А па-другое, сёньняшнія лукашэнкаўскія апанэнты маюць той самы палітычны досьвед, што і ён. Яны не зьяўляюцца, уласна кажучы, дэмакратамі: паглядзіце, што цяпер адбываецца ў партыі БНФ, паглядзіце, як паводзяць сябе прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл, калі размова ідзе пра спробу абмеркаваць іх пазыцыю і іх учынкі, і вы ўбачыце, што гэта — тое люстэрка, у якое глядзіцца Лукашэнка.
Дракахруст
: Андрэй Дынько, ці згодны Вы з прагнозам Аляксандра?Дынько
: Мне падаецца, што пытаньне, якім будзе палітычная сыстэма пасьля Лукашэнкі, застаецца адкрытым. Чым даўжэй Лукашэнка будзе трымаць уладу ў краіне, тым менш шанцаў, што сыстэма, якую ён заклаў, захаваецца пасьля яго сыходу. Такія сыстэмы «заточаныя» пад аднаго чалавека. І, як паказвае досьвед, яны не захоўваюцца пасьля сыходу гэтага чалавека.Трэба зьвярнуць увагу, што цяперашняя сыстэма, апроч іншага, яшчэ і дысфункцыянальная. Напрыклад, мы маем парлямэнт, які не выконвае ролю парлямэнту, ён выконвае ролю адно легітымацыі рашэньняў, якія прымаюцца выканаўчай ўладай, і ня больш за тое. Гаварыць пра поўную стабільнасьць гэтай сыстэмы не выпадае, хоць словы Яна Максімюка пра тое, што Лукашэнка заклаў элемэнты дзяржаўнасьці, якія яго перажывуць — у гэтым ёсьць сэнс. Ну, скажам, ён стварыў нармальную мытную сыстэму, памежную службу, падатковую службу, ясна, што яны захаваюцца
Дракахруст
: Сьвятлана, Андрэй падышоў да пытаньня тэхналягічна, разьбіраючы лёс дзяржаўнай сыстэмы па пэўных інстытуцыях. Ну а калі паглядзець у цэлым, якасна: сыстэма, якая будзе пасьля Лукашэнкі, будзе набліжаная да той сыстэмы, якая існуе, скажам, у Польшчы ці Літве, ці гэта будзе толькі пэўная мадыфікацыя таго, што ёсьць і цяпер?Алексіевіч
: Я мяркую, што трэба падзяляць, што зрабіў Лукашэнка, а што зрабіў час. Мытня, памежная служба — стварэньне гэтага прадыктаваў час, гэта робяць і суседзі. Гэта не ягоная справа.Што ж зрабіў сам Лукашэнка? Я наважуся сказаць, што ён нічога новага не зрабіў, гэта працяг таго, што ў нас было. Гэта генэральны сакратар, толькі называецца сёньня прэзыдэнт, з тымі самымі паўнамоцтвамі і ўладай, хіба што зь непадпарадкаваньнем Маскве. А ў астатнім — гэта сталінская арганізацыя. Я нідзе ня бачу Лукашэнкі, паўсюль тырчыць Сталін.
Мы кажам, што Сталін сышоў. А хто пасьля яго застаўся, хто застаўся нават пасьля «адлігі», пасьля хрушчоўскага бунту намэнклятуры, прыніжанай Сталіным? Застаўся сталінскі чалавек.
Лукашэнка здолеў даказаць, што ў сацыялізму застаўся рэсурс, што ён ня быў выпрацаваны, што, дарэчы, гаворыць на карысьць Гарбачова, яго маштабу. Лукашэнка ўскосна даказаў, што калі б у нас былі больш разумныя кіраўнікі, то разьвіцьцё магло б пайсьці іншым шляхам, шляхам народнай дзяржавы, народнага капіталізму, а не намэнклятурнага і не прыхаванага, як у нас цяпер. Гэта быў бы шлях з арыентацыяй на маленькага чалавека.
Я не прыхільніца Лукашэнкі, але ён, на жаль, падабаецца большай частцы майго народу. Гэты савецкі чалавек застаецца, і Лукашэнка — гэта ягонае люстэрка.
Адзінае, што застанецца пасьля Лукашэнкі і з чым давядзецца лічыцца любому яго наступніку — гэта тое, што дзяржава павінна быць народнай. Яна ня стала народнай, якой магла б быць, але пэўны сацыяльны кантракт з насельніцтвам быў і да апошняга часу вытрымліваўся. Ва ўсялякім выпадку, гэта дэкляравалася. Я мяркую, што ён увойдзе ў гісторыю як неадназначная постаць, калі ён своечасова і без крыві сыдзе.
Дракахруст
: Сьвятлана Алексіевіч ужо сказала пра савецкасьць, пра савецкасьць структурную, зьмястоўную. А я хачу пагаварыць пра савецкасьць зьнешнюю, бо гэта таксама немалаважны чыньнік.Беларускі рэжым, магчыма, і ня самы рэпрэсіўны на абшарах былога СССР, але ўжо пэўна — самы савецкі, хаця б паводле антуражу. І зварот «таварышы», што гучыць з вуснаў кіраўніка дзяржавы, і архітэктура, і зьмена бел-чырвона-белага сьцяга на падноўлены савецкі, і перанос Дня Незалежнасьці на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад нацыстаў — усё заклікана ствараць уражаньне, што Беларусь працягвае жыць у СССР. Такой канцэнтрацыі савецкасьці няма ня тое, што ў Кіеве ці Вільні, але нават у Ашгабадзе ці Ташкенце.
А пасьля Лукашэнкі — застанецца гэта ці не? Можа, справа ня толькі ў тым, што цяперашні прэзыдэнт — своеасаблівы рамантык савецкасьці, а ў ягонай упэўненасьці, што гэта ў ідэалягічным сэнсе працуе, а нешта іншае працаваць ня будзе? Можа, у гэтым давядзецца даволі хутка ўпэўніцца і ягоным наступнікам, кім бы яны ні былі?