Бася з трэскам зачыніла дзверы нагой і агледзелася, дзе б можна было паставіць талеркі з ежай. Падышоўшы да пісьмовага стала і кінуўшы крытычны позірк на непарадак, які там панаваў, яна, не выпускаючы з рук падноса, пасунула локцем стос кніг, незнарок змахнуўшы на падлогу некалькі падручнікаў. Юнак нахіліўся, каб падняць іх, але дзяўчынка нецярпліва сказала:
– Няхай ляжаць!
– Але, Бась, гэта ж твае кнігі, – запярэчыў ёй Міхал.
– Нічога, – адмахнулася яна і нарэшце паставіла паднос са шклянкай соку і талеркамі, на якіх ляжала тоўста і крыва нарэзаная шынка, жоўты сыр і хлеб.
– Частуйся! – пасунула Бася талеркі да юнака.
– Дзякуй, – усміхнуўся Міхал, сціпла ўзяўшы кавалачак сыру. Бася села ў крэсла на колцах і, перабіраючы нагамі па падлозе, пад’ехала на ім бліжэй да сябра. Яна зручней уладкавалася, паставіўшы на стол локаць і падпёршы далонню шчаку, ды, не зводзячы вачэй з Міхала, спытала яго:
– Ну, распавядзі, як ты?
– Ну як? Апошняе, што я памятаю ў маім часе, гэта як біўся з тымі бандытамі. Мне пашчасціла яшчэ, што карміцелька паклікала падмогу, бо адзін бы я з імі не зладзіў. Было шмат ран, а тут яшчэ запаленне лёгкіх, у мяне распачалася гарачка. Я, пэўна, ніколі так не пакутаваў.
– Вось небарака! – усхвалявана ўсклікнула Бася.
– Я нават не памятаю, як пан Альбрыхт працягнуў мяне скрозь люстра, – сказаў Міхал.
– Жах які, – прабурчала дзяўчынка і нахмурылася. – А потым? У нашым часе?
– Калі я ачуўся, дык не адразу зразумеў, дзе знаходжуся, бо ўсё навокал было белае, гарэла яркае святло. Калі шчыра, дык я вырашыў, што памёр, уяўляеш? – зарагатаў юнак.
– Вось дурны! Зусім не смешна, – дакорліва сказала Бася.
– Ну, Баська, прабач. Я ж тады яшчэ не ведаў, што трапіў сюды, у ХХІ стагоддзе. І не ведаў, што я ў шпіталі. Вось і падумаў, што… – Пад строгім поглядам дзяўчынкі Міхал прыкусіў язык і вырашыў працягваць сваё апавяданне, апускаючы некаторыя падрабязнасці. – Мне зрабілі аперацыю, раны зашылі. А пан Альбрыхт штодзень хадзіў да мяне. Калі я апрытомнеў, ён якраз сядзеў побач, чакаў, калі я ачуняю. Потым растлумачыў мне, што я ў тваім часе, навучыў чытаць па-вашаму, прынёс камп’ютэр.
– І па якой жа кнізе ён вучыў цябе чытаць? – пацікавілася Бася.
– Не па кнізе, па газетах.
– А чаму па газетах?
– Каб адначасова даведвацца, што адбываецца ў свеце, – патлумачыў Міхал.
– А цяжка было?
– Ну як сказаць? Не тое, каб занадта. Зараз шрыфт значна прасцейшы, чым у шаснаццатым стагоддзі. Увогуле мова прасцейшая. Я хутка навучыўся: за дзень, за два, – пахваліўся юнак.
– А навошта стары табе камп’ютэр прынёс?
– Ну, па-першае, ён кампактней за гару кніг, хаця кнігі пан Альбрыхт потым таксама прыносіў. Па-другое, я спачатку быў яшчэ слабы і доўга чытаць было цяжкавата, таму я больш глядзеў і слухаў. Ды, па-трэцяе, мне ж трэ было паступова асвойваць сучасную тэхніку!
– Дык ты за гэтыя два месяцы шмат чаму навучыўся! – Бася з захапленнем глядзела на Міхала.
– Крыху меней за два. Я ж яшчэ доўга хварэў.
– Тым больш! Ты такі малайчына, Міхалачак! Юнак трохі пачырванеў і збянтэжана ўсміхнуўся.
– Ды годзе, чаму там было вучыцца? Хіба што адразу шмат новага, а так нічога надзвычайнага, – лёгка паціснуў ён плячыма.
– Ну, вядома, як жа! Зусім нічога надзвычайнага і складанага, – перадражніла яго дзяўчынка і рассмяялася.
– А ты як? Што рабіла, пакуль мяне не было? – спытаў Міхал Басю.
– Ды што я? – Яе аблічча адразу змянілася. – Ты як люстра разбіў, я адразу нібы памерла. Хадзіла тут, як прывід, бадзялася па Вільнюсе, успамінала, дзе мы з табой разам шпацыравалі. Да пана Альбрыхта часта заходзіла, а яго ўсё не было. Я так сердавала, што ён знік! Я ж не ведала, што ты застаўся жывы, думала, яны цябе забілі…
У Басі на вочы раптам навярнуліся слёзы, і па шчацэ скацілася вялізная кропля.
– Ну, Баська, не трэба. Затое цяпер мы разам! – паспрабаваў супакоіць яе Міхал.
Дзяўчынка ўсміхнулася скрозь слёзы і схапіла сваімі далонькамі яго гарачую руку. Тут пачуўся нясмелы грукат у дзверы, і ў пакой зазірнула матуля. Бася з Міхалам адразу адпусцілі рукі і ўтаропіліся ў яе.
– Выбачайце, дык вы не жадаеце папіць гарбаты? – спытала яна.
– Пачынаецца, – прамармытала сабе пад нос Бася.
– Так, дзякуй вялікі, – сказаў юнак. – Мы зараз спусцімся.
– Міхал, можа, вы б хацелі паабедаць? – прапанавала матуля.
– Ну што вы, мне і так надта няёмка турбаваць вас! Дзякуй, не варта.
– Упэўнены?
– Мама, ідзі стаў гарбату! – нагадала Бася.
– Ну тады спускайцеся. – Матуля зачыніла за сабою дзверы. Трохі пачакаўшы, пакуль сціхнуць крокі, Бася, фыркнуўшы, сказала:
– Ну вось, як заўжды: ці не жадаеце гарбаты, спускайцеся ўніз… Немагчыма нават хвіліны сам-насам пабыць!
– Хадзем, мы ж павінны паважаць тваіх бацькоў. Тым больш што, на мой погляд, маладому чалавеку непрыстойна так доўга знаходзіцца ў паненчыным пакоі, ды яшчэ ўдваіх, – заўважыў Міхал.
– Ага, значыцца, калі я ў цябе ў пакоі хавалася, гэта было прыстойна, а як ты да мяне ў госці завітаў, дык гэта адразу зрабілася непрыстойным, так? – абурана ўсклікнула дзяўчынка.
– Гэта розныя рэчы!
– Цікава, чаму?
– У мяне не было бацькоў.
– А карміцелька?