- Дайце дарогу! - раздалiся крыкi. - Дарогу!
- Вечнасць, вечнасць! - даносiлася, як рэха, здалёк.
Тут былi жанчыны, бледныя i сумныя, добра апранутыя, з заплаканымi i зморанымi дзецьмi; дзецi былi ўсе ў пыле, ледзь перастаўлялi ногi. З многiмi жанчынамi iшлi iх мужы, то клапатлiвыя, то зласлiвыя i хмурыя. Тут жа пракладвалi сабе дарогу абарванцы ў выцвiлых цёмных лахманах, з дзiкiмi вачыма; яны гучна крычалi i цынiчна лаялiся. Побач з рослымi рабочымi, якiя энергiчна прабiралiся наперад, цяснiлiся нiкчэмныя растрапаныя людзi, падобныя па вопратцы на клеркаў цi прыказчыкаў; брат убачыў раненага салдата, чыгуначных насiльшчыкаў i якуюсьцi бедную жанчыну ў палiто, накiнутым паверх начной кашулi.
Але, няглядзячы на ўсю разнастайнасць, людзi ў гэтым натоўпе былi нечым падобныя. Усе былi напалоханыя, змучаныя, адчувалася, што ўсiх гонiць страх. Усякi шум наперадзе, на дарозе, спрэчка з-за месца ў павозцы прымушалi ўвесь натоўп паскараць хаду; нават людзi (настолькi напалоханыя i змучаныя, што ў iх падгiналiся каленi), быццам гальванiзаваныя страхам, станавiлiся на iмгненне больш энергiчныя. Гарачыня i пыл стамiлi натоўп. Скура перасохла, губы пачарнелi i патрэскалiся. Усiх мучыла смага, усе стамiлiся, усе выбiлiся з сiлы. Паўсюль чулiся спрэчкi, папрокi, знямоглыя стогны; у большасцi былi хрыплыя i слабыя галасы. Увесь натоўп пастаянна выкрыкваў, як прыпеў:
- Хутчэй, хутчэй! Марсiяне iдуць!
Некаторыя спынялiся i адыходзiлi ў бок ад людскога патоку. Прасёлак, на якiм стаяла каляска, выходзiў на шашу i здаваўся адгалiнаваннем лонданскай дарогi. Яго запаланяў бурны прылiў, натоўп адцясняў сюды больш слабых; пастаяўшы тут i адпачыўшы, яны зноў кiдалiся ў гэты ўдушлiвы паток. Пасярод дарогi ляжаў чалавек з аголенай нагой, перавязанай акрываўленай анучай, i над iм схiлiлiся двое. Шчаслiўчык, у яго знайшлiся сябры.
Маленькi дзядуля, з пастрыжанымi па-ваеннаму вусамi, у брудным чорным фрэнчы, выбраўся, накульгваючы, з той даўкi, сеў на зямлю, зняў чаравiк шкарпэтка была ў крывi, вытрас дробныя каменьчыкi i зноў абуў. Дзяўчынка гадоў васьмi-дзевяцi кiнулася на зямлю каля плота непадалёк ад майго брата i расплакалася:
- Не магу больш iсцi! Не магу!
Брат, ачнуўшыся ад здранцвення, пачаў суцяшаць дзяўчынку, падняў яе i аднёс да мiс Элфiнстон. Дзяўчынка напалохана прыцiхла:
- Элен! - жаласлiва крычала якаясьцi жанчына ў натоўпе. - Элен!
Дзяўчынка раптам вырвалася з рук брата з крыкам: "Мама!"
- Яны iдуць, - сказаў чалавек, якi ехаў верхам на канi па прасёлку.
- Прэч з дарогi, эй вы! - крычаў, прыпадняўшыся на драбiнах, нейкi фурман. Брат убачыў закрытую карэту, якая паварочвала на прасёлак.
Пешаходы расступiлiся, рассоўваючы адзiн аднаго, каб не трапiць пад каня. Брат адвёў понi блiжэй да плота, карэта праехала мiма i спынiлася на павароце. Гэта была карэта з дышлем для пары, але запрэжаны быў толькi адзiн конь.
Брат ледзь убачыў праз воблака пылу, як двое мужчын вынеслi кагосьцi з карэты на белых насiлках i асцярожна паклалi на траву пад прысадамi.
Адзiн з iх падбег да брата.
- Цi ёсць тут дзе-небудзь вада? - спытаў ён. - Ён памiрае, пiць просiць... Гэта лорд Гарык.
- Лорд Гарык? - усклiкнуў брат. - Каронны суддзя?
- Дзе тут вада?
- Можа, у адным з гэтых дамоў ёсць водаправод, - сказаў брат. - У нас вады няма, я баюся запынiць сваiх.
Чалавек пачаў прасоўвацца праз натоўп да варотаў вуглавога дома.
- Наперад! Наперад! - крычалi людзi, напiраючы на яго. - Яны iдуць! Не затрымлiвайце!
Брат убачыў барадатага мужчыну з арлiным профiлем, у руцэ ён трымаў невялiкi сакваяж; сакваяж раскрыўся, з яго пасыпалiся залатыя рэчы, са звонам падаючы на зямлю i коцячыся пад ногi людзей i коней. Барадаты мужчына спынiўся, тупа гледзячы на рассыпанае золата; аглобля кеба стукнула яму ў плячо; ён пахiснуўся, ледзь не трапiўшы пад кола.
- Дарогу! - крычалi яму. - Не спыняйцеся!
Як толькi кеб праехаў, барадаты мужчына кiнуўся на зямлю, працягнуў руку да кучы манет i пачаў соваць iх прыгаршчамi ў кiшэнi. Раптам над iм уздыбiўся конь; мужчына прыўзняўся, але тут жа ўпаў пад капыты.
- Стой! - закрычаў брат i, адштурхнуўшы якуюсьцi жанчыну, кiнуўся наперад, каб схапiць каня за аброць.
Але перш чым брат паспеў гэта зрабiць, пачуўся крык, i скрозь клубы пылу ён убачыў, як кола праехала па спiне таго чалавека. Фурман сцебануў пугаю падбегшага брата. Гул натоўпу аглушыў яго. Няшчасны курчыўся ў пыле сярод залатых манет i не мог падняцца; кола, пераехаўшы цераз яго, пашкодзiла пазваночнiк, i нiжняя частка яго цела была паралiзавана. Брат спрабаваў спынiць наступны экiпаж. Нейкi чалавек верхам на вараным канi захацеў яму памагчы.
- Адцягнiце яго з дарогi! - крыкнуў ён.
Брат схапiў за каўнер упаўшага i пачаў цягнуць яго ў бок, але той усё намагаўся падабраць манеты i моцна бiў брата па руцэ кулаком, напоўненым золатам.
- Не спыняйцеся, праходзьце! - злосна крычалi ззаду. - Дарогу, дарогу!