Дынько
: Сьвятлана Алексіевіч вельмі мудра прапанавала падзяліць тое, што зрабіў Лукашэнка, і тое, што прадыктаваў час. У такой закрытай, ізаляванай сыстэме, як цяперашняя Беларусь, мы часам схільныя ўсё зводзіць да дзеяньняў аднаго чалавека ці прынамсі нейкай закуліснай групы, якая ажыцьцяўляе ўладу. Насамрэч, грамадзтва залежыць ад воляў і дзейнасьці мільёнаў людзей, кожны зь якіх па-свойму ўплывае на хаду гісторыі, кожны зь якіх ёсьць творцам сваёй нацыі, сваёй дзяржавы і яе будучыні.Лукашэнкаўцы старанна лепяць са свайго правадыра вобраз беларускага Атацюрка, нават мянушку яму выбралі аналягічную — Ата-Цюрк — па-турэцку азначае «бацька туркаў». Туркменбашы, дарэчы, таксама ж «бацька туркменаў»...
Лукашэнкаўцы бачаць у цяперашняй сыстэме зародак вечнага рухавіка, які зможа захавацца. Але яны пры гэтым робяць адну вялікую памылку. Чаму спадчына Атацюрка аказалася такой даўгавечнай, чаму ён шануецца ў сваёй краіне? Таму што ён жалезнай рукой вёў сваю краіну ў будучыню, мадэрнізаваў, эўрапеізаваў яе.
Са спадчыны Лукашэнкі захаваецца тое, што было арыентавана ў будучыню, што прадбачыла будучыню. А ўсё, што было арыентаванае на мінуўшчыну, аджыве. Гэта закон гісторыі.
У гэтым сэнсе — наконт савецкай спадчыны. Лукашэнка навязвае гэтую савецкую спадчыну, ён сілай заганяе грамадзтва ў савецкую «скуру». Мне падаецца, што ўсё гэта абсыплецца і трэсьне, як толькі беларускае грамадзтва перарасьце сябе.
Дракахруст
: Сьвятлана Алексіевіч, вось Андрэй сказаў, што, на ягоны погляд, Лукашэнка «навязвае савецкую спадчыну беларускаму грамадзтву». А яно што — супраціўляецца гэтаму, як нечаму абсалютна яму чужому?Алексіевіч
: Я не магу, на жаль, падзяліць рамантызм Андрэя. Я днямі зайшла ў краму ў сваім раёне. Гэта цэнтар гораду, даволі заможны раён. І ўбачыла жанчыну (яна настаўніца, мы некалі зь ёй размаўлялі), якая купляе паўдзясятка яек і грамаў 200 самай таннай кілбасы. І я адчуваю, што мне сорамна побач зь ёй купляць нешта лепшае...Я абсалютна савецкі чалавек, з савецкімі комплексамі, і я ганаруся гэтымі комплексамі. І не зьбіраюся таньчыць перад лібэральнымі каштоўнасьцямі, дзе маленькі чалавек ня ставіцца ні ў што. Хоць я — зацятая лібэралка. Але мне не падабаецца, што маленькі чалавек выкінуты з гэтага вазка, які скача невядома куды. Арыенціру няма.
Арыенцір ёсьць у інтэлігенцыі, у маладога пакаленьня, як Андрэй кажа. Але мы, на жаль — гарадзкія вар’яты ва ўласным грамадзтве, мы маргіналы, ізгоі. У мяне ёсьць дом у вёсцы. Дык вось, усё, пра што мы гаворым, абсалютна незразумела і непатрэбна майму суседу Пятру Селіверставічу, які жыве там побач са мной.
На чым трымаецца Лукашэнка, на чым трымаецца савецкасьць? Ня ён яе дэкляруе, ён проста зразумеў, што гэта ягоны адзіны шанец утрымацца.
Я памятаю, як у першыя месяцы свайго кіраваньня ён хацеў запрасіць Яўлінскага. Гэта быў іншы Лукашэнка. Але як сапраўдная «палітычная жывёла» ён унюхаў, што народ жа іншы. Тут пра дэмакратыю ведае толькі пара інтэлігентаў, дый тое ім толькі здаецца, што яны гэта ведаюць.
А што тычыцца заўтрашняга дня, то відавочна, што грамадзтва будзе расслойвацца, будзе ўсё прадавацца, пойдзем шляхам Расеі, будуць бедныя і багатыя. І вось цяперашнія калгасы — гэта мільёны бедных людзей, яны будуць трымацца за савецкае. Стратныя заводы, мільёны людзей, выкінутых з працы — яны таксама будуць трымацца за савецкае.
У нашых рамантычных мроях нам здаецца, што гэта Лукашэнка нясе за ўсё гэта адказнасьць. А вы думаеце, што імпэрыя, якая мела такую магутную філязофію, якая праліла столькі крыві, так проста сыдзе?
Дракахруст
: Аляксандар Фядута, а чый рамантызм Вам бліжэйшы — Андрэя ці Сьвятланы?Фядута
: Ну, я наагул пэсыміст, Вы ведаеце. Таму мне бліжэй пэсымістычны рамантызм спадарыні Алексіевіч. І каб пацьвердзіць тое, што яна казала, я прыгадаю расповед былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына пра тое, як Лукашэнка абіраў эканамічную мадэль краіны. Ён тады спытаў віцэ-прэм’ера Лінга, ці ведае той, што такое рынак. «Не», — адказаў Лінг. Ён спытаў амаль палову ўраду, а ўрад ужо меў нейкі рынкавы досьвед. Але пасьля таго, як нават прэм’ер Чыгір сказаў, што, па шчырасьці, ня ведае, што такое рынак, Лукашэнка сказаў Сініцыну: «Вось так. Будзем будаваць тое, што ведаем. Ведаем сацыялізм».І тое, што гэтая абраная мадэль аказалася больш прыстасаванай да жыцьця, чым усе мы думалі і чакалі, насамрэч пацьвярджае слушнасьць таго, пра што кажа спадарыня Алексіевіч.
Справа сапраўды не ў Лукашэнку, справа ў тым, што ў кожным беларусе жыве Лукашэнка. У ім ёсьць і савецкае, і беларускае. І гэтая выбуховая сумесь і ёсьць пэўнай падставай для таго, каб меркаваць, што Лукашэнка ня сыдзе як постаць ідэалягічная. Ён сыдзе толькі як кіраўнік дзяржавы. Але ён застанецца ў сэрцах людзей. Сёньня старэйшае пакаленьне адчувае настальгію па Сталіне, а тыя, хто стане старэйшым пакаленьнем заўтра, будуць настальгаваць па Лукашэнку.