей сённяшняга дня. Зараз на чарзе пытанне торпараў, аб чым больш за ўсё гамоняць людзі, і пытанне гвардыі лахтараў. Юха сядзіць у якіх-небудзь знаёмых і пранізлівым голасам «вяшчае». Увечары ён ідзе дадому, стомлена пазяхае і наўрад ці аб чым-небудзь думае яшчэ. Хаціна з ложкам і розным рыззём за доўгія гады набыла зусім іншы выгляд. Раней у ёй жыла нястача, а цяпер пануе сапраўдная галеча: са шматлікіх дробных рэчаў знікла ўся ўтульная «хатнясць», і цяпер хата нагадвае памяшканне для парабкаў у вялікай гаспадарцы, дзе бессаромна пануе пахабны дух падзёншчыкаў, нанятых на кароткі час проста з вялікай дарогі. Можна было б падумаць, што гэта ўсё толькі прыдумка, каб не адзін важны відавочны факт: вошы. Яны ўжо завяліся ў хаце Юхі Тойвалы. І ў пасцелі, дзе завяліся вошы, больш не заводзяцца вячэрнія мары. Вош не бязмозгая і не выпадковая істота, і зусім неабавязкова заводзіцца яна ў брудзе, як гэта звычайна думаюць. Яна можа і не завесціся ў старой бядняцкай хатцы, затое абавязкова з’яўляецца там, дзе чалавек даходзіць да поўнай жыццёвай знямогі: у акопах на фронце, у памяшканнях для парабкаў ды іншых цесных прытулках працоўнага люду.
У Тойвале цяпер пануюць нястача і галеча. Увосень Юха не змог трапіць у хаўрус, які купляе для сваіх членаў харчы; хлеб выдаецца па картках у царкве за паўтары мілі ад ягонай лясной хаты. У Тойвале часта галадаюць цэлымі днямі, з харчоў маецца толькі бульба ды салёная вадзіца з-пад салакі. Часцей за ўсё Лемпі і Марці ядуць адны, бо Юха амаль не бывае дома, часам нават і не начуе. Дзве схуднелыя істоты з тонкімі шыямі і запалымі вачыма неяк яшчэ зберагаюць сваё жыццё. Змарнелыя і да ўсяго безуважныя, яны сядзяць у лядашчых лахманах як жывое ўвасабленне галечы. Яны не ходзяць у народную школу, не праходзяць нават школу жыцця.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги