Міхал нехаця прысеў на стул, а Адамчык тут жа ўзяўся мітусіцца вакол яго, падкручваючы розныя вінцікі, каб адрэгуляваць упоры, якія мусілі забяспечыць максімальна роўную паставу спіны і галавы, а значыць – і ўдалы здымак. Калі ўсё было гатова і юнак сядзеў найбольш нязручна, адчуваючы, як у яго дранцвее цела, гаспадар студыі адскочыў да фотаапарата, узмахнуў успышкай і, задаволены зробленай працай, вярнуўся да Міхала, каб раскруціць вінты.
– Ну вось, заўтра раніцай можаце заходзіць зноў, усё будзе гатова, – сказаў ён.
– А я? – Бася зрабіла крок наперад, вырашыўшы, што Адамчык проста забыўся на яе.
– А вам не патрэбна, – спыніў яе той.
– Чаму гэта? – абурылася дзяўчынка.
– Вы будзеце ўпісаны ў пашпартную кніжку вашага, – фатограф не стрымаўся, каб зноў двухсэнсоўна не пасміхнуцца, – брата.
Бася пакрыўджана засапла і кінула на Адамчыка поўны пагарды позірк. Той ніколькі не сумеўся і з нагоды засцярогі прапанаваў наведвальнікам пайсці праз чорны ход. Высунуўшыся з-за дзвярэй і пакруціўшы галавой у пошуках падазроных асоб, ён пераканаўся, што выходзіць бяспечна і выпусціў Басю і Міхала, зноўку нагадаўшы ім, што заўтра можна будзе забраць дакументы.
– Да сустрэчы, таварыш! – бліснуўшы вачыма, злавесна прамовіла на развітанне дзяўчынка.
Нічога не адказаўшы, Адамчык кісла ўсміхнуўся і спешна схаваўся ў глыбіні сваёй падпольнай канторы, мякка зачыніўшы дзверы за спінамі сяброў.
– Што гэта ты зачасціла: таварыш-таварыш? Які ён табе таварыш? – спытаў Міхал у Басі, калі яны па патрабаванні дзяўчынкі пайшлі ў бок крамы жаночага адзення.
– Цішэй, не крычы пра гэта на двары, тут могуць не так зразумець, – шыкнула на юнака Бася, заўважыўшы квартальнага, які шпацыраваў па супрацьлеглым баку вуліцы і, прыкмеціўшы, як гучна перагаворваюцца дзяўчынка з юнаком, спыніўся і засцярожана скасавурыўся на іх.
Апусціўшы галовы, сябры хуценька прашмыгнулі ў суседні бязлюдны правулак, і Бася сцісла распавяла Міхалу пра рэвалюцыйныя настроі, што панавалі ў Расійскай імперыі напярэдадні Першай сусветнай вайны.
– Нішто сабе! – здзівіўся юнак. – А я нават і не ведаў пра гэта.
– Нічога, яшчэ будзеш вывучаць, нябось, на сваіх курсах, – упэўніла яго дзяўчынка.
– А ўсё-такі, Бася, бязглуздая ты! – упікнуў яе Міхал. – А што, калі гэты спрытняк раптам камусьці скажа пра нас?
– Не скажа. Па словах пана Альбрыхта, ён эсэрам дапамагае дакументы даставаць. Так што не хвалюйся, яму галоўнае грошы за працу атрымаць, – супакоіла яго Бася, а потым, падумаўшы, дадала: – І ніякая я не бязглуздая! Затое як ён адразу сціх…
– О, вядома, – іранічна працягнуў юнак. – Ці ж надоўга?
У краме дзяўчынка ўпрасіла Міхала набыць ёй летнюю светлую сукенку – усё ж такі чэрвень, і ў касцюме часам рабілася трохі гарачавата, – а таксама некалькі блузак і прыгожую паласатую спадніцу, якая, як запэўнівала прадавачка, была вельмі папулярная ў гэтым сезоне. Акрамя таго, Бася намякнула сябру, што яе асеннія чаравікі хаця і не мазоляць вока мясцовым жыхарам, але ж прычыняюць пэўны дыскамфорт у летнюю пару. Таму Міхал дазволіў ёй папоўніць гардэроб і новай парай абутку па сезоне. Крыху падумаўшы, юнак згадзіўся і на маленькі какетлівы капялюшык, бо заўважыў, што дзяўчыны на вуліцах без яго не абыходзяцца. Галаўны ўбор для сябе ён усё ж такі здолеў падабраць сярод рэчаў пана Альбрыхта. Пасля таго як яны занеслі ўсе набыткі ў кватэру старога, Міхал сабраўся на вакзал, каб купіць квіткі да Рэймса.
– Я пайду з табой! – заявіла Бася. – Ты ж яшчэ не ездзіў на цягніках і не ведаеш, як там і што.
Вырашыўшы, што дзяўчынка мо і мае рацыю, Міхал пагадзіўся. На падыходзе да кас Бася пацікавілася ў сябра:
– А мы ж маем шмат грошай?
– Ну, здаецца, дастаткова. А чаму ты пытаешся?
– Я проста падумала, што нам можна было б купіць месцы ў першым класе, – летуценна сказала Бася.
– Купім тыя, якія будуць.
– У першым класе дакладна будуць, – прабурчала дзяўчынка. – Яны ж даражэйшыя.
– І навошта ж нам, па-твойму, даражэйшыя? – цярпліва спытаў Міхал.
– Там ехаць зручней і чужых вачэй менш, – патлумачыла Бася. У касе высветлілася, што ў бліжэйшым цягніку, на якім можна было дабрацца да Рэймса, засталося толькі адно таннае месца і, да Басінага трыумфу, цэлае двухмеснае купэ ў першым класе, з прычыны чаго Міхалу прыйшлося звярнуцца да парады дзяўчынкі і выкупіць менавіта тыя квіткі, пра якія ёй мроілася. У ХХІ стагоддзі ёй яшчэ ніколі не выпадала падарожнічаць на цягніку з такім шыкам. Сябры адбывалі ўвечары, таму ў іх заставалася дастаткова часу, каб спакойна сабрацца ў дарогу, а таксама паспець забраць новыя дакументы. Пакуль яны спакоўвалі нешматлікія рэчы ў валізку, знойдзеную ў пана Альбрыхта, Бася раптам прыгадала, што ў іх на дваіх будзе адзін пашпарт.
– Дарэчы, гэта несправядліва! – паскардзілася яна. – Чаму я буду ўпісана ў твой пашпарт?
– Таму што, – сцісла адказаў Міхал. – І памятай: ты мая малодшая сястра, а значыцца, мусіш мяне слухацца!
– Яшчэ чаго! – фыркнула дзяўчынка. – То пажом, то сястрой, і заўжды слухайся яго! Несправядлівасць на несправядлівасці… Цяпер я разумею феміністак!
– Каго? – не зразумеў юнак.