І там знайшоўся калекцыянэр гадзіньнікаў. Адразу свой свайго пазнаў і на піва пазваў.
Такім чынам, два спэцыялістыя, якія прыпадкова сустрэліся, падпісалі непадпісаны саюз, што залатога «Лёнжына» мусяць здабыць. Але як? Удзень нельга варухнуцца — страляюць. Ну што-ж, пачакаем да начы… Калі-ж сьцямнелася, абодва пайшлі на паляваньне. Не пайшлі, а папаўзьлі. Адзін справа, другі зьлева. На бункер, па залатога «Лёнжына».
Паляваньне скончылася трагічна для аматара і ўласьніка сямі гадзіньнікаў: атрымаў кулю ў пераносіцу і з сваімі гадзіньнікамі застаўся ляжаць. Затое камандос, які поўз справа, разьбіў бункер і… запраўды здабыў залатога «Лёнжына». Аднак ён сумленна дапоўз да трупа свайго супольніка й забраў усе гадзіньнікі зь яго кішэняў. Тады ён дапоўз да камандзера дружыны забітага й аддаў яму ўсе гадзіньнікі, якія забраў зь кішэняў забітага, з тым каб іх разьдзялілі сярод ягоных прыяцеляў… Выявілася, што гадзіньнікаў было зашмат, каб абдзяліць усю дружыну. Рэч зразумелая, што камандос залатога «Лёнжына» забраў сабе, што яму слушна належылася.
Дарэчы прыгадаць, што гэты камандос быў страляны на розных франтох. Вось-жа ў першых сутычках на Сангро ён быў лёгка паранены. Якраз тады наш корпус наведваў галоўнакамандуючы польскай арміі генэрал Саснкоўскі. Ён таксама зайшоў у шпіталь, дзе ляжаў гэты камандос (прозьвішча не памятаю).
Генэрал пытае:
— Цяжка табе?
Камандос адказвае:
— Не, Водзу. Рана загоіцца, але мне, сукіны сыны, струшчылі гадзіньнік маркі «Омэга».
Саснкоўскі яго пацешыў, што ён атрымае рэкампэнсату.
І атрымаў. Аўтэнтычны гадзіньнік маркі «Омэга».
Тыя, што зналі гэтага камандоса, цьвердзілі, што ён ніколі ніякага гадзіньніка ня меў. Але што значыць камандос…
Цяпер вернемся да маёра Станьчыка (тады быў маёрам).
Батальён ідзе ў атаку. Жахлівы агонь. Жаўнеры прыляглі. Каму хочацца атрымаць валавяную цукерку? Раптам зычны, моцны голас Станьчыка: «Хлопцы, будзе добра! Я ў г…. ўлез». І запраўды. Станьчык пад агнём стаіць і паказвае свае чаравікі. Гэтак званы «корпус дэлікці» неаспрэчны.
Забабоны кажуць, што, калі гэта чалавеку здарыцца, у гэты дзень яго сустрэне шчасьце. Я ў гэта ня веру, бо калі-б так было, дык кажны дзень раніцой некаторыя людзі беглі-б шукаць гэтага шчасьця, хаця гэта й ня духмяна, не эстэтычна.
Аднак жарт памог. Жаўнеры набралі бадзёрасьці. Калі «стары» (а так кажнага камандзера завуць навет старэйшыя ад яго) гэтак жартуе пад градам волава — значыцца ня так блага.
Аднак і ня добра.
Батальёны заляглі ў розных ярах і ямах. Людзі галодныя й без вады, якую толькі можна данесьці ўначы і то ў сьмярдзючых бітонах. Цяжэй раненых эвакуавалі, лёгка параненыя ня хочуць выходзіць.
Мантуецца новы наступ. Паехала экіпа вербаваць ахвотнікаў з базаў. Змантавалі запасны батальён з кухароў, пісароў ды іншых адміністратараў. Знайшлі і камандзера батальёну — бугальтара-прафэсыянала капітана Шамоцкага. Гэтыя «швэйкі» мелі ратаваць палажэньне. На шчасьце да гэтага не дайшло.
Ляжым у логаве і, як параненыя зьвяры, дыхаем.
Няцяжка сабе ўявіць, як мы пачуваліся: разьбітыя, пакалечаныя, скрываўленыя, — лежачы ў калдобе, якая шумна называлася «ярам», і залізваючы раны. Давесьці ежу й ваду — трагічная праблема, бо Немцы ўначы сыстэматычна артылерыяй і мінамётамі малоцяць адзіную артэрыю — дарогу сапэраў і ўсе магчымыя праходы, кудой могуць прайсьці мулы. Ляцелі ў протхлю джыпы й бедныя мулы, якія ня мелі ніякай ахвоты браць удзел у гэтай бязглуздай вайне. Праўда, ніхто ня пытаўся іхняй згоды. Пасьля бітвы ў раёне Монтэ-Касыно паставілі некалькі помнікаў розным героям. Ніхто не падумаў аб мулах і кіпрыйскіх мулаводах. А яны шмат спрычыніліся да выйграньня монтэкасынскага штурму.
Ляжым. На першы погляд палажэньне безнадзейнае. Батальён фактычна выбіты. Засталося некалькі афіцэраў і пара дзесяткаў жаўнераў. Зь нешта дваццаці падхаронжых — абсальвэнтаў афіцэрскай школы — ніводнага. Пазьней пачалі адусюды зьбірацца, што зь бяды можна было згарусьціць дзьве маленькія роты. А тут згары прыходзіць загад: «кансалідавацца й рыхтавацца да наступнага штурму». Палкоўнік, сам паранены, чухае сівую патыліцу: з чым пайсьці ў наступ і як падняць здэпрымаваных жаўнераў? Ён некалькі разоў у дзень скліквае нарады афіцэраў, сам ходзіць сярод жаўнераў і гутарыць зь імі. За ўсякую цану падняць баездольнасьць батальёну. Але як гэта зрабіць? Жаўнеры сядзяць, або ляжаць, прыляпіўшыся да скалаў, і апатычна слухаюць нашыя прамовы. Трэба зразумець псыхалёгію разьбітых жаўнераў. Жаўнер заўсёды ў наступ ідзе бадзёра, не зважаючы на магчымасьць сьмерці, але адступае з дэпрэсіяй.
У дзень пражыць сонца, ноччу пацягвае халадком і салаўінай экстраваганцыяй, што яшчэ павялічае дэпрэсію. Аб коўдрах няма сэнсу й марыць. Хаця-б давезьлі біф і ваду — навет у сьмярдзючых бітонах. Чалавек моліцца за сваю сям'ю, прыяцеляў — мы маліліся за мулоў і мулаводаў, каб яны дайшлі здаровыя да нас.
Навет сямнаццацігадовы Валодзька Мацкевіч страціў ахвоту быць Напалеонам. На праклятай гары застаўся назаўсёды ягоны равесьнік і прыяцель Юрка Ясінскі. Пытаюся ў яго: