— Увогуле каларыт нашага тагачаснага віцебскага жыцця — таксама штосьці асаблівае, унікальнае. Крывыя хаткі і гарбатыя вуліцы, крамкі... Вось у Шагала ўсё гэта ёсць. Мне з даўніх год ягоная карціна помніцца: на фоне такой вулачкі, здаецца, позна ўвечары — ён і яна. Ён ідзе, а яна ляціць над ім, па-над дамкамі. Ад шчасця — так я разумела... А шыльды якія былі! «Емінны гандаль». Ну, як лічыш, што такое? Цяжка, відаць, здагадацца.
— Гандлююць нечым, значыцца...
— А «емінны»? Аказалася — ад слова «ем»: тое, што можна есці. I якая гэта была мова? Яўрэйская, беларуская? Але так было напісана. Гаспадыня звала нас піць чай: «Стэфані Міхайлаўна, таварыш Станюта, ідзіце піче цай!» А ў глыбіні кварталаў двары пераходзілі адзін у аднаго, і каб людзі ведалі, дзе і што ім шукаць, вісела такая шыльда: «Портной Вайпрупес живот позади». Зразумеў што-небудзь?
— Не.
— Азначае, што «портной» гэты жыве недзе ў апошнім двары, ззаду. I нашы хлопцы — Аляксандр Ільінскі, Мікола Міцкевіч — іншы раз увечары непрыкметна перавешвалі шыльды: булачніка на месца шаўца ці наадварот. Весела было... Падчас апошніх гастроляў у Віцебску наш Віктар Манаеў спытаў у галоўнага, мовіць так, кіраўніка горада: чаму ў Віцебску няма музея Марка Шагала? А той: чаму ж Шагал, калі прыязджаў не так даўно ў Маскву, не заехаў да нас? Ён жа заўсёды казаў, што вельмі любіць Віцебск, шмат чым абавязаны яму ў сваёй творчасці. А тут: маўляў, баюся разбурыць гэтым даўнія ўражанні. Хай тады карціну якую падараваў бы любімаму гораду, тэта б нічога не разбурыла ўжо... Так... (Даўгая пауза.)
— Пра што ты зараз думаеш? Пра нядобрае нешта?
— I вось глядзі, якое жыццё было потым у яго — у Васі. Як яно было пераламана... У тэатры нашым, Віцебскім, парторгам быў адзін час Гітгарц, дырыжор. Ну, пачаліся трыццатыя. Прайшла каманда: знаходзіць антысемітаў. Гітгарц, гаварылі, спярша адказаў: тут іх няма. Яму: як няма? Вы што ж тэта сабе думаеце? I ён зразумеў. А Вася любіў шумна, гучна жартаваць, расказваць анекдоты... 3 тэатрам вымушаны быў развітацца. Доўгі час заставаўся без працы; ды і наша жыццё з ім бліжэй да той пары ўжо разладзілася — зусім з іншай, сваёй прычыны... А пасля ён у Мінску патрапіў быў на нейкую гулянку за горад і штосьці, казалі, выкрыкнуў ля дачы партыйнага кіраўніцтва, а можа, зноў занадта гучна і неасцярожна для сябе пажартаваў... I трынаццаць год адбухаў у лагерах, у Магаданскім краі. Зразумела, не Лідзія Русланава, не Вадзім Козін, што таксама былі ў тых месцах, — але таксама; як мог, «выступаў» там, ратуючы жыццё і здабываючы кавалак хлеба. Казаў потым, што выжыў і не звар’яцеў толькі таму, што ператварыўся ў штукара-камедыянта, блазна. Забаўляў зэкаў і начальства розным камікаваннем і рэпрызамі. Словам — «тэатр аднаго акцёра»...
I вось адна жанчына была там з ім, былая масквічка. Здружыліся, зблізіліся. I разам ехалі назад, калі вызваліліся,— «на мацярык». Кляліся адзін аднаму, што навекі будуць захоўваць тое лепшае, што было паміж імі, нават і жывучы ў розных гарадах... Масква. Ёй трэба выходзіць. Развіталіся. А ён узяў і яшчэ ў тамбур за ёй пайшоў і выглянуў. I вельмі потым шкадаваў. Яё сустракалі. Па адзенні, па тварам ён убачыў, што гэта людзі зусім з іншага, з высокага чыноўскага жыцця, з якога яна нейкім чынам была сарвалася ўніз. Але галоўнае — галоўнае, як яна паглядзела на яго, павярнуўшы галаву да вагона: абсалютна другая ўжо была жанчына. Глянула так, бьпщам зачыніла перад носам дзверы: з чужым, што было,— скончана.
— Я прыгадваю цяпер, ён гэта аднойчы расказваў. Але сцісла, у некалькіх словах.
— Але і не ў гэтым галоўнае. Прайшло колькі год. Ён неяк уладкаваўся у тэатры, у Віцебску. Прыцёрся да жыцця. Меў сям’ю, дзяцей. Пачаў забывацца на тое, мінулае. I тут... Хіба я табе пра гэта не гаварыла?
— Пра што?
— Раптам яго ледзь не вымаюць з пятлі — ўжо блізка да гэтага было. А чаму? Яго вызвалі і ўсунулі паперку: рэабілітаваны, няма «состава преступления». Разумееш? Няма — значыцца, і не было. Ніколі! I пячатка, герб, ці што там яшчэ, — пацвярджаюць гэта. Тады вось да яго дайшло, ён уцяміў: яны дакументам сведчаць, што жыццё яму зламалі ні за што. Так, ні за што — і на вось, маўляў, насі з сабою, калі хочаш, урадавае пасведчанне аб гэтым. А хочаш, у рамцы на сцяне вешай. I ён ледзь не павесіўся. Не, ты падумай — так расціснуць чалавека пасля ўсяго, што ён вынес і стаў забываць!.. Неяк ўбачыў перад сабой партрэты Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, наблізіў да іх твар — і амаль з нянавісцю: «Та-ак, лёгка вам было, купцам!»