Прыгадаўшы словы старога пра шафу для адзення, Бася накіравалася ў гардэробную. Там яна адшукала ў адной з шуфлядак пад сціртай ручнікоў пояс, у якім былі схаваны залатыя манеты. Падумаўшы, што, хутчэй за ўсё, менавіта пра яго і хацеў папярэдзіць іх пан Альбрыхт, дзяўчынка павесіла пояс на таліі, каб пахваліцца Міхалу сваёй удалай знаходкай, і працягнула пошукі патронаў. Выцягнуўшы шуфляду з ніжняй бялізнай, Бася грэбліва зморшчылася і тут жа засунула яе назад. Абшукаўшы ўсю шафу, дзяўчынка так і не выявіла патронаў, у сувязі з чым ёй усё ж такі выпала зноў адчыніць запаветную шуфляду.
– Ну што за звычка хаваць рэчы ў майтках?! – з прыкрасцю ўсклікнула Бася, вытрасаючы скрынку з патронамі з аб’ёмістых панталонаў. – От ужо канспіратар састарэлы!
Яна пачула грукат у дзверы і выбегла ў вітальню, каб сустрэць Міхала. Ён прынёс некалькі пакетаў з ежай і пару невялікіх плоскіх пакункаў, адзін з якіх дакладна мусіў прыналежаць Басі.
– А што гэта ў цябе? – юнак разгублена пазіраў на панталоны, якія дзяўчынка ўсё яшчэ трымала ў руках.
– А-а, гэта я патроны шукала, – сказала яна, запульнуўшы бялізнай у дзвярны прахон гардэробнай. – Як я толькі не скеміла адразу, дзе яны могуць быць? Дарэчы, паглядзі, што яшчэ знайшла. – Бася зняла пояс і прадэманстравала яго Міхалу.
– Малайчына! – ухваліў юнак. – Возьмем з сабой, спатрэбіцца. Бася заззяла, узрадаваўшыся, што ўжо ў самым пачатку іх вандроўкі сталася карыснай і заслужыла ўхвалу ад сябра. Успомніўшы пра пакункі, якія Міхал усё яшчэ трымаў у руках, яна спытала:
– Каторы мой?
Юнак працягнуў ёй адзін, і Бася памчала ў гасцёўню, каб хутчэй распакаваць куплены для яе ўбор. Яна кінула пакунак на канапу і, устаўшы на каленкі, разгарнула паперу. Міхал паспяшаўся следам, каб даведацца, ці спадабаецца дзяўчынцы пакупка. Але тая толькі збянтэжана ўтаропілася ў набыты Міхалам дамскі падарожны касцюм сумнеўнага карычневага колеру.
– А весялей расфарбовачкі не было? – расчаравана працягнула Бася, узняўшы на сябра вочы.
– Табе не падабаецца? Я ж стараўся, выбіраў, каб табе спадабалася, – пакрыўдзіўся Міхал.
– Ну-ну. У самы раз! – буркнула Бася, апусціўшы галаву.
– Ведаеш, колькі я часу змарнаваў, каб падабраць памер? Мяне прадаўшчыца ледзь не выгнала з крамы. Сказала, каб я прывёў цябе, а не траціў яе час, – паскардзіўся Міхал.
– У наступны раз мы так і зробім, – паабяцала Бася. – Годзе, паказвай, што сабе купіў!
Міхал узяў пакункі і пайшоў пераапранацца ў суседні пакой. Калі ён вярнуўся, Бася, яшчэ не паспеўшая ўзняцца, пляснулася на падлогу: касцюм, які Міхал набыў сабе, выдатна сядзеў на ім, падкрэсліваючы яго стройную постаць. Юнак пры гэтым самазадаволена ўсміхаўся – пэўна, паспеў паглядзець на сябе ў люстра перад тым, як хваліцца Басі. Дзяўчынка спахмурнела.
– Ну вось, купіў жа сабе касцюм больш-менш прыстойны, – прабурчала яна.
Усмешка адразу ж спаўзла з твару Міхала.
– Больш-менш? – разгублена перапытаўся юнак, які яўна разлічваў на больш прыемны камплімент.
– Так, нармалёва, – суха сказала Бася. – Добра, давай тады і я свой прымеру?
Яна знікла за дзвярыма і пачала пераапранацца. На здзіўленне, убор прыйшоўся ёй якраз па памеры, а пасля таго, як Бася крытычна агледзела сябе ў люстры, яна зрабіла выснову, што ён вельмі ёй пасуе. Дзяўчынка паведаміла пра гэта Міхалу, што вельмі яго ўзрадавала.
– А я ж казаў: ён табе ўсё-такі спадабаецца!
– Так, але заўтра мы купім яшчэ адзін, іншы, больш жыццярадаснага колеру! – ультыматыўна заявіла Бася і ганарліва прайшла на кухню, прыгадаўшы, што перад сном добра было б перакусіць, тым больш заўтра іх чакаў нялёгкі дзень.
Раздзел 8
На другі дзень сябры вырашылі першым чынам выправіцца на пошукі Адамчыка, пра якога ім распавядаў пан Альбрыхт. Калі Міхал і Бася выйшлі з пад’езда, дзяўчынка заўважыла, што яны апынуліся зусім не на Сціклю, а на вуліцы, якая праходзіла за ёю.
– Пасля ўчорашніх фокусаў са сценамі мяне гэта нават не здзіўляе! – усклікнула яна. – Ведаеш, Міхал, я часам думаю, што пан Альбрыхт далёка не такі, якім прыкідваецца. Мне здаецца, ён увогуле можа быць небяспечным. Ты так не думаеш?
Не дачакаўшыся адказу, Бася рассмяялася. Юнак толькі стомлена пакруціў галавой.
– Нудны ты! – пакрыўдзілася дзяўчынка, незадаволеная строгімі паводзінамі сябра. – Вось ужо нават робіш акурат як ён.
– Бася, зразумей, мы мусім выканаць сур’ёзную справу, няма калі жарты жартаваць, – павучальна прамовіў юнак.
– Адкуль што бярэцца? – тэатральным тонам сказала ўбок Бася, а потым, скоса зірнуўшы на Міхала, які ўпэўнена крочыў наперад, дагнала яго і, павіснуўшы ў юнака на руцэ, спытала: – Ты дакладна ведаеш, куды мы ідзём?
– Зразумела, – кіўнуў ён.
– А як Адамчык даведаецца, што мы прыйшлі да яго па дакументы? – панізіўшы голас, запыталася дзяўчынка.
– Пан Альбрыхт даў мне паперку з кодавай фразай.
– Ну вось, зноў ён табе сказаў больш, чым мне, – расчаравана працягнула Бася. – Так несправядліва! Нібы вы ўзялі мяне толькі дзеля таго, каб адчыніць люстра.
– Калі я пакажу табе пароль, будзе справядлівей? – Міхал выцягнуў з кішэні сурдута аркушык і працягнуў Басі.