«Скажыце, чаму вось бясконцыя пакуты, прыніжэньні не канвэртуюцца ў свабоду, годнасьць? Ну чаму людзі, што перамаглі ў такой страшнай вайне, потым ідуць у стойла? Адзінае, што яны бачаць — што праблема нашмат шырэйшая, больш шматгранная, чым яны сабе ўяўлялі: што Пуцін — дыктатар, Лукашэнка — дыктатар. Не. Як яны кажуць: мы разумеем з кнігі, што гэтыя тыпажы — замова грамадзтва, гэта акумуляванае жаданьне грамадзтва. Значыць, грамадзтва знаходзіцца на такой стадыі разьвіцьця. Яны пытаюцца, чаму гэтыя пакуты не канвэртуюцца ў свабоду. Вось чаму?!»
Што да прагнозаў на будучыню, пісьменьніца іх ня робіць. Але надзею на будучыню
ў прысутных яна паспрабавала ўсяліць. Сказала, што верыць у эфэкт травы, якая ўсё ж праб’ецца:«Тым, хто старэйшы, я хацела б сказаць: ня трэба адчайвацца. Усё ж галоўнае мы зрабілі: камунізм пераможаны. А маладым людзям я хацела б сказаць: рыхтуйцеся да будучыні, яна ўсё адно прыйдзе. Будзе эўрапейская будучыня. Але рыхтуйце сябе — гэты час вельмі жорсткі...
Час любой формы таталітарызму ўсё ж канчаецца. Ужо нельга зрабіць Паўночную Карэю ў цэнтры Эўропы. Усе такія рэчы канчаюцца».
Алексіевіч: «Выдавецтва «ЛогвінаЎ» і Барыс Пятровіч — малайцы!»
18 лютага 2014
Іна Студзінская, Менск
Прэзэнтацыю ладзіць кнігарня «ЛогвінаЎ», паведаміў арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч:
«Сьвятлана Алексіевіч — самадастатковая пэрсона, фармат яе выступу звычайна сольны. На імпрэзу запрошаныя перакладчыкі Валер Стралко і Ціхан Чарнякевіч».
Кніга выйшла ў выдавецтве «ЛогвінаЎ» у бібліятэцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў «Кнігарня пісьменьніка». Некалькі дзён таму, на прэзэнтацыі гэтага твору на ХХІ Менскай міжнароднай выставе- кірмашы, Сьвятлана Алексіевіч
падзякавала за выданьне свайго твору па-беларуску:«Выдавецтва «ЛогвінаЎ» і Барыс Пятровіч зь Беларускім саюзам пісьменьнікаў — малайцы. Вось прыклад таго, што ўсё залежыць ад чалавека. Таму што яны маглі таксама сказаць: «Лепш ня зьвязвацца з гэтай Алексіевіч. Лепш ня мець непрыемнасьцяў...» Не, яны бяруць і выдаюць маю кнігу. Дарэчы, вельмі добра яе выдаюць...
Гэта я да чаго? Што ўсё залежыць ад нас. Усё залежыць ад цябе. Можна сказаць і нічога не зрабіць, чакаць, што хтосьці штосьці зробіць — і рэвалюцыю, і новае жыцьцё. А можна самому зрабіць кавалачак перамен. Вось хлопцы ўзялі і зрабілі».
«Ня ведаю больш савецкай краіны, чым Беларусь»
19 лютага 2014
Радыё Свабода
Выданьне кнігі «Час second-hand», якая выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» і прадаецца цяпер за 89 тысяч рублёў (кошт на кнігу па-расейску ад выдавецтва «Время» складае да 25 эўра) — першы за доўгі час выпадак, калі творы сусьветна вядомай беларускай пісьменьніцы друкаваліся на радзіме. Апошнім разам у канцы 90-х, у невялікім менскім выдавецтве выйшла яе «Чарнобыльская малітва». Цяпер жа выйшла кніга, якая завяршае нізку «Галасы ўтопіі».
Алексіевіч мяркуе далей пісаць пра нешта іншае: каханьне, старасьць:
«Сёньня мяне ўжо цікавіць чалавек увогуле, іншыя тэмы. Паглядзіце, вось людзі дзякуючы мэдыцыне атрымалі плюс 30–40 гадоў жыцьця, але ніхто ня ведае, што зь ім рабіць. Асабліва ў Беларусі. Адна старая немка мне неяк сказала: старасьць — гэта таксама вельмі цікава».
Вялікую ўвагу на сустрэчы прыцягнуў да сябе хударлявы дзед, які задаваў пытаньні відавочна ня проста так... А потым узяў і заявіў: «А дзе асабіста Вы былі, калі героі, пра якіх Вы пішаце, пісалі даносы?»