Бураўкін
: Я? Вядома ж. Гэта вызначана ня толькі лёсам, гэта выбрана мною сьвядома і, як мне падаецца, асьвячана Богам. Я добра ведаю Сьвятлану і хачу сказаць, што яна ніколі не была ворагам беларускай мовы. Іншая справа, што мне было б намнога прыемней, калі б яна карысталася беларускай мовай у сваёй творчасьці — цікавай і таленавітай. Але гэта вельмі тонкія рэчы. Прыкладам, Алесь Адамовіч бліскуча гаварыў па-беларуску, па-беларуску пісаў і свае літаратуразнаўчыя працы. А вось прозу сваю пісаў па-расейску. І калі я пытаўся ў яго, у чым справа, ён адказваў: «Ня ведаю. Вось саджуся за пісьмовы стол, і каб выказацца, мне патрэбна расейская мова». Магчыма, нешта падобнае і ў Сьвятланы. Але я быў бы вельмі рады, калі б яна стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі. Гэта, я думаю, паслужыла б на карысьць Беларусі.Скобла
: Ці на карысьць расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі, вакол якой таксама апошнім часам шмат дзідаў было паламана?Бураўкін
: Не, Міхась, я так ня думаю. Творчасьць Сьвятланы Алексіевіч ніколі не была падтрымкай Чаргінцу і яго паплечнікам Аўруціну ці Красновай-Гусачэнка. Наадварот, яны на дух не пераносяць і ненавідзяць яе творчасьць. Таму, паўтаруся, яе Нобэль быў бы падтрымкай ня гэтак званым «беларускім расейскамоўным пісьменьнікам», а — дэмакратычнай Беларусі.«Час любой формы таталітарызму ўсё ж такі сканчаецца»
8 лютага 2014
Іна Студзінская, Менск
Сустрэча зь пісьменьніцай шырока не анансавалася, інфармацыя распаўсюджвалася ў асноўным праз сацыяльныя сеткі. Закуток, у якім праводзілася сустрэча, па памерах быў крыху больш за кухню, як трапна выказваліся тыя, каму пашчасьціла туды трапіць. Туды здолела ўмясьціцца максымум дзясяткі чатыры чалавек, а прыйшло на сустрэчу каля трох соцень.
Побач з павільёнам, дзе праходзіла сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч,
выступаюць народныя калектывы, самадзейныя артысты сваімі сьпевамі і народнымі інструмэнтамі заглушаюць голас пісьменьніцы — у такіх умовах даводзілася вельмі напружвацца, каб пачуць яе. Спачатку распавяла кораценька, пра што яе новы твор:«Гэтая кніга больш за ўсё пра тое, як мы жылі, і як гэта жыцьцё скончылася, і мы апынуліся ў разгубленасьці. У нас у Беларусі час наагул спыніўся...
Гэтая кніга вызваляе нас ад чорна-белага сьвету. Раптам мы бачым, што сацыялізм — больш складаная зьява. Чалавек, які застаўся пасьля сацыялізму — ён і ахвяра, і кат адначасова. Гэтая кніга прымушае нас думаць пра гэты сьвет, і як цяжка людзям у гэтым сьвеце перарабіцца самім».
Потым было шмат пытаньняў — і пра літаратуру, і пра тое, як зьмяніць жыцьцё, пра мэнтальнасьць беларусаў, і наагул, філязофскіх пытаньняў. На думку Сьвятланы Алексіевіч:
«Самая галоўная бітва адбываецца не на барыкадах, не на Плошчы, не на Майдане. Самая галоўная бітва адбываецца, калі чалавек вырашае, ідзе ён на Майдан ці не ідзе, выдае ён кнігу ці не выдае, выганяе ён студэнта, які быў на Плошчы ці не, студэнт вырашае, іду я на Плошчу ці не. Дабро і зло змагаюцца ўнутры чалавека. Вось там самая галоўная барацьба».
Спрадвечнае пытаньне: чаму Алексіевіч не размаўляе і ня піша па- беларуску?
«Вы ведаеце, тое, што я рабіла — вось гэтую вялікую працу — гэта была энцыкляпэдыя ўтопіі, гісторыя ўтопіі. А «ўтопія» размаўляла на расейскай мове. Калі б я напісала толькі пра беларусаў — гэта была б няпраўда. Тады была сапраўды велізарная краіна, ахопленая велізарнай ідэяй. Таму я пра гэта пішу. Усё ж нядаўна мы былі агульнай велізарнай краінай».
На пытаньне, ці лічыць Сьвятлана Алексіевіч беларускую нацыю выміраючай, пісьменьніца адказала так:
«Калі мяне не зусім дакладна перадала нямецкая журналістка, было вельмі шмат спрэчак, маўляў, Алексіевіч супраць беларускай мовы. Не, я ня супраць беларускай мовы. Я сказала проста, што 200 гадоў ёй не давалі разьвівацца, і гэта адбіваецца сёньня. Гаворка ішла толькі пра гэта. Што 200 гадоў нам не далі жыць як паўнавартаснай нацыі, зьнішчыўшы эліту. Размаўлялі ў асноўным па-расейску. Гаворка ішла толькі пра гэта. Я ня думаю, што беларусы — выміраючая нацыя. Ні ў якім разе!»
Кнігі Сьвятланы Алексіевіч выдадзеныя ў 30 краінах сьвету, найбольш папулярнымі яны сталі ў Швэцыі, Нямеччыне, Францыі. Сама яна больш за 10 гадоў жыла за мяжой і правяла сотні сустрэч з чытачамі. Што больш за ўсё цікавіць замежнікаў, якія пытаньні яны задаюць на сустрэчах?