– Ну, тады можна сказаць, што Міхалу трэ паехаць кудысьці на абследаванне, але ён не хоча выпраўляцца адзін, а вы, пан Альбрыхт, не можаце суправаджаць яго, бо маеце шмат спраў тут, у Вільнюсе. Мае бацькі ж ведаюць, што Міхал ляжаў у шпіталі, я думаю, яны згадзіліся б мяне адпусціць разам з ім. Тым больш што яны вельмі турбуюцца за тваё здароўе, – Бася шматзначна зірнула на юнака.
– Вось гэта ўжо лепей! – ажывіўся пан Альбрыхт. – Тады нам застаецца толькі прыдумаць, куды менавіта вы паедзеце.
– Мне гэта не падабаецца, – прабурчаў Міхал.
Стары і Бася, якія ўжо былі нарыхтаваліся абмеркаваць дэталі ўяўнай вандроўкі, здзіўлена ўтаропіліся ў яго.
– А што ты прапануеш? – нецярпліва спытала дзяўчынка.
– Што хочаце, але толькі не гэтую ідэю з абследаваннямі. Я лічу, што нельга спекуляваць даверам тваіх бацькоў. Я ж не калека! Навошта маніць? – з крыўдай у голасе прамовіў Міхал і, крыху памаўчаўшы, дадаў: – Чаму, у рэшце рэшт, я не магу мець цётку дзесьці за горадам, якая б запрасіла нас да сябе ў госці на дзень нараджэння?
– А гэта добрая думка! – усклікнуў стары. – Я ж сапраўды маю домік каля мора, дзе жыве адна дама, якую ў будучыні можна будзе выдаць за цётку Міхала.
– А што за дама? – удакладніла Бася.
– Пустое, – ухіліста адказаў пан Альбрыхт.
– Што значыць «пустое»? Вы хаваеце ад нас нейкія таямніцы? – Бася падазрона прыжмурылася, пазіраючы на старога.
Той напусціў на сябе незалежны выгляд і, строга прыўзняўшы адно брыво, сказаў:
– Гэта адна мая даўняя знаёмая.
– А вы ўпэўнены, што ёй можна давяраць? – не ўтаймоўвалася дзяўчынка.
– Мадэмуазэль Барбара, паверце, што я магу набрахаць ёй усё, што толькі пажадаю, прыдумаўшы якую-небудзь надта рамантычную гісторыю, – стомлена ўздыхнуў стары. – Але пакуль мы не маем такой патрэбы, я зусім не збіраюся распавядаць ёй пра нашы планы.
– А як мы тады паедзем да яе ў госці?
– Мадэмуазэль, вы не забыліся, куды насамрэч збіраецеся з Міхалам? – нагадаў пан Альбрыхт.
– А, праўда, – спахапіўшыся, прамармытала Бася. – А колькі часу спатрэбіцца для нашага падарожжа?
– У тысяча дзевяцьсот чатырнаццатым годзе каля двух тыдняў, а ў нашым часе дні тры-чатыры.
– Пан Альбрыхт, вам прыйдзецца патэлефанаваць маім бацькам і пра ўсё іх папярэдзіць.
– Вядома, увечары я з імі пагавару. Але перад гэтым вы мусіце самі ўсё ім распавесці. Толькі, мадэмуазэль Барбара, маніце ў агульных рысах, а то мы пазасыпаемся на дробязях, – падміргнуўшы, папрасіў дзяўчынку стары. – Памятайце: заўтра мы едзем на дзень нараджэння да цёткі Міхала, што жыве пры моры. Пагасцюем у яе пару дзён і вернемся ў горад у нядзелю ўвечары ці ў панядзелак да абеду, у залежнасці ад таго, якое будзе надвор’е. Ну вось, здаецца, і ўсё.
Прыйшоўшы дахаты, Бася на імгненне спынілася ў вітальні, прыслухоўваючыся да гукаў дома. Пачуўшы звыклае пабразгванне посуду, дзяўчынка ціхенька ўвайшла на кухню і сказала:
– Прывітанне!
Матуля здрыганулася ад нечаканасці:
– Цьху на цябе, Баська! Напужала. Я не чула, як ты зайшла.
– Ну прабач мне, матулечка! – Бася абняла яе.
– Не падмазвайся. – Матуля пацалавала дачку ў нос. – Хадзі мыць рукі. Тата ўжо едзе дамоў, зараз будзьма за стол садзіцца.
Пакінуўшы дзверы ў ванную адчыненымі, каб было зручна перагаворвацца, Бася пусціла ваду і, намыліўшы рукі, крыкнула:
– Мяне ў госці запрасілі.
– Што? Што ты кажаш? У мяне вада цячэ, я не чую.
– У мяне таксама вада цячэ, але я цябе чамусьці добра чую, – сказала сабе пад нос дзяўчынка.
Вымыўшы рукі, яна вярнулася на кухню і паўтарыла:
– Я кажу: мяне ў госці запрасілі.
– Хто? – цераз плячо спытала матуля.
– У цёткі Міхала дзень нараджэння, вось яны мяне і запрасілі.
– Цёткі?
– Дзядзькі! Міхал мяне паклікаў.
– О, цябе запрасілі на сямейную ўрачыстасць. Гэта так міла, – здзекліва прамовіла матуля.
Бася закаціла вочы і зрабіла ротам непрыстойны гук.
– Не забудзься так зрабіць, калі будзеш знаёміцца са сваякамі Міхала.
– Дык я магу пайсці? – ігнаруючы маміну заўвагу, спытала Бася.
– Ну а чаму не? Толькі трэ прыдумаць, што падарыць. Міхал зрабіў мне такі цудоўны падарунак! Нядобра будзе адкруціцца чымсьці фармальным.
– Матуль, ты ж разумееш, лепш за ўсё – кветкі ды цукеркі. Тым больш што часу няма на выдумванне падарункаў.
– У сэнсе?
– Ну як? Дзень нараджэння ў суботу, выязджаем заўтра…
– Калі? – насцярожылася матуля.
– Раніцай.
– Так, давай усё спачатку і па парадку! – Матуля села за стол насупраць Басі.
– У цёткі Міхала ў суботу дзень нараджэння… – зноў пачала Бася.
– Гэта я ўжо чула, – перапыніла яе матуля.
– Выязджаем заўтра зрання.
– І гэта я ўжо чула.
– Што ты мяне перапыняеш? – надзьмулася Бася. – Патлумачыць не даеш. Цётка жыве на ўзбярэжжы. Пан Альбрыхт там мае свой домік. Мяне паклікалі на некалькі дзён, пагода вунь якая стаіць. Чаму б мне не падыхаць марскім паветрам? Ад школы хаця б адпачну.
– Хто тут адпачываць збіраецца? – нечакана з’явіўся на кухні тата.
Матуля падскочыла на крэсле:
– Ды што ж за дзень такі? Што вы мяне ўвесь час пужаеце?
– А што вы тут без мяне задумваеце? – зноўку спытаў тата, па чарзе пацалаваўшы жонку і Басю.
– Гэта не мы задумваем, гэта дачка твая! – усклікнула матуля.