Што не магло ня выклікаць сьмеху і нават абурэньня ў зале. Дзед неўзабаве сышоў. Але засталіся ўдумлівыя, дапытлівыя людзі, якія хацелі пачуць адказы на розныя пытаньні. Некаторыя выклікалі раздражненьне ў самой пісьменьніцы праз тое, што пра тое самае пытаюцца занадта часта, іншыя — праз хіхіканьне ў зале. Як, напрыклад, прадказальнае пытаньне пра беларускую мову. Але ніводнае пытаньне не засталося без адказу. Тым больш цікава слухаць Сьвятлану Алексіевіч, якая, адказваючы на нейкае вонкава простае пытаньне, закранае экзістэнцыйныя глыбінныя, а ня проста часовыя зьявы.
Алексіевіч
: Такое адчуваньне, што жыцьцё рухаецца па нейкім тым самым коле, быццам мы ня ведаем гісторыі. А калі б мы ведалі гісторыю, дык, можа быць, некалі ў нас ня так бы гарэлі вочы, мы паводзілі б сябе больш разумна. І, можа быць, ведаючы чалавека больш, мы б нейкія рэчы маглі раней прадказаць. Вартаваць у сабе чалавека вельмі важна, вельмі лёгка сасьлізнуць: канфармізм, нянавісьць. Гэтыя рэчы вельмі лёгка робяцца. Тым больш у нашай культуры. Нас толькі і вучылі культуры гвалту: спачатку прыйшлі людзі з рэвалюцыі, потым прыйшлі з вайны, з Чарнобылю, з Афгану. Вось ён — галоўны досьвед нашага жыцьця. І таму я ніколі не зьдзіўляюся нянавісьці. Я разумею, што гэта пачуцьцё слабога чалавека, які нічога не зразумеў і ня хоча разумець.А нянавісьць — ніколі ня выйсьце. І вось пятая кніга падвяла для мяне пэўны падрахунак і абсалютна нечакана вывела мяне да тэмы рэстаўрацыі. Яшчэ пяць гадоў таму, здавалася б, у паветры гэтым ня пахла. Хаця тое, што ў нас адбываецца, гэта наогул «спынены час»: капіталізм, сацыялізм, імпэратарства — усё разам. І раптам у Расеі запахла рэстаўрацыяй, і хутка мы гэта ў сябе адчуем. І як гэтаму супрацьстаяць? Мы ня вельмі гатовыя да гэтага... Я думаю, Кіеў не напалохае гэтых рэстаўратараў...
Так што сёньня вельмі складаны час. Камунізм сышоў, застаўся чалавек, які ня ведае, як жыць. Гэтыя ўсе нашы рамантычныя ўяўленьні пра жыцьцё, яны такія кухонныя, тусовачныя. Нават вымаўляючы слова «свабода», мы дрэнна разумеем, што гэта такое. Таму што калі б чалавек верыў, што нашы прыйдуць — і будзе свабода, ён бы не пісаў мне «будзем такіх, як ты, ставіць да сьценкі». Гэта не свабода. Значыць ні на тым баку барыкад, ні на гэтым пра свабоду ніхто ня мае ўяўленьня. Каштоўнасьць жыцьця — капейкі. Вы разумееце, што гэта самае страшнае? Вось нават калі я гляджу на Кіеў (я ж напалову ўкраінка)... як я захоплена ўспрымала ўсё спачатку! І як цяпер, калі бачу многія рэчы, мне страшна. Мае сябры адтуль пішуць — ім таксама страшна. Таму што няма свабодных людзей. Усе гавораць пра свабоду. А свабодных людзей няма. І вось тое, што павінна рабіць літаратура, і тое, у імя чаго я напісала ўсе гэтыя пяць кніг: гэта пра тое, што свабода не на вуліцы, а ўнутры. Вось дзе адбываецца, як кажа Дастаеўскі, барацьба дабра і зла. У душы — на гэтай тэрыторыі адбываецца самае галоўнае. Няма чаго бегчы на вуліцу, таму што, калі душа пустая, ты пабяжыш туды з сякерай.
Пытаньне
: Хто зь літаратараў зрабіў на Вас найбольшы ўплыў?Алексіевіч
: Нейкі ўплыў на мяне зрабіў Міхась Стральцоў. Яго мова ў «Смаленьні вепрука», я лічу, геніяльная. Потым апавяданьне Янкі Брыля, я памятаю, вельмі моцнае: пра тое, як сышлі немцы, а ляжаць бяз ног засталася паліцайка, і бабы бягуць па хатах і шукаюць, у каго засталася прасьціна, каб яе перавязаць... І канешне Адамчык — «Кароль нябожа». А вось хто мэтафізык у нас — дык гэта Кузьма Чорны. І ў Віктара Казько гэта троху ёсьць: адчуваньне сусьвету, дрэва, прыроды, чалавека. З сусьветнай літаратуры некалі вельмі паўплываў на мяне Рэмарк, Маркес. Але самы моцны ўплыў зрабіла інтэлектуальная проза Картасара і Борхеса. Лацінаамэрыканская літаратура, гэты каляровы сьвет, некалі ўразілі мяне вельмі моцна.Адзін з чытачоў
задаў разгорнутае пытаньне: Чаму працягваюць зьяўляцца кáты і ахвяры? Чаму працягваюць зьяўляцца людзі, галоўны прынцып для якіх — «мая хата з краю»? Вось нядаўна ў Нямеччыне апублікавалі перапіску Гёбэльса. І ў адным з сваіх лістоў да жонкі ён піша: «Дарагая, прабач, шмат працы, еду ў Асьвенцім». Чаму, як толькі зьяўляецца дыктатура, адразу зьяўляюцца людзі, для якіх вось гэтая справа ёсьць працай? І як доўга мы будзем блукаць па гэтым замкнёным коле?