Бася толькі няпэўна хмыкнула. У кабінеце пана Альбрыхта яна прад’явіла старому дбайна спакаваныя сродкі гігіены. Пан Альбрыхт зразумела кіўнуў, але, заўважыўшы папружку, што тырчала з торбы, пацягнуў за яе і выняў маленькую лічбавую камеру.
– Гэта што такое? – строга спытаў стары.
– Фотаапарат, – бязвінным тонам прамовіла дзяўчынка.
– І навошта ж вам летам тысяча дзевяцьсот чатырнаццатага года спатрэбіцца фотаапарат? – пацікавіўся пан Альбрыхт.
– Ну, я хацела спачатку ўзяць з сабой тэлефон, каб было больш кампактна – у ім жа таксама камера ўбудавана. Але потым падумала, што ён хутка разраджаецца, а зараду ў фотаапараце, здаецца, мусіць хапіць на ўсю вандроўку. Што, калі мы знойдзем яшчэ нешта важнае пра Ключ? Які-небудзь сшытак, падобны да вашага, а магчымасці выкрасці яго не будзе. А так пара здымкаў – і гатова, – падзялілася Бася з панам Альбрыхтам і Міхалам, жадаючы зрабіць добрае ўражанне сваёю знаходлівасцю.
– Яшчэ не хапала, каб вас з гэтым агрэгатам прынялі за якіх-небудзь шпіёнаў! – усклікнуў стары. – Не, гэта застанецца тут.
– Але пан Альбрыхт! – запратэставала дзяўчынка. – Нам трэба быць гатовымі да ўсяго.
– Ніякіх «але». Вам будзе дастаткова інструкцый, падрыхтаваных мною, – адрэзаў ён.
Бася пакрыўджана надзьмулася і ў пошуках падтрымкі зірнула на Міхала. Той старанна стрымліваў усмешку, што раззлавала дзяўчынку яшчэ больш. Яна збіралася ўпотайкі схаваць у торбу хаця б тэлефон, але, убачыўшы гэта, пан Альбрыхт тут жа спыніў яе спробу:
– Не, мадэмуазэль, гэта таксама мусіць застацца ў маім кабінеце.
– Ну а тэлефон мой вам навошта?
– Як? Вы часам не забыліся на сваіх бацькоў? Хто ж, па-вашаму, будзе дасылаць ім паведамленні?
– Аднымі СМС ад іх не адкруцішся, прасцей выключыць тэлефон, а то пачнуць званіць, а я слухаўку не бяру. Зноў будуць перажываць, – уздыхнула дзяўчынка.
– Вось таму мы пачакаем яшчэ некалькі гадзін, а потым вы патэлефануеце бацькам і скажаце, што тут перыядычна знікае сувязь і вы будзеце адпраўляць ім паведамленні, – параіў стары.
– Добра, – згадзілася Бася і жартаўліва прыгразіла пану Альбрыхту: – Няхай жа толькі тата з мамай западозраць штосьці нядобрае. Тады гэта будзе вашая віна!
На гэты раз была чарга пана Альбрыхта звярнуць прызыўны позірк да Міхала, які зараз са знарочыстаю цікаўнасцю разглядаў кніжныя палічкі.
– А калі мы выпраўляемся? – спытала дзяўчынка.
– Роўна а пятай вечара, – адказаў пан Альбрыхт. – Я зрабіў разлікі яшчэ раз. Вы патрапіце ў чатырнаццатае чэрвеня. Як я і казаў, на ўсю вандроўку вы будзеце мець два тыдні: некалькі дзён у Вільні, каб набыць квіткі на цягнік і зрабіць дакументы…
– Зрабіць дакументы? – занепакоілася Бася.
– Так, мадэмуазэль. Вы знойдзеце чалавека па прозвішчы Адамчык – яго адрас я напішу вам пазней. Ён вам дапаможа. За адпаведную плату, зразумела.
– То бок мы паедзем у Рэймс з фальшывымі пашпартамі! – нягледзячы на сваю прыхільнасць да прыгод, абурылася Бася. – Пан Альбрыхт, а калі нас з Міхалам схопяць на мяжы? Здаецца, нядаўняя аперацыя з нелегальным увозам брудных шкарпэтак вам не ўдалася. Вы ўпэўнены, што на гэты раз пашанцуе больш? – дзяўчынка, склаўшы рукі на грудзях, з сумневам пазірала на старога.
– Кіньце, мадэмуазэль Барбара, ніякіх праблем з пашпартамі не ўзнікне, – паспяшаўся запэўніць яе пан Альбрыхт. – Адамчык якасна працуе, да яго нават мясцовыя эсэры звяртаюцца.
– А хто гэта? – удакладніў Міхал.
– Я табе па дарозе патлумачу, – паабяцала Бася і зноў спытала ў старога: – Дык вы ў ім упэўнены, у гэтым Адамчыку?
– Упэўнены, – стомлена адказаў пан Альбрыхт. – У вашым выпадку, мадэмуазэль, можна нікога занадта не сцерагчыся, калі вы самі не будзеце балбатаць залішняе і прыцягваць да сябе ўвагу.
Абражаная такім незаслужаным, на яе погляд, абвінавачваннем, Бася ўжо хацела была парыраваць старому, але Міхал апярэдзіў дзяўчынку, вярнуўшыся да пачатковай тэмы размовы:
– Колькі дзён мы мусім правесці ў Рэймсе?
– З улікам дарогі ў абодва канцы, у Рэймсе вы будзеце мець ад пяці дзён да тыдня. Усё залежыць ад таго, як хутка вы паедзеце з Вільні.
– А мы дакладна здолеем набыць квіткі на бліжэйшы час?
– Вядома. Няўжо вы думаеце, што мае разлікі тычацца толькі непасрэднага адчынення люстраў? – хітра ўсміхнуўся стары. – Усе неабходныя сродкі вы знойдзеце ў маім кабінеце, у сейфе, за карцінай. Вось код, – ён працягнуў Міхалу невялікі аркушык, чым выклікаў у Басі падазрэнні, што юнаку давярае больш, чым ёй.
– А як быць з вопраткай? – дзяўчынцы раптам успомніліся пакуты з пераапрананнем, якія яна цярпела падчас папярэдняга паходу ў залюстроўе.
– Я думаю, для Міхала на першы час штосьці знойдзецца ў мяне дома з таго боку, а вам, мадэмуазэль Барбара, ён здолее купіць які-небудзь убор у горадзе.
– Галоўнае, каб жаночы, – ціха прабурчала Бася ўбок.
– Як нам дзейнічаць у Рэймсе? – зноў спытаў юнак у пана Альбрыхта.