Грымнула найцяжэйшая гармата. Гэта быў сыгнал. І, як кажа адзін наш мовавед «ударыла й пашла маква»… За гэтай гарматай зараўло больш за тысячу іншых: цяжкія, лёгкія, супрацьпанцырныя, супрацьлятунскія, мінамёты цяжкія, мінамёты лёгкія. Усё біла па пазыцыях праціўніка: далёкабойныя гарматы білі па далёкіх становішчах артылерыі, якія знаходзіліся 30 кілямэтраў ад пляцу бою, іншыя вальцавалі ўвесь пляц, на які мы мелі наступаць. Зямля дрыжэла пад нагамі, зямля гарэла, а ў паветры вылі мільёны д'яблаў. («Земля тряслась, как наши груди» — Лермантаў, «Бородино»). Барадзінская кананада, у параўнаньні з монтэ-касынскай, была мініятурай. Мелася ўражаньне, што глядзім у нейкі жудасны, вялізарны пякельны кацёл, дзе ўсё гарыць, кіпіць, пераварачваецца…
Колькі тонаў зялеза змарнавалі падчас гэтай кананады — цяжка сказаць, і, здаецца, ніхто гэтага не рахаваў. Гэтая навала згодна з плянам трывала 40 хвілін. Мы назіралі яе, як глядачы з лёжы нейкага макабрычнага тэатру. Нават заўзяты пэсымісты дзядзька Лукаш крыкнуў:
«Дык мы-ж пойдзем як нож у масла! Пасьля гэтага там застанецца толькі кучка смуроду!..»
Валодзька Мацкевіч глытаў вачыма гэтую сцэну. (Ён-жа хацеў быць героям). Таму сказаў з тонам расчараваньня:
«Там нам нічога ня будзе рабіць».
Памыліліся, нажаль, абодва. Засталося ўсё, а работы было шмат зашмат: восем дзён крывавіцца й паміраць.
Нехта можа паставіць пытаньне: як пасьля такой навалы там нехта мог застацца жывы? Зусім проста. Кажуць: «Хіцёр Зьміцёр, але й Саўка ня дурны». Немцы ведалі, што бяз артылерыйскага падрыхтаваньня ніхто ня зможа штурмаваць, таму мелі пабудаваныя сховішчы на адхонах — «мёртвых полях», куды не магла дастрэліць ні артылерыя, ні мінамёты. Вось-жа адразу, як артылерыйскую навалу перанесьлі на далейшыя пазыцыі, яны папаўзьлі ў бункеры. Пры гэтым бункеры былі моцна збудаваныя й замаскаваныя, на іх быў пакладзены дэтанацыйны пласт каменьняў, на якіх гранат разрываўся. Пэўна-ж глушыў жыхара бункера, але вялікай шкоды яму не рабіў. Проста змарнавалі сотні тонаў волава й зялеза.
Гарматы малацілі камяністыя горы дакладна, колькі прадбачвалася паводле пляну. Пасьля перанесьлі агонь на далейшыя аб'екты.
Немцы адбрэхваліся слаба. Ашчаджалі амуніцыю, якая ім пазьней прыдалася. Яны толькі фарамі й ракетамі асьвятлялі поле, што яшчэ павялічала макабрычнасьць відовішча.
Але затое, калі нашая артылерыя перанесла агонь далей наперад — слова ўзяла нямецкая артылерыя й мінамёты.
Сьвісток. Наперад пабеглі на чале з афіцэрамі два патрулі разьміноўваць поле й трасаваць сьцежкі. За імі мелі йсьці мы. Але ўзьніклі праблемы: папершае магнэтычныя йголкі сапэраў павар'яцелі, бо ўсё поле засыпанае зялезам, падругое Немцы ўжывалі драўляныя міны, на якія не рэагуе магнэс. Жаўнеры з гэтых патрулёў узялі штыкі й імі пачалі наколваць грунт, ды шукаць мінаў. Але працавалі яны нядоўга. На іх рынулася стыхія артылерыйскага агня з усіх чатырох старон. Абодва патрулі былі выбітыя.
Чытач можа выказаць сумлеў: як гэта так, што Немцы стралялі з чатырох бакоў?
А вось-жа так было.
Абедзьве арміі: 5-я амэрыканская й 8-я ангельская ўлезьлі ў даліну ракі Ліры й Рапідо не здабыўшы гораў справа. А якраз там былі становішчы нямецкай артылерыі, якая біла нас ззаду. Найгорш нам дакучалі гарматы з Бэльмонтэ, Атінэ й Цыфалько, якія білі якраз ззаду. Стваралася дэпрэсыйнае ўражаньне, што нас выбівае нашая артылерыя. Выявілася, што не. Тут наша артылерыя працавала прэцызыйна. Найгоршыя былі нямецкія гарматы на танках. Яны нас малацілі з аднаго месца, іх засеклі, г. зн. выкрылі. Туды йшла навала нашай артылерыі, ляцелі самалёты, але іх там ужо ня было: яны пераехалі кілямэтар далей і схаваліся ў кусты. Праз пару хвілін стралялі далей. І гэтак паўтаралася забава п'яных расейскіх афіцэраў у «Куку»…
Але вяртаюся да тэмы.
Нашыя гарматы перанесьлі агонь на далейшыя пазыцыі. Пабеглі трасуючыя патрулі. Іх выбілі.
Трэба было ўставаць і йсьці. А як цяжка ўставаць, ды бегчы пад град зялеза й волава!.. Найгорш, як падняць жаўнераў. Яны пераважна нестраляныя. Нейкі дзядзька спад Баранавіч ці Вялейкі ня быў зацікаўлены ў спрэчцы Гітлера з Рыдзам-Сьміглым і таму ў яе ня ўмешваўся. А цяпер ён апынуўся пад лявінай волава.
— Хлапцы, наперад! Хто залягае — той гіне! Наперад!..
Аднак наперадзе стыхія артылерыйскага агню й сьмерць.
Усё-ж такі бальшыня пабегла. Па дарозе мы бачылі, што трасуючыя патрулі, якія мелі нам белымі йстужкамі вызначаць дарогу, выбітыя, а іхныя белыя йстужкі вісяць як кішкі на паламаных дрэвах. Нямецкая артылерыйская навала разьмяла ўсё.
Бяжым у няведамае, дзе ў паветры равуць чэрці, а зямля ўзрываецца пад нагамі. Тут, калі чалавек наступіў на міну, ён бяз кішок і іншых падрабаязгаў пераяжджаў на другі сьвет.
На вузкім адрэзку акцыі нашага корпусу было зашмат войска, таму й страты былі вялікія. Плошча была асьветліваная фарамі й ракетамі. Артылерыя й мінамёты былі ўстраляныя. Кожны мэтар зямлі быў зьмераны, кожнае міннае поле было абаранянае з бункераў.