– Яшчэ не хапала! – строга звёўшы бровы, сказаў юнак. Змерыўшы яго пагардлівым позіркам, Бася вярнулася да шафіка і, зноў наліўшы сабе каньяку, уладкавалася ў фатэлі, маляўніча закінуўшы адну нагу на другую. Юнак абурана паглядзеў на дзяўчынку, а стары толькі махнуў рукою:
– Кіньце, Міхал, нам усім не пашкодзіць зараз крыху супакоіцца. А каньяк у такіх выпадках – найлепшы сродак.
У адказ на яго словы Бася хвацка глытнула добрую палову змесціва шклянкі, але, не разлічыўшы сваіх сіл, адчайна закашлялася, з вачэй пырснулі слёзы.
– Н-да, – стары дастаў бездакорна белую насоўку і працягнуў яе дзяўчынцы.
Усхліпваючы ды пырхаючы, Бася ўцерла вочы, а потым, шумна высмаркаўшыся, хацела была вярнуць насоўку пану Альбрыхту, але, апамятаўшыся, засунула сабе ў кішэню. Дзяўчынка спадылба зірнула на Міхала. Той сядзеў і агідна ўсміхаўся.
– Ну што ж, – сказаў пан Альбрыхт. – Зараз, думаю, можна і пачаць.
Захмялелая Бася спаўзла ў фатэлі, ткнуўшыся каленямі ў калені Міхала, і, падпёршы кулаком шчаку, падрыхтавалася слухаць.
– Шмат гадоў таму я знайшоў дзённік бацькі, у якім ён распавядаў пра сваё паломніцтва ў Святую Зямлю. Аднойчы падчас вандроўкі яго паклікалі да хворага, які паміраў. Ён паводзіў сябе даволі дзіўна, бо патрабаваў, каб да яго прывялі таго, хто ведае латынь, але ж гэты чалавек не мусіў быць манахам. Надта падазрона для сярэднявечнага хрысціяніна. На шчасце, да яго прывялі майго бацьку, які дзякуючы сваёй прафесіі ведаў мноства моў, у тым ліку і латынь. І вось хворы паведаміў яму, што існуе нейкі механізм, які называецца Clavis speculari, іншымі словамі «Ключ да люстра», здольны адчыняць кожнае люстра без залежнасці ад фазы месяца, часу, месца і іншых фактараў.
– Не можа гэтага быць! – у захапленні прашаптала Бася і падцягнулася ў фатэлі, зацікаўлена гледзячы на пана Альбрыхта.
– Відавочна, можа, – адказаў ёй стары і працягнуў: – Валодаць такім механізмам хацелі многія, і вельмі часта гэта былі людзі, якія прагнулі скарыстоўваць яго ў карыслівых мэтах. Таму было ўтворана нейкае падабенства Ордэна, які ахоўваў таямніцу Ключа. Спачатку хавальнікаў было шасцёра, у кожнага быў адзін са складовых элементаў механізма, які ён павінен быў берагчы як зрэнку вока. Усе хавальнікі раз’ехаліся па розных краінах, і толькі ў вызначаны час яны сустракаліся, кожны раз на новым месцы. Зразумела, што перыядычна з’яўляліся людзі, якія пачыналі іх пераследваць, хавальнікаў забівалі, каб адабраць элементы Ключа і сабраць яго ў адзінае цэлае. Таму некаторыя складовыя зніклі з поля зроку Ордэна. Чалавек, што распавёў майму бацьку гэтую гісторыю, быў адным з хавальнікаў. Ён амаль здолеў зноўку сабраць усе элементы, але, калі вандраваў па пустэльні, на яго напалі бедуіны, абрабавалі і вельмі сур’ёзна пакалечылі, бо натуральна, што хавальнік не збіраўся аддаваць механізм і намагаўся абараніць яго. Ён здолеў захаваць толькі адну частку – Аснову, якую і перадаў майму бацьку. Хавальнік таксама распавёў, што ўяўлялі сабой астатнія элементы. Бацька здолеў адшукаць адзін, я таксама знайшоў толькі адзін элемент Ключа. Зараз я мог бы мець ужо чатыры складовых механізма, бо манетка Караля Новака была адной з іх.
Уважліва выслухаўшы пана Альбрыхта, Бася цяжка ўздыхнула:
– Эх, Міхал, Міхал! Такую рэч прашляпіў… Юнак пахмурна паглядзеў на яе.
– І галоўнае з-за чаго? З-за бландзінкі… З-за нейкай Жульеткі, – працягвала дзяўчынка. – Рамэа знайшоўся!
– Бася, ты трызніш? – не зразумеў яе Міхал.
– А, праўда! Ты ж у нас Шэкспіра яшчэ не чытаў, – прыгадала Бася. – Кінь, пустое.
Крыху памаўчаўшы, яна звярнулася да старога:
– Пан Альбрыхт, а як выглядае механізм?
Стары выняў са стала стары сшытак, а потым, узняўшыся, павярнуўся да карціны, што вісела ў яго за спінаю, і націснуў штосьці на сцяне. Зразумеўшы, што пан Альбрыхт збіраецца адчыніць свой патайнік, Міхал ветліва адвярнуўся, а Бася, ні крыху не саромеючыся, назірала за дзеяннямі старога. Юнак ціха кашлянуў, заклікаючы дзяўчынку да парадку, але тая толькі адмахнулася ад яго.
Пан Альбрыхт дастаў з сейфа дзіўнага выгляду канструкцыю, падобную да вычварнага падсвечніка, і два невялічкія аксамітавыя мяшэчкі.
– Гэта Аснова, – стары паказаў на няўстойлівую канструкцыю з пяці рухомых колаў з дзяржальнамі і маленькай паўсферай пасярэдзіне, з-за якой Аснова нахілялася ўбок.
Развязваючы мяшэчкі і беражліва дастаючы іх змесціва, пан Альбрыхт адначасова працягваў свой расповед:
– Гэтая срэбная пласціна раней служыла другім донцам для скрыначкі, а гэты камень знайшоў мой бацька.
Убачыўшы цёмна-чырвоны адпаліраваны камень ромбападобнай формы, Бася з іскрыстымі вачыма спытала:
– Рубін?
– Не, шпінэль, – адказаў пан Альбрыхт.
– А ў чым розніца?
– Вы чытаеце па-англійску?
– Зразумела, – кіўнула дзяўчынка. – Я насамрэч у лінгвістычнай школе навучаюся.
– Можаце потым узяць у мяне адну кнігу, у якой пра гэта найпадрабязнейшым чынам напісана.