Мiлi за дзве ад берага стаяла бранiраванае судна, амаль поўнасцю пагружанае ў ваду, як падалося брату. Гэта быў мiнаносец "Грамавержац". Iншых ваенных суднаў паблiзу не было, але ўдалечынi, управа, над спакойнай паверхняю мора - у гэты дзень быў мёртвы штыль - змяiўся чорны дымок; гэта браняносцы ламаншскай экскадры, выцягнуўшыся ў доўгую лiнiю супраць вусця Тэмзы, стаялi, падрыхтаваўшыся да бою, i зорка назiралi за пераможным шэсцем марсiянаў, не могучы, аднак, iм перашкодзiць.
Убачыўшы такiм мора, мiс Элфiнстон напалохалася, хоць залоўка i старалася яе падбадзёрыць. Яна нiколi не выязджала з Англii, яна хутчэй пагодзiцца памерцi, чым выехаць на чужбiну. Бядняжка, здаецца, думала, што французы не лепшыя за марсiянаў. У час двухдзённага падарожжа яна часта нервавалася i плакала. Яна хацела вярнуцца ў Стэнмар. Магчыма, у Стэнмары спакойна iх чакае Джордж...
З цяжкасцю ўдалося яе ўгаварыць спусцiцца да берага, дзе брату пашанцавала ўгаварыць некалькiх матросаў на калёсным параходзе з Тэмзы. Яны выслалi лодку i пагадзiлiся на трыццаць шэсць фунтаў за траiх. Параход iшоў, паводле iх слоў, у Остэндзе.
Было ўжо каля дзвюх гадзiн, калi брат i яго спадарожнiцы, заплацiўшы за свае месцы, узышлi на параход. Тут можна было набыць ежу, хоць i па вельмi вялiкай цане; яны вырашылi паабедаць i размясцiцца на носе.
На борт ужо ступiла каля сарака чалавек; многiя ўжо патрацiлi свае апошнiя грошы, каб атрымаць месца; але капiтан стаяў каля Блэкуотэра да пяцi гадзiн, набiраючы новых пасажыраў, пакуль уся палуба не напоўнiлася народам. Ён, магчыма, застаўся б i надалей, каб на поўднi не пачалася кананада. Як бы ў адказ з мiнаносца раздаўся выстрал з невялiкай пушкi i ўзвiлiся сiгнальныя сцяжкi. Клубы дыму вырвалiся з яго труб.
Некаторыя пасажыры запэўнiвалi, што стралянiна даносiцца з Шубэрынеса, пакуль не стала ясна, што кананада наблiжаецца. Далёка на паўднёвым усходзе ў моры паказалiся мачты трох браняносцаў, ахiнутых чорным дымам. Але братаву ўвагу адцягнула аддаленая стральба гармат на поўднi. Яму падалося, што ён убачыў у тумане рухомы слуп дыму.
Параходзiк закруцiў калёсамi i рушыў на ўсход ад доўгай выгнутай лiнii суднаў. Нiзкi бераг Эсекса ўжо апрануўся блакiтнаватаю дымнаю павалокаю, калi паявiўся марсiянiн. Маленькi, ледзь прыкметны на такой адлегласцi, ён наблiжаўся глеiстым берагам з боку Фаўлнеса. Напалоханы капiтан пачаў гучна лаяцца, папракаючы самога сябе за затрымку, i лопасцi калёсаў, здавалася, заразiлiся яго спалохам. Усе пасажыры стаялi каля поручняў i глядзелi на марсiянiна, якi ўзвышаўся над дрэвамi i званiцамi на беразе i рухаўся так, быццам парадыраваў чалавечую паходку.
Гэта быў першы марсiянiн, убачаны братам; брат хутчэй са здзiўленнем, чым са страхам, глядзеў на гэтага тытана, якi асцярожна наблiжаўся да лiнii суднаў i ступаў па вадзе ўсё далей i далей ад берага. Потым - далёка за Краўчам - паявiўся другi марсiянiн, якi крочыў па пералеску; а за iм - яшчэ далей - трэцi, якi быццам крочыў уброд цераз блiскотную глеiстую водмель, якая, здавалася, вiсела памiж Фаўлнесам i Нейзам. Нягледзячы на ўзмоцненае пыхценне машыны i на горы пены за калёсамi, параходзiк вельмi паволi адыходзiў ад бачнай небяспекi.
Зiрнуўшы на паўночны захад, брат заўважыў, што парадак сярод суднаў парушыўся: у панiцы яны заварочвалiся, iшлi наперарэз адно аднаму; параходы давалi свiсткi i выпускалi клубы пары, ветразi паспешна распускалiся, катэры сноўдалi сюды-туды. Захоплены гэтым вiдовiшчам, брат не глядзеў па баках. Нечаканы паварот, зроблены, каб пазбегнуць сутыкнення, скiнуў брата з лаўкi, на якой ён стаяў. Вакол затупалi, закрычалi "ўра", на якое аднекуль слаба адказалi тым жа. У гэты момант судна нахiлiлася, брата адкiнула ўбок.
Ён усхапiўся i ўбачыў за бортам, усяго за якiх-небудзь сто ярдаў ад тонучага параходзiка стальное цела, быццам нарог плуга, якое разрэзала ваду на дзве агромнiстыя пенiстыя хвалi; параходзiк бездапаможна махаў лопасцямi калёсаў па паветры i даваў нахiл амаль да ватэрлiнii.
Вялiзны слуп на iмгненне асляпiў брата. Працёршы вочы, ён убачыў, што вялiзнае судна пранеслася мiма i iдзе да берага. Надводная частка доўгага стальнога корпуса падымалася над вадою, а з дзвюх трубаў вырывалiся iскры i клубы дыму. Гэта быў мiнаносец "Грамавержац", якi спяшаўся на выручку суднам, што знаходзiлiся ў небяспецы.
Ухапiўшыся за поручнi разгайданай палубы, брат адвёў позiрк ад хуткаснага левiяфана i зiрнуў на марсiянаў. Усе трое цяпер сышлiся i стаялi так далёка ў моры, што iх трыножкi былi амаль цалкам пад вадою. Пагружаныя ў ваду, на такой далёкай аддлегласцi яны не здавалiся ўжо страшнымi ў параўнаннi са стальным гiгантам, у кiльватэры якога бездапаможна гойдаўся параходзiк. Марсiяне як быццам са здзiўленнем разглядалi новага працiўнiка. Магчыма, гэты гiгант здаўся iм падобным на самiх. "Грамавержац" iшоў поўным ходам без выстралаў. Магчыма, дзякуючы гэтаму яму i ўдалося падысцi так блiзка да ворага. Марсiяне не ведалi, як быць з iм. Адзiн снарад - i яны ў момант пусцiлi б яго на дно цеплавым промнем.