«І кніжкі Сьвятланы Алексіевіч выдадзеныя ня толькі таму, што яна зь Беларусі ці што яна падняла чарнобыльскія праблемы ці праблемы воінаў-«афганцаў». Вы спытайце: ці была яна ў Чарнобылі або Афганістане? Ці прайшла гэтыя дарогі? Ці прачула тых людзей? Тым, хто бывае ў чарнобыльскай зоне, жыў ці працаваў там, сорамна яе кніжкі чытаць. Часам асобныя месцы ў кніжцы — проста абраза для гэтых людзей. Дзякуй Богу, што ня ўсе яны яе чыталі... Бог ёй судзьдзя, Сьвятлане. Але ў яе няма пачуцьця трагедыі Чарнобылю, нават калі яна прэтэндуе на аб’ектыўнасьць і праўду. Але і праўда з рознымі знакамі бывае. Ёсьць голая праўда — гэта самая страшная праўда. Але ці патрэбная ў літаратуры гэтая голая праўда сёньня? Праўда павінна быць хоць зь нейкім мабілізуючым, аб’яднаўчым адценьнем, каб яна не забівала людзей. Вы разумееце, пра што я хачу сказаць? Так, павінна быць усё сказана — дакладна, канкрэтна, праўдзіва. Але ўсё гэта павінна будзіць сілы да жыцьця. Можа, веліч празаіка і паэта і палягае ў тым, каб умець тонка падаць або, можа, абысьці самыя страшныя месцы. Можа, так, падтэкстам падаць, каб многіх гэтая голая праўда не спалохала. Тыя, хто хоча дакапацца да ісьціны, заўсёды разьбяруцца і будуць рады, што яны ўсё самі асэнсавалі. А іншы, каго гэтая праўда палохае, сьвядома да гэтых глыбінь ня будзе дакопвацца. У гэтым жа жыцьцё».
У гэтых развагах уголас — і непахісная ўпэўненасьць правадыра ў праве даваць указаньні мастакам, і эстэтычная глухата, і вельмі прымітыўнае ўяўленьне пра сацыяльную ролю мастацтва, якая зводзіцца да «мабілізацыі».
Сьвятланa Алексіевіч, голас Чырвонага чалавека
9 кастрычніка 2015
Міленка Ергавіч
Чацьвер, трынаццаць дваццаць. Я толькі што прыйшоў з кавярні «Ван Гог», дзе я ў жывой трансьляцыі на сайце nobelprize.org сачыў за абвяшчэньнем ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Паслаў віншаваньне майму беларускаму сябру і перакладчыку. Я ўсё яшчэ ўзрушаны і спрабую як найдаўжэй расьцягнуць сваю ўзрушанасьць. Гэтак бывае рэдка: здараецца нешта вялікае і важнае, што выклікае захапленьне, якое перамагае ўсе пакуты, беды і нягоды будзёншчыны, усю банальнасьць жыцьця ў краіне, дзе таблоіды і фэйсбук замянілі сабою патрэбу ў літаратуры, пісьменьніках, кнігах, у размове пра тое, што прачыталася. Вядома ж, вялікасьць падзеі ня ў тым, што абвешчаны нобэлеўскі ляўрэат, і што нават гэтая непісьменная частка сьвету, Харвацкае радыё і тэлевізія і іншыя недаробленыя мас-мэдыі пра нейкага пісьменьніка, дакладней пісьменьніцу, ад гэтага моманту будуць гаварыць зь іншым тонам і акцэнтам, а ў тым і вялікасьць, і важнасьць, што Нобэлеўскай прэміяй у літаратуры ўшанаваная менавіта Сьвятлана Алексіевіч.
Гэта вельмі эўрапейскі, а разам з тым і вельмі асаблівы выбар. Як тады, калі быў узнагароджаны вялікі баўгарын, габрэй, аўстрыец, нямецкамоўны пісьменьнік Эліяс Канэці, або калі трыма гадамі раней, у 1978 годзе, прэмію атрымаў Іцхак Башэвіс Зынгер, які пісаў на адной эўрапейскай мове, што зьнікла з дымам нацыстоўскіх крэматорыяў, або калі ў 1961 годзе быў ушанаваны вялікі югаслаўскі (нашчадкамі якога лічаць сябе сэрбы і сёй-той басьнійскі харват...) апавядальнік і раманіст Іва Андрыч, які стварыў літаратурную гісторыю пра малую і закінутую эўрапейскую краіну Босьнію і які ў эўрапейскую літаратурную сьвядомасьць вярнуў атаманскую Турцыю як яе складовую частку; ды ўрэшце такім самым, вельмі асаблівым нобэлеўскім выбарам быў і сам Архан Памук, які вярнуў эўрапейскай літаратуры вялікую гісторыю пра горад і гарадзкі характар нашай цывілізацыі.