6 траўня 1493 года, Мадрыд
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Можна было нават не сумнявацца. Гэтая рэч, на якую намякаў рабі, не з’язджала ў Амерыку разам з яе славутым адкрывальнікам ці кімсьці, хто мусіў яго суправаджаць, а потым ладкаваць калоніі на новых землях. І добра, каб пра гэта мяне папярэдзіў сам рабі! Не, мне давялося зноў марнаваць свой каштоўны час на пустыя вандраванні. Яны знясільваюць мяне ўсё больш, і самае кепскае ва ўсім гэтым тое, што я не магу нікога адправіць замест сябе. Прынамсі, пакуль я не маю такога чалавека, якому здолеў бы давяраць. І наўрад ці калі-небудзь буду мець.
А колькі грошай было выдаткавана, каб даведацца ні пра што! Наступным разам трэ будзе добра паразмаўляць наконт гэтага з маім «сябрам», каб больш так не атрымлівалася. Спадзяюся, ён мяне зразумее. Я паспрабую зрабіць так, каб урэшце ён уцяміў.
Адзінае, што я цяпер магу меркаваць, дык гэта тое, што рэч засталася тут, у Іспаніі. Але дзе дакладна і хто ёю цяпер валодае – вялікая загадка. Слядоў нідзе няма, я не магу знайсці хаця б самага мізэрнага сведку. Мушу зноў вяртацца дамоў.
12 верасня 1988 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Яны даверылі свае рукі марыскам, тым самым «маленькім маўрам», як іх крывадушна ласкава называлі ў Іспаніі. Яны былі вымушаны прыняць хрысціянства, каб выжыць сярод захопнікаў, бо ў адваротным выпадку іх выслалі б гэтак жа, як іудзеяў. Усе пацярпелыя, што засталіся тут, нягледзячы на веравызнанне, вырашылі аб’яднацца супраць агульнага ворага – Кароны, якая рабавала і насаджвала свае інтарэсы. Таму ахова гэтай рэчы з таго моманту была падзелена паміж яўрэямі і мусульманамі. Справа неверагодная, аднак, сапраўды, чаго не зробіш дзеля Яго выратавання. Кожны з двух народаў абраў са сваіх шэрагаў па адным чалавеку, што цяпер мусілі трымаць рэч удваіх.
Такімі былі словы рабі, калі я прыйшоў да яго пасля чарговай паразы і патрабаваў тлумачэнняў. Ён доўга кляўся, нібы далей за гэтыя бедныя сведчанні не ведае нічога, што магло б падказаць, дзе можна шукаць тую частку. Адзінае, што ён здолеў мне прапанаваць, – гэта звярнуцца да хронік і шукаць незвычайныя павароты гістарычных падзей, звязаных з марыскамі.
Хаця ён і намагаўся выглядаць шчырым, чаго толькі не рабіў, каб за- пэўніць мяне ў слушнасці сваіх слоў, але аблічча яго ўсё роўна выяўляла пагарду. Толькі я не магу зразумець, што сталася для гэтага падставай. Ці ён ведае штосьці, аб чым пакуль не здагадаўся я, ці гэта звычайнае для такіх, як ён, грэбаванне маім народам? Я мог бы звярнуцца да больш сур’ёзных сродкаў у вядзенні гутарак, аднак усё ж пацярплю. Прызнаюся, мяне нават забаўляюць нашы сустрэчы, аднак для ўсяго ёсць мяжа. Таму рана ці позна ён раскажа мне ўсё, нават тое, што не збіраўся.
Усё ж такі некаторыя ўрыўкі інфармацыі я цяпер маю. Мне трэба шукаць дваіх, былых мусульманіна і яўрэя, што прынялі хрысціянства, марыска і марана, што хаваюць гэтую рэч. Аднак у якім месцы яны знаходзяцца? Чым займаюцца ў звычайным жыцці? Я нават не ўяўляю, па якіх прыкметах я павінен пазнаць іх.
Ці гэта будуць два старыя – мудрацы, што стаяць на чале сваіх кла- наў? Аднак ніводны мудрэц не вечны. Калі-небудзь таямніцамі трэба дзяліцца, чаго, дарэчы, вельмі не хацеў бы дазваляць сабе я. Мне, хутчэй, трэба шукаць маладых. Але хто гэта будзе: два юнакі ці дзве дзяўчыны, альбо юнак і дзяўчына?
2 лютага 1989 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Вось ужо некалькі месяцаў я сяджу ў кабінеце і займаюся даследаваннямі хронік. Я чытаю і перачытваю самыя дбайныя летапісныя сведчанні, аднак не магу знайсці штосьці выключнае.
Вядома, ёсць некалькі буйных падзей кшталту паўстання марыскаў у Альпухарах, аднак я не магу паверыць, што ў тыя часы Яно магло камусьці спатрэбіцца. Тады ўсе былі занятыя сабой і ўласнымі меркантыльнымі імкненнямі ў сучаснасці. Тыя, хто кіраваў паўстаннем, жадалі дамагчыся сваіх інтарэсаў у канкрэтны момант, яны глядзелі ў будучыню, і нікому не было патрэбы некуды вяртацца, нават каб выправіць несправядлівасць, што адбылася ў мінулым. Не, яны імкнуліся толькі наперад. І хаця ўрэшце яны ўсё страцілі і захлынуліся ва ўласнай крыві, аднак ніхто, напэўна, і падумаць не паспеў, што можна было б вярнуцца, каб змяніць ход падзей. Альпухарскае паўстанне было выбліскам, а не прадуманым планам, які мог бы мець запасныя шляхі развіцця.
Да таго ж сумніўна, што ў Альпухарах Яно магло знаходзіцца цалкам. Калі я не магу знайсці адну невялікую рэч, як жа дбайна тады патрэбна хаваць астатнія? Вядома, было б цікава знайсці момант, з якога можна было б забраць усе часткі, аднак я не веру ў здзяйсненне мар. Я веру толькі ў паступовае ажыццяўленне мэт. Мне давядзецца шукаць усё паасобку. Каб толькі хтосьці чуў нешта пра іх сляды.
12 сакавіка 1989 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Мне трэба шукаць штосьці драбнейшае. Штосьці, не звязанае з марыскамі наўпрост. Нехта, відаць, жадаў змяніць свой лёс па асабістых прычынах. І вось тады гэты нехта мусіў звярнуцца да хавальнікаў. Хаця зноў жа, чым яны маглі дапамагчы, калі меркаваць, што ў іх мелася толькі адна частка? Я магу і памыляцца. Мне вельмі не хапае ведаў.
А рабі пакуль старанна робіць выгляд, што нічым не можа мне да- памагчы. Відаць, чакае, калі я сканаю праз гэтыя пошукі і адчаплюся ад яго. Няўжо дагэтуль таксама марыць сабраць Яго? Было б вельмі пацешна.
19 верасня 1569 года, Гранада
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Няхай я і не даю веры, што магу тут штосьці знайсці, але не мушу адмаўляцца ад гэтай версіі. Магчыма, нешта мяне хаця б нацэліць на след.
21 кастрычніка 1569 года, Гранада
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Сёння з’явіліся навіны аб смерці Абэна Умайі, таго правадыра марыскаў у паўстанні, што абвясціў сябе ледзьве не новым прарокам, хаця, на мой погляд, асоба вельмі спрэчная. Кажуць, яго апошнімі словамі былі бедаванні аб тым, што ён усё ж мусіў застацца хрысціянінам. Двойчы здраднік. Ды зараз мяне цікавіць зусім не гэта.
Што, калі ён сапраўды хацеў вярнуцца і абраць іншую дарогу?
7 ліпеня 1569 года, Гранада
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Думаю, гэтая вандроўка будзе даўжэйшая за некаторыя папярэднія. Мне неабходна шмат чаго зрабіць. Па-першае, знайсці тых, хто мае дачыненне да гэтага злашчаснага, як я здолеў нядаўна пераканацца, Абэна Умайі. Мне патрэбныя людзі, якія могуць пачуць яго асабістыя размовы. Гэта будзе нялёгка, але ўсё ж магчыма. Не дарма я пражыў на свеце больш за паўстагоддзя.
Тыя, хто стануцца маімі вушамі, мусяць не толькі выведаць таямнічыя імкненні гэтага ліслівага марыскі, але і прапанаваць яму дапамогу чалавека, што будзе здатны тыя імкненні спраўдзіць. Такім чынам, мне трэба пусціць чуткі пра свае надзвычайныя здольнасці. Нічога занадтага, штосьці з абсягу дзіцячых казак, у якія людзі, блізкія да роспачы, пачынаюць ахвотна верыць. Здаецца, Абэн зараз менавіта ў такім, спрыяльным для мяне, стане.
19 ліпеня, 1569 года, Гранада
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Так хутка і проста – я нават не дарэшты веру ў сапраўднасць таго, што нядаўна адбылося.
Абэн на дзіва даверлівы для сваёй паставы правадыра і ратавальніка марыскаў. Аднак, я думаю, ён адчувае свой хуткі канец.
Ён прыехаў да мяне сам. Сказаў, што не хоча, каб у нашай сустрэчы былі сведкі з кола яго набліжаных, бо ім ён не давярае больш за ўсіх. Часткова я разумею яго. Аднак яго прыезд усё ж ставіць у небяспеку і мяне. Тым не менш пакуль я гатовы рызыкаваць.
Мы трохі паразмаўлялі. Я паказаў яму некаторыя адпрацаваныя фокусы, якія яго ўразілі, бы дзіцёнка. Па яго вачах я зразумеў, што яму вельмі карціць аб нечым паведаміць мне, але ён вагаецца і не ведае, ці можа даверыцца цалкам. Мы дамовіліся на яшчэ адну сустрэчу. Відаць, мне давядзецца звяртацца да чарговых хітрыкаў, каб прымусіць яго адкрыцца.
24 ліпеня 1569 года, Гранада
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Як я і чакаў, ён прыехаў да мяне зноў. Па шчырасці, я не хацеў зноўку гушкацца з ім цэлы вечар, як у мінулы раз. Таму, разумеючы, што ён не выцерпіць і з’явіцца ў мяне вельмі хутка пасля першай сустрэчы, я пакінуў у тым пакоі, дзе мы гутарылі, вялікае люстра, паўпрыкрытае запавесай. Хаця яно і вісела не на сваім месцы, аднак, калі я праходзіў міма, пачынала азывацца. Вядома, у гэтым бязвінным труку не было ніякай небяспекі, усё, што мог пабачыць мой госць, – гэта незвычайнае ззянне і адсутнасць адбітку.
Так, калі ён завітаў да мяне, я незнарок наблізіўся да люстра, каб падштурхнуць госця да патрэбнай мне размовы. Яго гэта ашаламіла. Ён па- ранейшаму нічога не сказаў, але я буду не я, калі ён не прыедзе да мяне заўтра.
25 кастрычніка 1889 года, Гранада
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Ён сапраўды прыехаў на другі дзень. Перад тым як наважыцца на трывожную споведзь, ён спытаў, ці не трымаю я ў доме віна. Я паспрабаваў зрабіць выгляд, што не дачуў яго слоў, аднак ён упарта паўтарыў запыт. Я выканаў гэтую дзіўную для прававернага мусульманіна просьбу і, калі мой госць удосталь спатоліў сваю патрэбу, падрыхтаваўся слухаць.
Сапраўды, ён пачаў распавядаць пра дзіва, аб якім некалі яму казала прабабуля. Быццам бы раз на паўстагоддзя ў адной са збяднелых сем’яў Гранадскай зямлі з’яўляюцца блізняты, што маюць незвычайную сілу. Гэтыя дзеці здольныя прадказваць будучыню, і нават больш за тое – вяртаць людзей у мінулае, ды так, што асобныя шчасліўцы могуць наноў пражыць яшчэ адно жыццё, пазбегнуўшы смерці і выправіўшы свае памылкі. Аднак знайсці гэтых дзяцей ды паспець з імі сустрэцца няпроста, бо жывуць яны вельмі мала. Напэўна, страчваюць усе жыццёвыя здольнасці, каб адчыніць іншаму чалавеку праход да яго мінулага. Акрамя ўсяго, старой аднекуль было вядома, што адзначаны праход можна было атрымаць з дапамогай люстраў, на падставе чаго мой госць, які ўчора бачыў мае штучкі, пачаў хвалявацца і прасіць адчыніць яму шлях да мінулага.
Я паспрабаваў запэўніць яго, што для такой справы патрэбныя час і пэўныя сродкі, аднак ён не хацеў мяне разумець. Паўтараў, што я павінен паказаць яму праход, праз які ён здолее вярнуцца і абраць іншы шлях, той, які быў прысуджаны яму па праве нараджэння ў сям’і хрысціян, а не той, што ён абраў па ўласным славалюбным жаданні.
Спачатку ён прасіўся, потым пачаў пагражаць, думаючы, што я спужаюся яго нікчэмных запалохванняў. Карацей, давялося яго ненадоўга ўтаймаваць, каб спакойна вярнуцца сюды. Няхай гісторыя ідзе сваім ходам. Мне яго нават не шкада.
