Так, і да Сьвятланы Алексіевіч былі набэлісты з Усходняй Эўропы, але не з такой закінутай, прыніжанай і маргіналізаванай краіны, як Беларусь, і ня ў тым часе, калі Ўсходняя Эўропа раптам перастала быць тэмай эўрапейскіх дэмакратычных і літаратурных абмеркаваньняў, пасьля таго, як ёй падманам замест абяцанай свабоды падсунулі банальныя макдональдсаўскія забягалаўкі. Былі і раней усходнеславянскія набэлісты, але пасьля Аляксандра Салжаніцына ў 1970 годзе не было таго або той, хто б сваім словам сьведчыў пра жахлівы стан свайго сьвету. Тым часам як Салжаніцын сьведчыў пра краіну Гулагу, лягераў і бясконцага прыніжэньня, якое зазнае першая асоба адзіночнага ліку, Сьвятлана Алексіевіч сьведчыць пра нешта яшчэ горшае і страшнейшае: сьведчыць пра паразу свабоды і пра страту апошніх ілюзіяў наконт самой магчымасьці свабоды. Можа, яна магчымая для нейкага будучага пакаленьня, таго, якое яшчэ не пачало нараджацца, але для нас, жывых, яе ўжо ніколі ня будзе — мы, жывыя сьведкі камунізму і вязьні посткамуністычнага сьвету, свабоды ўжо не пабачым. Ці ня ёсьць перабольшаньнем і гэтая першая асоба множнага ліку, і зьмяшчэньне нас, тутэйшых, у алексіевіцкую постсавецкую і постбрэжнеўскую парадыгму? На жаль, не. І хоць наша колішняя будзёншчына непараўнальная з будзёншчынай працоўных людзей і грамадзянаў у краінах рэальнага сацыялізму, нашы посткамуністычныя нягоды ніколькі ня розьняцца. Паміж Харватыяй і Беларусьсю або Харватыяй і Расеяй розьніца толькі ў нюансах, ну і вядома, у памерах.
Сьвятлана Алексіевіч — сама па сабе літаратурная велічыня, бо яе сукупная жыцьцёвая творчасьць сьведчыць пра нашу эпоху так, як можа сьведчыць толькі літаратура.
Выбар Сьвятланы Алексіевіч у нечым належыць да выключэньняў: яна ня піша вершаў, раманаў і апавяданьняў. Не займаецца мастацкім выдумваньнем, гэта пярэчыць ня толькі яе пісьменьніцкім стратэгіям, але і яе маралі. Яна забараніла сама сабе нешта прыдумляць. Сьвятлана Алексіевіч насамрэч журналістка, але няма нічога скандальнага або нязвыклага — хоць сярод харватаў знайшліся б і зьдзіўленыя, і раззлаваныя — у тым, што ёй прысуджана Нобэлеўская прэмія. Гаворка тут не пра агульнавядомы факт, які прынагодна схільныя пахваліць і тутэйшыя людзі, што журналістыка часам набывае літаратурную каштоўнасьць і што ня мусіць быць розьніцы паміж добрым стылем у журналістыцы і добрым бэлетрыстычным стылем; Сьвятлана Алексіевіч — сама па сабе літаратурная велічыня, бо яе сукупная жыцьцёвая творчасьць сьведчыць пра нашу эпоху так, як можа сьведчыць толькі літаратура.
Дзякуючы выдавецтву Edicije Božičević і ў нас, амаль нечакана, два гады таму выйшла яе кніга «Час second-hand» з падзагалоўкам «Канец чырвонага чалавека» (пераклаў Фікрэт Цацан), зь дзясяткамі сьведчаньняў пра распад Савецкага Саюзу. Што здараецца, калі найбольшая імпэрыя сьвету, дзе ніколі не заходзіць сонца і чые гаспадары амаль паўстагодзьдзя валодаюць большай часткай плянэты, абрынецца на галовы сваіх падданых? Алексіевіцкія гісторыі, без адзінага выключэньня, інтымныя і прыватныя. Яна бярэ інтэрвію ў звычайных, зможаных людзей, дае ім выгаварыцца, падштурхоўвае іх да таго, каб яны казалі і тое, у чым яны да Суднага дня не прызналіся б ні сабе, ні іншым, і перадае іх споведзі як драматычныя маналёгі, зь якіх нейкім дзіўным чынам прабіваецца шматвяковы літаратурны досьвед, ад Антыгоны да Шэксьпіра і да Дастаеўскага, так што чытач на імгненьне і ня ведае, што ён насамрэч чытае і якая тут роля самой Сьвятланы Алексіевіч. Яна ня робіць высноваў, не гаворыць, маўчыць, яе голасу ў гэтай кнізе няма.
«Час second-hand» — гэта частка адной вельмі жывой і важнай усходнеэўрапейскай літаратурнай традыцыі, якая асабліва прысутная ў Польшчы, дзе кнігі нон-фікшн, літаратурныя рэпартажы і падарожныя нататкі выдаюцца з асаблівай увагай і шанаваньнем, а ў асяродзьдзі добра выхаванай літаратурнай публікі часам чытаныя больш за бэлетрыстыку і раманы. Такая традыцыя паклікаецца на волатаў накшталт Гамбровіча і Хэрлінг-Грудзінскага, а таксама на вялікага клясыка польскай рэпартажнай журналістыкі Рышарда Капусьцінскага, чые кнігі часта перакладаюцца і на нашы мовы. Калі ў 2011 годзе Сьвятлана Алексіевіч атрымала ва Ўроцлаве «Ангелуса», прэмію, якая прысуджаецца найлепшай сярэднеэўрапейскай кнізе, за кнігу пра жанчын, беларусак, украінак і расеек з франтоў Другой сусьветнай вайны, абышоўшы геніяльнага апавядальніка і раманіста Ісмаіла Кадарэ, ніхто не зьдзівіўся, не знайшлося на старонках сур’ёзных польскіх газэт і літаратурных часопісаў тых, хто б мудра разважаў пра адрозьненьні паміж журналістыкай і высокай літаратурай.
Пісьменьнікі накшталт Сьвятланы Алексіевіч магчымыя толькі ў краінах і культурах з традыцыяй прозы нон-фікшн, дзе ёсьць разуменьне таго, што гісторыя існуе толькі тады, калі яна расказаная і што сьведчаньняў пра эпоху не бывае па-за словамі і мовай.