Вырашыўшы не спрачацца з ім, Міхал згадзіўся і, калі прыехала таксі, паслухмяна сеў у аўтамабіль. Толькі дом Караля Новака знік з поля зроку, як юнак папрасіў спыніць машыну і, расплаціўшыся з кіроўцам, выправіўся на шпацыр па старой Празе. Блукаючы па вузкіх вулачках, Міхал натрапіў на кавярню, што знаходзілася проста на двары. Вырашыўшы перакусіць, бо зранку ён папіў толькі гарбаты, юнак сеў за круглы столік, паставіўшы свой заплечнік на суседняе крэсла, і замовіў сабе кубак кавы і марозіва. Перыядычна пазіраючы па баках і правяраючы, ці на месцы заплечнік, Міхал цешыўся цёплым вераснёвым днём і дэсертам, густа палітым шакаладам. А першай гадзіне ў яго кішэні зазваніў тэлефон.
– Алё! – узяў слухаўку юнак.
– Міхал? Дзень добры! Гэта Штоф.
– Дзень добры, пан Альбрыхт!
– Ці вы ўжо на лётнішчы? – спытаў стары.
– Э-э, так. Сяджу ў кавярні, – непарушна адказаў Міхал, глянуўшы на гадзіннік і жахнуўшыся часу, які ён паказваў.
– Цудоўна. Я проста патэлефанаваў, каб даведацца, ці ўсё ў вас добра.
– Так, усё добра, – ухіліста адказаў юнак, паралельна вымаючы з кішэні партманет, каб расплаціцца з афіцыянтам, які прынёс у гэты момант рахунак.
– Тады я мяркую, што а сёмай мы пабачымся?
– Так-так, зразумела, пан Альбрыхт!
– Добра. Да сустрэчы, Міхал, – развітаўся стары.
– Да сустрэчы, – сказаў юнак і, выключыўшы тэлефон, зноў запхнуў яго ў кішэню.
Хутка даеўшы марозіва і адным глытком дапіўшы каву, ён схапіў са стула заплечнік і памчаў лавіць таксі. Нягледзячы на шматлікія дарожныя пробкі, Міхал усё ж такі паспеў на лётнішча. Калі ён прабіраўся праз натоўп да рэгістрацыйнага стала, высокая бландзінка гадоў дваццаці пяці абагнала юнака, балюча ткнуўшы яго локцем. Паглядзеўшы на Міхала такім пагардліва-фанабэрлівым позіркам, нібы гэта ён амаль не збіў яе з ног, дзяўчына энергічна рушыла наперад. «От ужо, незачэпа», – ледзь паспеў падумаць юнак, як роўна ў яго перад вачыма у дзяўчыны падвярнулася нага і яна пачала валіцца, выпускаючы свае шматлікія торбы і пакункі. Падаспеўшы да яе ў адзін скок, Міхал спрытна падхапіў бландзінку адной рукой і дапамог ёй устаць на ногі. Тая штосьці залапатала на незразумелай мове і, убачыўшы раскіданыя па падлозе пакункі, кінулася іх збіраць, але, як на злосць, тыя рассыпаліся і ніяк не жадалі ўмясціцца ў адной руцэ. Тады Міхал апусціўся побач з ёю на кукішкі і дапамог дзяўчыне сабраць багаж. Яна зноў штосьці ўдзячна прамовіла на сваёй мове і ўсміхнулася. Нарэшце скончыўшы з торбамі і пакункамі, яны ўдваіх падышлі да рэгістрацыйнага стала. Калі Міхалу вярнулі квіток і далі пасадачны талон, бландзінка зноў штосьці ўсклікнула, звяртаючыся да юнака, і ўзрадавана ўсміхнулася яму.
– Прабачце, я не разумею, – прамовіў Міхал, вінавата ўсміхаючыся ў адказ.
– Sprechen Sie deutsch?[4]
– спытала яна са спадзевам у здзіўляльна цёмных для бландзінкі вачах.– Ja, natürlich![5]
– не надта ўпэўнена сказаў Міхал, які ў апошні раз карыстаўся нямецкай мовай падчас вандроўкі да аднаго з княстваў Свяшчэннай Рымскай імперыі, калі быў яшчэ жывы яго бацька.– О, выдатна! – з захапленнем усклікнула дзяўчына. – Відаць, мы ляцім адным самалётам.
Міхал, трохі засаромеўшыся і паружавеўшы, кіўнуў.
– Ну, калі ўжо нам разам ляцець, дык давайце знаёміцца! – прапанавала дзяўчына. – Я – Жульет Буфон.
– Міхал Саколіч. – Юнак асцярожна паціснуў працягнутую руку.
– Як вы глядзіце на тое, каб выпіць кубачак кавы? – спытала Жульет Буфон, міла ўсміхаючыся.
Міхал спачатку хацеў адмовіцца, бо нядаўна ўжо піў каву, але, падумаўшы, што гэта будзе няветліва, пагадзіўся.
– А вы чэх? – Жульет уважліва глядзела на Міхала, калі яны сядзелі ў кавярні недалёка ад залы чакання.
– Не, я з Літвы, – адказаў юнак.
– Дык вы ляціце дадому?
– Ну, так. А вы? – спытаў Міхал.
– А я лячу па справах. Я францужанка, дакладней, мой тата француз, а ў Вільнюсе я маю якую-ніякую працу, – распавяла дзяўчына. – А ў вас пацешны акцэнт!
Міхал зноў збянтэжыўся: дзіўна, што яна ўвогуле разумее, што ён кажа, пэўна, яго нямецкая гучыць занадта ўжо старамодна.
Калі прыйшоў час сядаць у самалёт, Міхалу і Жульет выпала развітацца, бо ў яго быў квіток эканом-класа, а дзяўчына накіравалася да бізнес-класа. Але не паспеў юнак пакласці заплечнік на палічку для ручной паклажы і ўладкавацца ў фатэлі, як да яго падышла сцюардэса і запрасіла прайсці з ёю. Апынуўшыся ў салоне бізнэскласа, Міхал убачыў сваю новую знаёмую.
– Прысаджвайцеся! – паказала яна яму на суседні фатэль побач з акном. – Высветлілася, што каля мяне ніхто не сядзіць. Вось я і падумала, што тут вам будзе больш зручна.
Міхал падзякаваў Жульет і, закінуўшы заплечнік наверх, усеўся ў фатэлі, радасна прадчуваючы, як ён будзе глядзець у ілюмінатар падчас палёту. Акрамя яго і Буфон у салоне была толькі жанчына з дзіцём, якое ўвесь час капрызіла і хныкала. Пасля таго як самалёт узляцеў і юнак удосталь наглядзеўся ў акно, ім прынеслі абед.
– А што, калі мы вып’ем за знаёмства шампанскага? – спадарожніца Міхала натхнілася новай ідэяй.
– Ой не, дзякуй, – запратэставаў ён.
– Чаму? – Жульет зрабіла вялізныя вочы. – Зусім трошачкі.