Толькі вось ці з’яўляліся яны з Міхалам той парай, што ў тэорыі, якую яна цяпер ведала, была так патрэбная абодвум старым для здзяйснення іхніх планаў? І хто тады з іх быў звычайным адчыняльнікам люстраў, а хто – правадніком? Дзяўчынка паспрабавала ўспомніць усе свае спробы адчыняць люстры, якіх было не так і шмат. Саміх люстраў, з улікам ранішняй беганкі, было пяць. Ну добра, шэсць, калі залічыць яшчэ той раз, калі яна дапамагла Міхалу вярнуцца ў нядаўняе мінулае, а сама засталася ў цяперашнім часе. Так, праўда, два разы з гэтага спіса яна была побач з сябрам, калі ў яго не атрымлівалася адчыняць люстры самому, хаця пан Альбрыхт і казаў штосьці пра вялікі патэнцыял, што меўся ў юнака. Аднак стары мог гэта сказаць і проста, каб трохі пазлаваць Басю. Але ўсё роўна тыя разы яна ўзмацняла сілу Міхала. Хаця ў астатнім спраўлялася ў адзіночку. Нават сёння ніхто ёй не дапамагаў. А ў Эль-Анабі ясна напісана, што праваднік адзін не можа працаваць з люстрамі, яму нехта патрэбны. Значыцца, яна не праваднік.
Тады гэта Міхал? Дзяўчынка ўзважыла ўсе «за» і «супраць». Выходзіла, што так яно і ёсць. У юнака ніколі не атрымлівалася адчыняць люстры без яе. Нават у пачатак ХХ стагоддзя іх выправілі разам, каб паспець у час скарыстацца праходам. Значыцца, пан Альбрыхт, як заўжды, падмануў. Міхалаў патэнцыял зводзіўся толькі да ўзмацнення сіл іншага чалавека, здольнага адчыняць часавыя праходы.
Падаецца, усё было слушна. Ён, як зазвычай, быў у небяспецы, прычым, пры пэўных акалічнасцях, нават у большай, чым яна меркавала адразу. Дакладней, яны абое былі ў д’ябальскі рызыкоўным становішчы, і паранейшаму выратаваць іх магла толькі яна адна. Але якім чынам, Бася пакуль не ведала…
– Я думала, ты спіш, – зазірнула ў пакой мама. – Прыйшла цябе будзіць ужо.
– Не, я тут вырашыла нешта глянуць, – няпэўна прамармытала Бася, павярнуўшыся да яе цераз плячо.
– Святло хаця б уключыла, а то сядзіш у цемры, – мама шчоўкнула выключальнікам. – Спускайся да нас, там зараз фільм нейкі пачынаецца.
– Угу, – працягнула дзяўчынка.
Добра, што Міхал толькі паехаў у свой Люблін. А то з такімі поспехамі мама хутка будзе запрашаць не на «нейкі фільм», а на «фільм з Міхалам у галоўнай ролі». Будуць глядзець усёй сям’ёй, каментаваць. І абавязкова ў кіно будзе якая-небудзь пекная панна кшталту той каракаціцы з Трокаў…
Раздражнёна сапучы, Бася ўзнялася і выключыла ў пакоі верхняе святло. У цемры лепей. Скрыжаваўшы на грудзях рукі, дзяўчынка трохі пасядзела перад балючаяркім экранам, а потым усё ж запаліла лямпу на стале і зноўку ўзялася за асадку. Насупраць кожнага надпісу, да якога вялі стрэлкі, паставіла па плюсіку, вырашыўшы, што з гэтымі пунктамі яна большменш разабралася.
Незразумелым заставалася іншае: навошта пану Альбрыхту было адчыняць люстра, якое заставалася для яго глухім столькі гадоў? Бася намалявала двойку і зрабіла новы запіс. Калі гісторыя пра Анэлю ўсё ж такі праўда, то чаму ён ратаваў замест яе Басю, а потым проста сышоў праз люстра? А калі ўявіць, што стары схлусіў і Ключ патрэбны яму па тых жа прычынах, што, напрыклад, кіраўніку паўстання марыскаў, то незразумела, навошта было выдумляць такую гісторыю? Мог жа адкруціцца неяк інакш, каб затурбочанасць дзяўчынкі люстрам у яго кватэры адпала сама сабой.
Дык, мабыць, гэта і быў той самы спосаб? Яна ж не сказала яму, што бачыла на люстры цені, таму ён мог вырашыць, быццам яе проста зацікавіў выбар для апрабавання Ключа, а не само люстра. Мо яму ёсць што таіць? Напэўна, ёсць. Не быў бы ён панам Альбрыхтам.
Бася праверыла гадзіннік. Пазнавата для шпацыраў. Але можна і заўтра, трошкі часу яна мае. Казалі ж прадаўнікі, што гаспадар з’явіцца напрыканцы наступнага тыдня. Таму, нягледзячы на панядзелак з паўнавартасным навучальным раскладам, магчымасць завітаць у кватэру старога ёсць. Можна было б і прапусціць заняткі, аднак нечаканыя званкі са школы бацькам ёй не былі патрэбныя. Да таго ж новая вандроўка не мусіла заняць болей за дваццаць хвілін, цяпер дзяўчынка гэта ведала, дый не стане яна гэтым разам пападацца пану Альбрыхту на вочы. Яна здолее яго абхітрыць. Прынамсі, пастараецца.
Бася скамячыла аркушык, на якім крэсліла, і шпурнула ў сметнік пад сталом. Яна выключыла лямпу і пайшла да бацькоў глядзець фільм.
На другі дзень дзяўчынка сумленна адседзела ўсе ўрокі ў школе, а потым накіравалася на Сціклю. Спярша трэ было пераканацца, што стары яшчэ не вярнуўся. Мала ці што ён сказаў сваім памагатым. Напрыклад, яе не здзівіла б, калі б ён вырашыў прыйсці ў краму раней за меркаваны час, каб заадно праверыць працавітасць прадаўнікоў.
– Пана Альбрыхта няма, – нудна працягнуў адзін з іх, нават не дачакаўшыся, пакуль Бася паспее ў яго штосьці спытаць.
Яна кіўнула і заспяшалася прэч. Аббегшы дом, дзяўчынка выйшла на паралельную вуліцу. Праз вокны вызначыць прысутнасць каго-небудзь у кватэры было немагчыма, таму яна рушыла ў пад’езд. Нават калі стары ўжо вярнуўся і зараз адпачывае дома, штосьці яна здолее прыдумаць у сваё апраўданне.