– У старыя часы лічылі, што праўда, а як зараз, я і не ведаю, – Тоня, па завядзёнцы, зірнула на Хрысціну, ці будзе ёй дазвол, а тая, як заўсёды, кіўнула і сама ўладкавалася зручней. – А было гэта так. Пайшоў кум у лес праз жыта. А нам малым заўжды казалі, што ў жыце русалкі сядзяць, каб мы туды самі не хадзілі.
– І правільна казалі, каб жыта дарма не трусілі ці, як цвіце, пыльцу не аббівалі, – улезла Вольга, але на яе адразу шыкнулі.
– Ідзеш так па жыце і чуеш: «Гу-у-у». Абернешся – і толькі мільгане ўдалечыні белая пасмачка валасоў, а па каласах – быццам хвалі пайшлі. Бяжыш тады дахаты што ёсць моцы, бо як спаймае цябе русалка, то заслакоча да смерці. Маці казала, што бачыла твар дзяўчынкі, якая памерла ад рогату – застылая ўсмешка, бы з гліны вылепленая. У той час шматдзяцей памірала – не засцерагліся русалак. А што ім рабіць, гаротніцам, як сваіх дзетак не было, вось яны і цягнулі малечу да сябе.
Калі я падрасла і жытам хадзіла, то чула, як нехта мяне то па плячы, то па назе пагладзіць – што той каласок казыча. Тады я пачынала казаць… – зірнула на Хрысціну і перанялася. – Словы адмысловыя прамаўляла ды ішла сабе, ніхто да мяне падступіцца не мог.
А дзед мой распавядаў, як аднойчы злавілі ў вёсцы яго кума русалку. Яна ў барану ўшчамілася, што і не ўцячэш. Тады той дзядзька прывёў яе да сябе на двор і папрасіў жанок, каб паказалі ёй, як працаваць. Як шыць, як за быдлам хадзіць, як прасці, як ежу гатаваць. А такая яна разумная была, – толькі раз пакажаш – і адразу навучылася. І так яна ў яго працаваць і засталася. Казаў, што карміць яе не трэба было: харчавалася параю, што над гаршкамі ўецца. А як год мінуў, прыйшоў граны тыдзень, яна затанцавала, загуляла дый назад да сваіх у возера пабегла. Так і не бачылі яе больш.
– Глядзі ты, бедная жанчына, і яе прыпахалі, – пашкадавала Вікенцьеўна, і хата зарагатала. – Яшчэ крыху, і я парай навучуся харчавацца. Напэўна, вярнулася да нячысціка, бо ён яе лепей корміць.
І толькі сказала, як бразнулі дзверы – у хату зайшла Альжбэта, і адразу горка запахла палыном і салодка – медуніцай.
– Як пра чорта, ён у дзверы, – гэта Вікенцьеўна сказала так ціха, што пачула толькі Марыля.
– Прабачце, жанчыначкі, што на сход не паспела, справы былі, – Альжбэта даўно не заходзіла туды, дзе збіралася грамада, і ўсе здзівіліся нават болей, калі яна села побач з Ядзяй, каб застацца. – Чую, вы тут пра русалак размаўляеце, то мо і я пра сваё распавяду.
– Распавядзі, канешне, распавядзі. Пра сваіх.
– І зноў ты, Вікенцьеўна, пляткарыш. А ты завітай да мяне, і табе якога вадзяніка прысушым.
Усе ізноў зарагаталі, толькі Ядзя чамусьці пачырванела і пачала разглядаць газету, якую прынеслі на сход з хатычытальні.
– А што, і раскажу, – Альжбэта ўзяла кубак і зачарпнула сабе ўзвару, што стаяў каля печы. – Русалкі толькі пасля гранай нядзелі па зямлі ходзяць, а датуль у вадзе сядзяць. Канешне, калі не паклікаць, – зрабіла глыток. – Як я яшчэ далёка адсюль жыла, была ў мяне сяброўка. Адзіная. На ёй і скончылася маё сяброўства: зразумела я, што не ўтрымаеш на гэтым свеце нікога, хаця б і ў ногі кідалася і каменем вісла – забяруць у цябе тое, што любіш, таму лепей і не любіць, каб сваю сілу дарма не марнаваць.
Жылі мы побач з вялікім возерам, такім чыстым, што на некалькі метраў пад вадою было відаць, як калыхаюцца водараслі – казалі старыя, што то русальчыны косы. Сяброўка смяялася, калі маці яе палохала: русалкамі становяцца дзяўчаты, якія праз каханне топяцца. А я ўжо тады ведала, з чаго можна смяяцца, а з чаго нельга, толькі яна мяне не слухала.
І з’явіліся ў нашай вёсцы салдацікі, маладзенькія, вясёлыя. А адзін весялейшы за іншых: «Пойдзем, – казаў ёй, – мая красуня, да возера. Хачу паглядзець, што глыбейшае: яно ці твае вочы». А ёй і справы няма: яна ж найпрыгажэйшая ў нас была – вочы, як вішні, і валасы доўгія, чорныя. Так і цягаўся за ёй паўсюль, яна нават пыталася ў мяне, ці не прысушылі яго. А я толькі бачыла, як пацямнелі яе срэбныя завушніцы. Толькі не слухала яна мяне.
І вось аднойчы яна знікла – пайшла ў жыта і не вярнулася. Бацькі і сваякі яе паўсюль шукалі, я па палях бегала, а ранкам пайшла на возера. І ўбачыла, як глыбока-глыбока на дне калыхаюцца чорныя валасы.
Як даставалі, то вяроўку рэзалі, бо да нагі быў камень вялізны прывязаны.
І гэты там стаяў, сумны нібыта, і казаў, што навошта яна праз яго тапілася, бо ён жа яе кахае.
Так сяброўка мая русалкаю стала.
Толькі і салдацік той не доўга пажыў. Знайшлі ягоранкам на шляху, усяго збітага, скрываўленага. Вакол – вялізнае кола абведзенае. У коле – толькі сляды яго ботаў, а па мяжы – безліч дзявочых босых ног: не маглі, значыць, тыя ногі мяжу пераступіць.
Толькі не ведаў ён, штозамаленькае кола намаляваў: калі ад русалак малюеце, малюйце такое, каб нічым не дакінуць было. А на грудзях ягоных той камень ляжаў, самы вялікі. Русалкі ж надта моцныя. Мацнейшыя за мужчын.
Альжбэта паднялася і наблізілася да акна:
– І я з таго часу мацнейшая стала. А калі якая з вас хоча таксама мацнейшай зрабіцца, то прыходзьце.