Калі ў старога селяніна ёсць жонка, хай сабе і лядашчая, ды падрастаюць дзеці – іначай кажучы, сям’я і сякая-такая гаспадарка, – дык якой бы цяжкаю ні была ягоная ноша, усё ж ён жыве, жыве сапраўдным жыццём, хай сабе і бедным, і аднастайным, і бяздумным, але жыве. Ён нібы і не заўважае сваёй ношы: здаецца, што яна звалілася з плеч і не трэба цягнуць яе далей. Але аднойчы наступае такая ноч, калі чалавек заўважае, што несці далей ужо няма чаго. Смерць апошнім часам шчодраю рукой надзяліла яго палёгкаю. Але тут палёгка ператвараецца ў цяжар. Пустата, халодная, прынесеная вызваленнем пустата, пасяляецца ў ім, а потым па ўласным жаданні ён напаўняе пустую прастору сваёй душы навязлівымі думкамі, і гэта для нязвыклага чалавека – цяжкая рана. Калі вялікае пачуццё свайго гнязда знікае, замест яго выступае безліч мітуслівых драбніц і нікчэмнага клопату. Такія цяжкія думкі прыходзілі і раней, калі даводзілася ў самоце адольваць вялікія адлегласці. Але тады па-над усім знаходзіліся жонка, дзеці, карова – карацей, свая гаспадарка і свой дом. І дом гэты быў цэнтрам існавання і жыцця, і ніякія няшчасці не маглі знішчыць яго. У ім ратавалася ад навалы ўся сям’я, і Бог жыў у гэтым месцы. А цяпер гэтага ўратавальнага цэнтра жыцця няма, неабсяжны чужынскі свет пранік ва ўласнае «я», і тыя дзеці, што спяць уначы, быццам сплываюць некуды ўдалячынь: дробязнае стала істотным.
У начных роздумах Юхі падсвядома нараджаецца жаданне часцей бываць у кампаніі іншых людзей. Гэтая апусцелая хата больш не ўспрымаецца як роднае гняздо, і Хілту сюды болей ніколі не вернецца…
Прыкладна тады ў Юхі Тойвалы пачала праяўляцца адна новая рыса: ён надоўга затрымліваецца ў вёсцы, заходзіць у знаёмыя дамы і гадзінамі вядзе гаворку аб сім-тым. Ён крытыкуе парадкі, якія пануюць ва ўсім свеце, і тады ягоны голас робіцца пранізлівым і амаль злосным. У ягоных прамовах выразна прысутнічае злёгку грэблівае адценне ў дачыненні да «звычайных» дэмакратаў; ён сам, сваім розумам дапяў да ўсяго, і ён зусім не такі… А часам у ягоных прамовах чуюцца словы: «…як казаў наш Збаўца…»
– Стары Тойвала зноў палову дня прарочыў, – кажуць кабеты пасля таго, як ён сыходзіць.
Вяртанне дадому пасля такіх доўгіх палымяных прамоў робіцца для Юхі бязрадасным як ніколі. Ідучы па лесе, ён адчувае, што на ім вісіць невядома які праклён, і таму ён абавязаны бясконца займацца чужымі справамі для чужых яму людзей. Гэта таксама выклікае непрыемнае пачуццё, бо паводле існасці натуры сваёй ён ніколі не любіў людзей. Напружваючы ўсе сілы, ён з самага маленства мусіў цярпець іх прысутнасць вакол сябе. А ўсе тыя людзі, якія толькі ёсць на свеце, бедныя ці багатыя, ніколі не зрабілі яму нічога ні дрэннага, ні добрага.
Праўду кажучы, выступаць за любую ідэю (Юха прамаўляў: «За ідзелу») супярэчыла ўсяму складу Юхавай натуры. Аднак у чалавечым характары жывуць і змагаюцца дзве супрацьлеглыя сілы, і вось дзякуючы папярэднім падзеям адна з іх робіцца неадольнаю і цяпер змушае яго хадзіць па хатах і талкаваць парабкам, што такое «дэмакратычная ідзела». Гэтая неадольная сіла жыве ў ягонай душы побач з разуменнем таго, што дома холадна і больш ніколі не будзе цёпла. Яму ж проста неабходна знайсці тэму спрэчкі з людзьмі. І ў гэтых «ідэйных» гаворках ён ніколі не пагаджаецца ні з кім. У адказ на самыя відавочныя факты аб дэмакратыі ён заўсёды знаходзіць свае, даволі цьмяныя, довады, пра якія суразмоўца не меў уяўлення, калі, не надта задумваючыся, прыводзіў тыя факты, і толькі пасля доўгай спрэчкі можа пагадзіцца. Старому Тойвалу абавязкова трэба «прарочыць».
І ён прамаўляе казані, як «прарок», доўгія гады тупаючы нагамі на адным месцы, а тым часам рабочы рух Фінляндыі ідзе наперад пад кіраўніцтвам моладзі ў накрухмаленых каўнярах. Юха не верыць «крухмальным каўнярам»: гэта для яго чужаніцы; ён лічыць, што ўсе яны стараюцца толькі дзеля таго, каб як мага болей напоўніць свой кашэль. А калі які-небудзь «крухмальны каўнер» чуе Юхавы казані аб дэмакратыі, дык глядзіць на гэтага недалужнага «прарока» з грэблівай спагадаю. Так мінаюць гады.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги