Раздзел 11
– Кімсьці трэ ахвяраваць, – прачытала Бася ўслых і адкінулася на спінку крэсла.
У гэта было проста немагчыма паверыць! У папярэдні раз яна думала, што выкарыстанне панам Альбрыхтам і Эль-Анабі аднаго слова «мэта» для азначэння пошукаў Ключа было простым супадзеннем, хаця тое яе трохі і бянтэжыла. Аднак каб размаўляць аднолькавымі фразамі – гэтага ўжо было занадта.
Ясна, што швейцарац нікога не пашкадуе дзеля сваіх інтарэсаў, таму і выказванні ў яго такія жорсткія. Але пан Альбрыхт! Няўжо ён быў гэткім жа бязлітасным дзедам, якому ні да каго няма справы, акрамя самога сябе? Няўжо ён таксама быў гатовы паставіць чужое жыццё супраць уласнай карысці?
Дзяўчынка прыгадала сваю сённяшнюю сустрэчу з ім маладым. Чаму ён сказаў тыя словы? Яны тычыліся самага дарагога ў яго жыцці – той дзяўчынкі, Анэлі…
А мо ён схлусіў Басі? Мо Міхал сапраўды ведаў, пра што казаў? Пан Альбрыхт проста наплёў ёй прыгожых гісторый, ведаючы, з якім захапленнем яна іх успрымае. Так, жыла ў Вільні падчас Другой сусветнай вайны дзяўчынка Анэля, аднак яна не стала яго адзіным на ўсё жыццё каханнем, ён проста патрапіў у яе сям’ю, а потым, як яна загінула, Анэліны бацькі ўсынавілі хлопчыка і выгадавалі як свайго нашчадка, пакінуўшы ў спадчыну дом, які насамрэч здаўна належаў яго роду. Мо і не любіў ён яе ўвогуле, бачыла ж Бася, як яны спрачаліся перад бамбаваннем. Хаця яна з Міхалам вунь таксама часта спрачаецца…
Дзяўчынка страсянула галавой, адганяючы непатрэбныя думкі, што перашкаджалі засяродзіцца зараз на істотнейшым за дурныя хваляванні разбітага сэрца. Нават каб усё выправіць у тым кірунку, трэба спачатку разабрацца з Ключом, двума старымі і ўсім астатнім, што да іх мае дачыненне.
Дык што, аповед пана Альбрыхта пра Анэлю – няпраўда? Але навошта тады ён увогуле распавёў усё гэта? Бася спытала яго пра люстра ў кватэры, а ён пачаў дзяліцца з ёй быццам бы самымі цяжкімі ўспамінамі, якія імкнуўся выправіць. Аднак што ён усё ж хацеў змяніць? І навошта для гэтага Ключ?
Бася ўперлася лбом у далоні. Нічога не зразумела. Нават раз важаць лагічна не атрымліваецца.
Яна вызірнула зпад рукі і ўбачыла стосік папер, павырываных на чарнавікі са старых сшыткаў. Бася ўзяла адну з іх і пацягнулася за асадкай. Думкі разбягаліся ў розныя бакі, таму, каб рухацца далей, некаторыя моманты трэ было занатаваць.
Дзяўчынка зажмурылася на імгненне, каб вырашыць, што пазначыць першым. Ахвяры. Бася паставіла лічбу «1», запісала гэтае слова і ад яго правяла дзве стрэлачкі. Пад адной яна пазначыла Ключ, а ў дужках зрабіла запіс наконт правадніка з памагатым (хаця хто каму з’яўляўся памагатым, яшчэ трэ вызначыць). Пад другой стрэлачкай дзяўчынка напісала імя пана Альбрыхта і паставіла пытальнік. Сапраўды, ці ведае стары пра неабходную ахвяру для адчынення шляху? Ці могуць яго словы, сказаныя пасля бамбавання, быць звязанымі з гэтым?
Бася задумалася. Калі ён ведаў, дык каго збіраўся выкарыстаць у гэтай якасці? Здаецца, яго надта хваляваў той факт, што разам з Міхалам яна лёгка магла адчыняць люстры. А вось Эль-Анабі вельмі здзівіўся, пачуўшы гэтую навіну і нават не даў пану Альбрыхту веры, аддаўшы перавагу інструкцыям да зборкі Ключа. Хаця ў сваім жа нататніку, амаль дваццаць гадоў таму, піша, што менавіта такая пара яму і патрэбная. Мо ён проста не чакаў, што ў пана Альбрыхта маюцца такія людзі, якіх ён, магчыма, знайсці не мог? Верагодна. А вось сам пан Альбрыхт, наколькі магла прыгадаць дзяўчынка, казаў, быццам пра існаванне гэтай з’явы даведаўся не так даўно. Аднак што ён лічыць за «даўно», а што за «нядаўна»? Дый усё роўна так не здагадаешся, ці яго проста цікавіла наяўнасць незвычайнай сувязі паміж Міхалам і Басяй, ці ён збіраўся яе неяк выкарыстаць. Збіралі Ключ яны, дарэчы, утраіх, таму ўсё было магчыма, як бы гэта ні пужала.
Дзяўчынка пагартала запісы Эль-Анабі тудысюды. Яна вырашыла аб’яднаць дакумент з папярэднім перакладам і зазірнула ў першыя нататкі. Араб пісаў пра ахвяраванне, яшчэ калі згадваў элемент Ключа, пошукі якога ён і дакументаваў у дзённіку. Відавочна, гэтыя цьмяныя намёкі пра падтрымліванне рук забітага сябра ні ў якай ступені не тычыліся тых частак, што пазбіраў пан Альбрыхт. Тут ішла гаворка менавіта пра адсутную нештачку, якой у старога не было. І як дапусціць, што пан Альбрыхт быў цалкам шчыры, калі прызнаўся, нібы блефаваў перад ёй, насамрэч не здагадваючыся, што гэта за элемент, то, магчыма, ён усё ж і не ведаў страшнай умовы карыстання Ключом. Аднак зноў такі – магчыма, а не дакладна.