– Я не магу чакаць. Можа быць надта позна. Калі ты хочаш забраць рэч, прыязджай заўтра.
Пан Альбрыхт на секунду задумаўся, схапіўшыся рукою за сваю вострую бародку, а затым рашуча прамовіў:
– Сам я да цябе не здолею прыехаць, але адпраўлю памагатага.
– Гэта надзейны чалавек?
– Так. Яго імя Міхал Саколіч. Я дашлю табе фотаздымак, каб ты ведаў, як ён выглядае. Заўтра ён будзе ў цябе.
Міхал зайшоў у антыкварную краму пана Альбрыхта і адразу накіраваўся да яго кабінета. Узняўшыся па прыступках, што вялі да дзвярэй, юнак пагрукаў.
– Так, уваходзьце! – пачуў ён голас старога.
– Добры вечар, пан Альбрыхт! – Міхал зайшоў у кабінет і зачыніў за сабою дзверы.
Седзячы за пісьмовым сталом і перабіраючы паперы, стары ўзняў на юнака вочы:
– Добры, Міхал! Вось вашыя квіткі на самалёт. – Пан Альбрыхт працягнуў юнаку два прастакутнікі.
– На самалёт? Але ж я раней ніколі не лятаў самалётам, – сказаў Міхал.
– Я здагадваюся. Аднак так будзе хутчэй. Вылет з Вільнюса заўтра а восьмай раніцы, таму я заеду па вас а шостай гадзіне і адвязу на лётнішча.
– Добра, – кіўнуў Міхал. – А калі назад? Стары пакруціў галавой і падказаў:
– На квітках напісаны час адлёту.
– А, і праўда, выбачайце! – збянтэжыўся юнак, у імгненне пакрыўшыся пунсовай фарбай.
– Нічога надзвычайнага, гэта справа звычкі, – паблажліва ўсміхнуўся пан Альбрыхт.
– Значыцца, назад у чвэрць на чацвёртую, так? – удакладніў юнак, даследуючы квіткі.
– Так, у Празе вы будзеце мець каля трох гадзін, каб усё паспець.
– А што мне трэ будзе зрабіць?
– Вам трэ будзе забраць у майго знаёмага адну невялікую штучку.
– Што за штучка? – пацікавіўся Міхал.
– Нешта кшталту манеткі з дзірачкай пасярэдзіне, – адказаў стары.
– А навошта такі паспех з-за манеткі?
– Разумееце, Міхал, чалавек, да якога вы едзеце, вельмі доўга не хацеў мне яе аддаваць, хаця я шмат гадоў запэўніваў яго, што гэтая рэч мне вельмі неабходная. І вось зараз ён сам прапанаваў мне забраць яе, але папрасіў зрабіць гэта як мага хутчэй, таму я і прашу вас паляцець за ёю.
– Ясна.
– Я сапраўды вельмі не хацеў бы турбаваць вас адразу пасля таго, як вы выйшлі са шпіталя. Мне насамрэч вельмі няёмка, але, разумееце, я проста не паспяваю з’ездзіць у Прагу сам, – патлумачыў пан Альбрыхт.
– Ды нічога, я з’езджу. Мне не будзе праз гэта ніякага клопату, – запэўніў яго юнак. – А дзе мне знайсці вашага знаёмага?
– Зараз я напішу вам адрас. Калі вы прыляціце ў Прагу, вазьміце таксі і пакажыце кіроўцу… – стары хутка напісаў на квадратным аркушыку некалькі радкоў, – вось гэтую паперку. Ён адвязе вас да патрэбнага месца. Імя майго знаёмага – Караль Новак.
– А як ён пазнае мяне?
– Ён ведае вашае імя і як вы выглядаеце. Таму вам будзе дастаткова пазваніць у дзверы і прадставіцца. Ён аддасць вам патрэбную рэч, і вы можаце ехаць назад на лётнішча.
– Добра, я ўсё зразумеў.
– А зараз раю вам ісці дадому, трэба выспацца перад дарогай.
– Так, канечне. Да пабачэння, пан Альбрыхт.
– Да пабачэння. Заўтра а шостай я па вас заеду.
Юнак кіўнуў і ўжо збіраўся адчыніць дзверы, як стары папрасіў яго напаследак:
– Міхал, і яшчэ… Не забудзьцеся паставіць будзільнік.
– Добра, не забудуся! – Міхал усміхнуўся пану Альбрыхту і пайшоў з кабінета.
Да таго часу, калі стары мусіў заехаць па яго, Міхал цалкам быў гатовы да сваёй невялікай вандроўкі. Склаўшы ў заплечнік байку і адну з кніжак па гісторыі, якой з ім падзяліўся пан Альбрыхт, юнак прысеў у адзінае крэсла, што знаходзілася ў яго паўпустой кватэры, і паглядзеў на гадзіннік. Як толькі стрэлкі паказалі роўна шэсць, пачуўся званок у дзверы. Юнак паспяшаўся адчыніць і ўбачыў на сваім парозе пана Альбрыхта ў светлым доўгім плашчы і элегантным капелюшы.
– Дабрыдзень! А я ўжо гатовы! – выпаліў Міхал.
– Я вельмі рады за вас, але дазвольце мне прайсці, – сказаў стары і праціснуўся ў вітальню. – Зачыніце пакуль дзверы.
Юнак паціснуў плячыма і паслухмяна выканаў просьбу пана Альбрыхта.
– Міхал, прабачце мяне за дурное пытанне, але ці маеце вы брудную бялізну?
– Ну-у, маю. – Юнак са здзіўленнем паглядзеў на старога. – А вам навошта?
– Вельмі добра, нясіце сюды.
Міхал падазрона скасавурыўся на пана Альбрыхта і, схадзіўшы ў ванную, прынёс адтуль камяк са шкарпэтак і майткоў.
– Выдатна! – прамармытаў стары і, дастаўшы з кішэні поліэтыленавы пакет, сказаў: – Кладзіце.
– Што, вось так камяком і класці?
– Так-так, кладзіце, кладзіце. Вось так. Цудоўна. А зараз запхніце гэты пакунак у свой заплечнік.
Канчаткова заблытаўшыся і нічога не разумеючы, Міхал асцярожна спытаў:
– Пан Альбрыхт, выбачайце, але навошта мы гэта робім?
– Ах, Міхал, адразу бачна, што вы яшчэ не маеце досведу! – усклікнуў стары. – Але гэта зразумела, потым прызвычаіцеся. Калі вы будзеце везці з Прагі штучку, пра якую я вам казаў, проста загорнеце яе ў шкарпэткі. Гэта надзейней за нашэнне ў кішэнях.
– А-а, – працягнуў юнак. – Ясна.
– Ну а зараз хадземце. І накіньце байку: на дварэ прахалодна.
– Добра, – згадзіўся Міхал.
Ён апрануўся і, на хаду закідваючы на спіну заплечнік, разам са старым выйшаў з кватэры. На вуліцы іх чакаў аўтамабіль з кіроўцам.