– Але ж гэта амаль перад самым пачаткам Першай сусветнай вайны! – усклікнула дзяўчынка.
– Менавіта таму я і сказаў, што для вас гэтая вандроўка будзе вялікай рызыкай. Вам лепей застацца дома.
– Несправядліва! – надзьмулася Бася.
– Справядліва. Дастаткова аднаго трупа, – сувора сказаў стары.
– Гэта вы пра што? – не зразумела яго дзяўчынка.
– Караль Новак забіты, – растлумачыў Міхал.
– Як забіты? – Бася так і павалілася ў фатэль. – Як вы даведаліся?
– Калі я не здолеў дазваніцца да яго, я наняў людзей, каб яны даведаліся, што здарылася. Некалькі тыдняў таму мне паведамілі, што Караль забіты ва ўласным доме. Ён казаў мне падчас нашай апошняй тэлефоннай размовы, што за ім сочаць. Але тады я не надаў гэтаму значэння. Як бачыце, я памыліўся.
– Якім чынам яго забілі?
– Мяркуючы па шматлікіх слядах ад уколаў на руках, яму ўводзілі нейкія ін’екцыі. Хутчэй за ўсё, спачатку яму ўвялі расслабляючыя наркотыкі, каб выцягнуць інфармацыю, каб ён не быў здольны кантраляваць сябе. Потым яго такім жа чынам забілі – увялі атруту.
– Дык ён жа мог распавесці сваім забойцам усё: і пра вас, і пра Міхала, і пра тое, што вы спрабуеце сабраць Ключ! – усклікнула Бася. – І тая дзяўчына, якая выкрала манетку, – яна, пэўна, таксама з імі разам!
– Відаць, так, – кіўнуў пан Альбрыхт.
– Ды вас жа ў любы момант могуць знайсці! Дзіўна яшчэ, што на вас да гэтай пары ніхто не натрапіў.
– Мабыць, ужо і натрапіў. Толькі мы пра гэта пакуль не ведаем, – сказаў Міхал.
– Дзякуй, аптымістычна! – адгукнулася дзяўчынка і рашуча дадала: – Трэба дзейнічаць!
– Так, дзейнічаць трэба, – згадзіўся стары. – Але да вас гэта не мае ніякага дачынення, мадэмуазэль.
– Чаму? – Бася ўмольна паглядзела спачатку на пана Альбрыхта, а потым на Міхала.
– Не, мадэмуазэль Барбара! – адрэзаў стары. – Цяпер вам лепей увогуле не хадзіць да гэтай крамы. Невядома, як гэта можа адгукнуцца ў бліжэйшы час. А мы з Міхалам паспрабуем ва ўсім разабрацца.
– Ды пакуль вы будзеце разбірацца, Венера патрапіць у рукі да гэтых агідных мярзотнікаў, што забілі Новака! А я б магла дапамагчы Міхалу з люстрам.
– Але, мадэмуазэль Барбара, акрамя бандытаў, што забілі Новака, могуць выпасці шматлікія небяспечнасці і па-за люстрам, вы ж самі разумееце, што ўяўляе сабой Першая сусветная.
– Разумею. Вы так кажаце, бы я не ведаю, што такое небяспека, – прамовіла Бася з выглядам бывалага. – Пан Альбрыхт, вы ж таксама пойдзеце з намі за Венерай?
Стары пакруціў галавой:
– Міхал пойдзе адзін.
– Як гэта адзін? А я?
– Мадэмуазэль, ваш паход у мінулае нават не абмяркоўваецца! – які раз ужо нагадаў пан Альбрыхт, пачынаючы злавацца.
– Годзе, пра гэтае пазней, – прабурчала дзяўчынка. – Ну а вы чаму не пойдзеце?
– Разумееце, калі я падыходжу да люстра, якое спрабуе адчыніць Міхал, яно зачыняецца. Таму мы не можам прайсці ўдвух. А калі праходзіць па чарзе, то натуральна, што час будзе змарнаваны, пакуль другі з нас будзе чакаць наступнага адчынення.
– А чаму гэта адбываецца?
– Я маю значна большы досвед, чым Міхал, значыцца, і сіла, з дапамогай якой я адчыняю люстры, у шмат разоў перабольшвае ягоную. Калі мы ўдвух падыходзім да люстра, нашы сілы складаюцца, атрымліваецца, што накіраваная на яго энергія залішняя, і яно не можа зладзіць з больш вялікім струменем за той, на які разлічана. Такім чынам, яно зачыняецца.
– Але ж як вы тады пранеслі Міхала з XVI стагоддзя сюды? – здзівілася Бася.
– Тады Міхал быў хворы, у яго амаль не было сілы, бо жыццё ў ім ледзь цьмела. Таму ў той момант я мог бесперашкодна правесці яго праз люстра.
– Дык што, дваіх люстра не прапусціць? – засмуцілася была Бася.
– Звычайна – не, – сказаў Міхал.
– За выключэннем асобных выпадкаў, – умяшаўся стары, – калі паміж людзьмі, што праходзяць праз люстра адначасова, існуе нейкая непарушная сувязь, дзякуючы якой іх агульная энергія рэгулюецца і накіроўваецца на шкло менавіта ў той колькасці, у якой неабходна.
– Ого! – прамармытала Бася. – Гэта неяк занадта складана.
– Насамрэч нічога складанага. Законы фізікі, – сказаў пан Альбрыхт.
– Ага, – Бася скасавурылася на Міхала. – А такая сувязь – рэдкая з’ява?
– Дастаткова, – адказаў стары. – Але яна існуе паміж вамі з Міхалам.
Бася раптам запунсавелася і ўпотайкі зірнула на сябра, які, нахмурыўшыся, уважліва слухаў пана Альбрыхта.
– А гэта дакладна так? – нясмела спытала яна.
– Так, мадэмуазэль. Наяўнасць сувязі паміж вамі бясспрэчная з прычыны таго, што вы шмат чаго перажылі разам.
– Значыцца, мы ўсё ж такі маглі б прайсці праз люстра ўдваіх? – удакладніла Бася.
– Пры неабходнасці – так.
– Пан Альбрыхт, але ж мне так карціць пайсці за Венерай разам з Міхалам. Ну калі ласка! – папрасілася дзяўчынка.
– Ах, мадэмуазэль, паверце, што я насамрэч і не супраць, каб вы таксама перайшлі ў лета тысяча дзевяцьсот чатырнаццатага, нягледзячы на магчымую рызыку, бо ведаю, што ўдваіх вам было б значна лягчэй. Але гэтае рашэнне прыняў не я, – сказаў пан Альбрыхт.
– А хто? – Бася разгублена ўтаропілася ў старога.
– Міхал, – пан Альбрыхт паказаў рукою на юнака.
– Што?! – дзяўчынка амаль не задыхнулася ад абурэння. – Ах, значыцца, вось як?!