Калісьці, 20 гадоў таму мы фанабэрыста казалі, што яны вінаватыя. Але прабачце, мы сёньня гэтак жа сама маўчым... Я ведаю шмат разумных людзей, якія мне кажуць адно, а самі на працы робяць зусім іншае. То бок небясьпека аўтарытарнай улады ў тым, што ўсе робяцца як бы саўдзельнікамі. Я ведаю, што калі я прыяжджаю ў нейкую краіну, то мяне можа запрашаць любая амбасада, гішпанскі кароль, але ніколі не запросіць беларуская амбасада. Разумееце? А потым паціху яны могуць прыйсьці на п’есу, штосьці шапнуць, і тое далёка ня ўсе... На жаль, мы ўсе міжволі робімся саўдзельнікамі таго, што адбываецца.
Знаткевіч
: А якія савецкія рысы пазытыўныя і нэгатыўныя Вы маеце?Алексіевіч
: Я ведаю, што тое, на чым Вы мяне падлавілі — слова «мы» — гэта дрэнна. Чалавек усё ж асобная істота, а сёньня ўжо дакладна няма хору, хор распаўся, можа быць тут, у нас, у Беларусі ёсьць нейкі такі агульны хор барацьбы, але ў прынцыпе прыватнае жыцьцё адмаўляе хор. Кожны сыходзіць у сябе. Думаю, ад гэтага мне трэба вызваляцца, ад жаданьня ўсё абагульніць і зрабіць тыпажом.Чалавек сёньня хоча і крычыць кожны сам па сабе. Няшмат прапаведнікаў, дый яны нікому не патрэбныя — ні праведнікі, ні прапаведнікі сёньня не патрэбныя. Кожны крычыць штосьці сваё, замкнуўся ў сваёй прасторы. У нас у Беларусі мы пакуль што на барыкадзе, але калі пачне крыху разьвівацца жыцьцё, гэта будзе вельмі жорсткае выпрабаваньне. Тады мне падабалася, што было штосьці вышэйшае за мяне. У той час я разумею, што няма нічога вышэйшага за чалавечае жыцьцё. Але калі чалавек проста камфортная жывёла, гэта таксама неяк ня вельмі прыгожа...
Знаткевіч
: Але сучасная моладзь знаходзіць таксама шмат ідэяў, якія не адпавядаюць гэтаму індывідуалізму — тыя самыя «маладафронтаўцы», якія дастаткова радыкальна спрабуюць прапанаваць хрысьціянскую ідэалёгію...Алексіевіч
: Я кажу, што мы жывем у прамежкавы час, мы пакуль занятыя барыкаднай культурай, мы яе вязьні, і ў нас шмат агульнага, але гэта — прамежкавы пэрыяд. Потым мы вырвемся ў сьвет спажываньня, бо пытаньне сэнсу жыцьця стаіць паўсюль. Я 8 год пражыла за мяжой, і магу сказаць, што нідзе няма адказаў. Усе ў пастцы гэтага спажываньня, гэтага прыватнага жыцьця, якое заводзіць чалавека ў тупік. Іншага варыянту на сёньня, на жаль, няма. Сёньня сэнс нашага жыцьця ўратаваны тым, што мы змагаемся, гэта надае сэнс нашаму жыцьцю. Але далей праблемы будуць нашмат больш складаныя і жорсткія, і нашая культура будзе да іх нашмат менш падрыхтаваная, бо мы — людзі «культуры барацьбы».«Я нідзе ня бачу Лукашэнкі, паўсюль тырчыць Сталін»
28 ліпеня 2008
Юры Дракахруст, Прага
Дракахруст
: Што са спадчыны Аляксандра Лукашэнкі захаваецца ў жыцьці Беларусі пасьля ягонага сыходу? Цяпер такая пастаноўка пытаньня здаецца недарэчнай, прыкметаў таго, што сыход адбудзецца хутка, пакуль няшмат. Але такое пытаньне — спосаб паразважаць пра тое, што ў нашым сёньняшнім жыцьці — бягучае, часовае, абавязанае асаблівасьцям цяперашняга кіраўніка краіны, а што — больш, трывалае, доўгатэрміновае.Часам мары і нават развагі пра тое, «што будзе, калі...», зводзяцца да спадзеву, што гады кіраваньня Лукашэнкі пасьля ягонага сыходу разьвеюцца, як кепскі сон, і беларусы прачнуцца ў чэрвені 1994 году. Аднак, назіраючы за наступствамі самых выбітных «каляровых» рэвалюцый апошніх гадоў, часта прыходзіш да высновы, як мала там па сутнасьці зьмянілася, і што матрыца, зададзеная аўтарытарнымі ўладарамі, засталася непахіснай.
Давайце паспрабуем спрагназаваць, што ж зь сёньняшняй спадчыны застанецца ў будучыні. Пачнём з дэмакратыі. Цяпер яе няма. А будзе? Хіба досьвед кіраваньня Лукашэнкі ня будзе спакусай для ягоных наступнікаў, нават калі яны будуць паходзіць з самай дэмакратычнай апазыцыі? Яны ж будуць ведаць, што можна і так.
А з другога боку — ці не атрымаецца так, што прыйдзе сапраўдная дэмакратыя, а празь некаторы час народ скажа: «Пры Лукашэнку быў парадак, а цяпер — бардак»? Аляксандар Фядута, Вам першаму пытаньне.
Фядута
: Захаваецца, на мой погляд. І ў мяне ёсьць дзьве падставы так лічыць. Па-першае, правесьці эканамічныя і палітычныя рэформы можна, на мой погляд, толькі выкарыстоўваючы аўтарытарныя мэханізмы ўлады. І менавіта дзеля таго, каб дэмакратыя ўсталявалася хутка, новая ўлада павінна будзе дзейнічаць гэтак жа аўтарытарна, як Лукашэнка.