Калі пачалася перабудова, я памятаю асобы Адамовіча і таго самага Быкава, як яны верылі, яны былі проста рамантыкі абсалютныя з пункту гледжаньня сёньняшняга дня, з пункту гледжаньня нашых паразаў і расчараваньняў. Яны думалі, што зараз ня будзе камунізму і будзе нешта зусім іншае. А аказалася, што справа ня толькі ў камунізьме, а ўсё мае больш глыбокія карані. Так што супраціў, іншадумства — яно ж таксама ў руху. Нам здаецца, што вораг — гэты, а потым праходзіць час, і мы высьвятляем, што вораг ня толькі гэта, а нешта ў мэнтальнасьці, у гісторыі, у самой структуры гэтага дэспатычнага мэханізму.
Талстой
: А які быў Быкаў апошніх сваіх гадоў? Бо ён адыграў вялікую ролю ў руху за беларускую нацыянальную самасьвядомасьць?Алексіевіч
: Мы шмат спрачаліся зь ім пра гэта. Ён застаўся рамантыкам. Калі раней ён быў рамантыкам-шасьцідзясятнікам, дык потым ён ... Я ня стаўлю гэта ім у віну, ні ў якім разе, я, наадварот, захапляюся гэтым пакаленьнем, але нельга абагнаць час, нельга абагнаць уласны народ. Гэта ўсё адбываецца, на жаль, па нейкіх сваіх законах. Дык вось потым ён стаў рамантыкам нацыянальнай ідэі, нашых нацыянальных лідэраў, якія тут жа выраджаліся ў Гамсахурдыя, толькі не пасьпелі нічога зрабіць, а было б тое самае. І ён стаў рамантыкам гэтай ідэі.А потым таксама, па-мойму, быў вельмі расчараваны. Гэта было вельмі складана. Ва ўсякім выпадку, я думаю, што ён мог бы, як і Астаф’еў, напісаць, што «я радасна прыйшоў у гэты сьвет, а сыходжу ўзрушаным, расчараваным і адзінокім».
Мне здаецца, такога Быкава я сустракала за мяжой. Я памятаю, аднойчы мы сустрэліся ў Франкфурце, ён прыйшоў з жонкай, і ў нас было трошкі часу пагаварыць. І так я была засмучаная ягоным душэўным станам, што ён ня мог вярнуцца дадому, што ён шмат у чым расчараваўся, што ўсё аказалася ня так, як мы сабе ўяўлялі, што пасьля шэрых прыйшлі чорныя, што я нават села на цягнік, які ехаў у адваротны бок. І да гэтага часу памятаю гэтыя дзьве фігуркі на плятформе, якія махалі мне, зусім разгубленыя, у гэтым новым, незразумелым сьвеце.
«Пра вайну мы ня ведаем праўды — асабліва беларусы пра партызанскую вайну»
15 сакавіка 2012
Сяргей Шупа
Шупа
: Колькі часу вайна яшчэ будзе заставацца актуальнаю ў сьвядомасьці беларускага чытача?Алексіевіч
: Што тычыцца беларускага чытача, гэта будзе вельмі доўга. Тое самае і для расейскага чытача. Паколькі зьнікла чырвоная імпэрыя, то і зьнікла напрацаваная ідэя. Ня важна якая яна... Вядома, засталіся мора крыві і бочкі мяса, і поўная катастрофа ў розумах людзей. Адначасова сёньня людзям яшчэ горай жыць, асабліва маленькаму чалавеку, і ён разгублены. Маленькі чалавек ня думае ж стратэгічна, ён жа не пісьменьнік, каб сядзець і думаць аб важных рэчах Ён глядзіць — няма грошай, пайшоў...Я асабліва паезьдзіла па Расеі, дык там жах. У нас яшчэ нейкая своеасаблівая сумесь фэўдалізмуі і сацыялізму, яшчэ больш-менш схавана ўсё на нейкі час. Таму, з аднаго боку, пра вайну мы ня ведаем праўды — асабліва беларусы пра партызанскую вайну. Калі ваюе армія — гэта арганізаваная ваенная машына, добрая ці дрэнная, але машына, ёсьць законы, статут, правы, гэта значыць, ёсьць інстытут, колькі жыве чалавецтва, столькі гэтаму інстытуту гадоў. Партызанская вайна, гэта, агулам, поўны разбой. Ты залежыш ад камандзіра, асабліва жанчыны (што я добра ведаю); калі ты габрэй, табе могуць і ў сьпіну стрэліць.
Усё гэта мы ведаем, і мы гэтага ня ведаем. Гэта значыць, што мы ведаем пра гэта як сьведкі, ад бацькоў, ад дзядоў, вось мне бабуля зь дзедам расказвалі, што яны баяліся ноччу адных, а днём іншых... А літаратура аб гэтым ня піша, літаратуры аб гэтым няма або вельмі мала...
Шупа
: А ці ня позна ўжо?Алексіевіч
: Я ня думаю. Наадварот, сёньня да гэтых рэчаў можна зусім інакш падысьці. Гэта тое, што я спрабавала сёньня сказаць. Мяне, на ўзроўні такіх канкрэтнасьцяў, зусім не цікавіць (гэта, можа, ужо і позна) — колькі падарвалі эшалёнаў, як адны гераічна забівалі іншых і г. д. Але паколькі мы жывем у эпоху спажывецтва, у чалавека няма стрыжня. І вось яму няма на чым... Ну ўсе мы троху праваслаўныя, так, але сапраўдных вернікаў, якія па сапраўднаму ведаюць і чытаюць Біблію, ня так і шмат... А бітва дабра і зла ў чалавечым сэрцы вядзецца заўсёды, і таму такія матэрыялы, такая гісторыя дае магчымасьць размовы з такім чалавекам. На якім яшчэ матэрыяле вы можаце сёньня гаварыць з нашым чалавекам аб дабры і злу? Аб чым?Шупа
: Але паглядзіце, ўдзельнікаў вайны ўжо амаль не засталося, засталіся састарэлыя сьведкі. Ці зьмянілася нешта сёньня ў іх успамінах?