Наперадзе мяне чакае вяртанне дамоў. На жаль, я пакуль не зразумеў таямніцы гэтых блізнят, аднак спадзяюся, што хутка мне гэта ўдасца. Верагодна, яны трымаюць усё, што мне патрэбна, але ж як іх знайсці? І каго менавіта шукаць?
23 снежня 1989 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Ніколі не падазраваў, што магу стацца такім дурнем. Як я толькі не здагадаўся адразу, калі ўсё настолькі проста? Пакуль я вяртаўся дадому акружным шляхам, выпадковая сустрэча падказала мне рашэнне гэтай галаваломкі.
Колькі год таму я трапляў праз свой «іспанскі» шлях у сярэдзіну ХІХ стагоддзя, дзе пазнаёміўся з адной парай. Цяпер, калі мне трэ было скарыстацца гэтай дарогай яшчэ раз, прайшло гадоў з трыццаць, і раптоўна я сустрэў тых людзей зноў. Яны значна састарэлі, але мяне пазналі. Дакладней, лічачы мяне іншым чалавекам, прызналі ў маім абліччы рысы старога знаёмца. Нават спыталі, ці не з’яўляюся я сынам таго чалавека, якога яны ведалі ў маёй асобе тады.
Тыя дзеці не нараджаюцца зноў. Яны таксама вандруюць у часе. Цяпер я ўпэўнены, што яны і трымаюць рукі. Усё астатняе, вядома, таксама, што вельмі ўдачна. Аднак у якім кірунку яны рухаюцца і як мне з імі перасекчыся? Новыя адкрыцці нараджаюць новыя пытанні.
27 снежня 1989 года, Базэль
У імя Алаха, літасцівага і міласэрнага.
Я зноў вырашыў наведацца да знаёмага рабі. Няхай я ўжо зразумеў некаторыя рэчы пра тую парачку, мне хацелася спытаць, як Яно працуе. Дакладней, у чым канкрэтна стаіць задача тых, што Яго захоўваюць.
Спачатку рабі вырашыў, што я прасунуўся ў сваіх пошуках, і пачаў нервавацца. Аднак я заверыў яго, што сёння прыйшоў толькі паслухаць тэорыю, бо ў практыцы мне яўна не шанцуе. Ён трохі супакоіўся, нават павесялеў і распавёў тое-сёе.
Я ўжо чуў, што адзін з дваіх павінен загінуць падчас адчынення. Каб гэта зразумець, дастаткова прыгадаць, як выглядае тая частка і што яна азначае. Але ў чым сутнасць гэтага «рытуалу», я яшчэ не ведаў.
Яны абое здольныя адчыняць люстры. Аднак адзін з іх з’яўляецца «правадніком», а значыць, нягледзячы на меру сілы другога, можа ўзмацняць яе настолькі, што люстры адчыняюцца ім без уліку ўсёй спецыфікі, якую звычайна трэба вытрымліваць. Пры гэтым другі здольны працаваць і адзін. З часам ён вывучыць, як падладкоўвацца пад розныя люстры, і будзе адчыняць іх сам. Што ж да «правадніка», то яму абавязкова патрэбна, каб яго хтосьці падтрымліваў, бо працаваць самастойна ён не можа. Нельга сказаць, што ён паразітуе на чужой здольнасці адчыняць люстры, аднак яму заўжды неабходны нехта, хто дасць іскру, каб распачаць працу. Ён выступае толькі ў ролі своеасаблівага каталізатара, не больш за тое.
Калі ж трэба выкарыстаць Яго, то недастаткова проста сабраць усе часткі. Трэба знайсці пару: таго, хто можа адчыніць, і таго, хто можа ўзмацніць здольнасці першага. Іх сілы будзе дастаткова, каб запусціць Яго. Але для непасрэднага адчынення шляхоў патрэбна забіць «правадніка», бо толькі так можна па-сапраўднаму вярнуцца да сябе.
Гэта будзе проста неверагодным шанцаваннем, калі мне ўсё ж выпадзе спраўдзіць той план, які зараз саспеў у галаве і пакуль бачыцца за адсутнасцю іншых зачэпак адзіна магчымым. Рызыка вялікая, аднак і ўзнагарода за яе не меншая. Інакш мне ў любым выпадку з часам спатрэбіцца адшукаць яшчэ двух такіх людзей. Напэўна, яны будуць сябрамі, такія цуды рэдка існуюць паасобку.
Шкада, што выкарыстаць сілу такой пары можна ўсяго толькі раз. Але і самы шанец скарыстацца іхняй дапамогай выпадае толькі аднойчы. Заўжды кімсьці трэ ахвяраваць.