Раніцай 19 чэрвеня Міхал і Бася сышлі з цягніка. Пасяліўшыся ў адным з гарадскіх гатэляў непадалёк ад вакзала, яны вырашылі параспытваць у парцье, які, на шчасце, выдатна размаўляў па-нямецку, пра фон Штэрнаў. З размовы сябры даведаліся, што гэтае сямейства, нягледзячы на збяднелы стан, карыстаецца ў горадзе вялікай павагай і раптоўнае ліха, якое з імі здарылася, вельмі хвалюе мясцовых жыхароў. Тым не менш сярод іх знаходзіліся і тыя, хто марыў нажыцца на беднаце сям’і, – Штэрны перыядычна наладжвалі ў сваім доме аўкцыёны, распрадаючы некаторую маёмасць, каб атрымаць якія-ніякія грошы. У бліжэйшыя дні якраз мусіў распачацца адзін з такіх аўкцыёнаў.
– Але вы, пэўна, і так пра гэта ведаеце, – усміхнуўся парцье, які, відаць, палічыў, што цікаўнасць да Штэрнаў была выклікана ў маладых людзей менавіта гэтай навіной.
– Безумоўна, – дружна заківалі яны, а потым спыталі: – А ці можна прыйсці да Штэрнаў перад пачаткам аўкцыёну, каб прыцаніцца да лотаў?
Парцье распавёў, дзе жыве сям’я, і Міхал з Басяй вырашылі не адкладаць паход за Венерай. Пераапрануўшыся з дарогі (Бася не стрымалася і ўбралася ў новую шыкоўную спадніцу) і наняўшы возчыка, яны выправіліся па ўказаным адрасе. Калі сябры апынуліся на патрэбнай вуліцы, ім адразу ж кінуўся ў вочы вялізны змрочны гмах, надта неахайны выгляд якога ніяк не пасаваў да афарбаваных у вясёлкавыя тоны фасадаў суседніх пабудоў.
– Напэўна, гэта і ёсць жытло Штэрнаў, – выказала думку Бася. – Колькі ж год гэтаму дому?
– Мяркуючы па тым, як ён урос у зямлю, мусіць быць нямала, – сказаў Міхал, праверыўшы запісаны парцье адрас. – Здаецца, гэта сапраўды іхні дом.
Сябры ўзняліся на ганак, па баках якога змяшчаліся два занядбанага выгляду кветнікі, і пазванілі ў дзверы. Праз некалькі хвілін на парозе з’явілася неакрэсленага ўзросту касцістая кабета ў глухой блузе, з яе неахайнай прычоскі тырчалі бляклыя рудаватыя пасмы. Калі яна ўбачыла Міхала і Басю, на яе маркотным твары выявіўся раздражнёны выраз.
– Што вам трэба? – груба спытала яна, утаропіўшыся ў някліканых гасцей праз масіўныя акуляры з тоўстымі круглымі шкельцамі.
– Дзень добры! Мы даведаліся, што ў вашым доме неўзабаве будзе праходзіць аўкцыён… – ветліва пачаў Міхал.
– Учора трэ было заходзіць! – нецярпліва перапыніла яго жанчына.
– Вельмі шкада, але ж мы толькі гадзіну таму прыехалі ў Рэймс…
– Мы часам здаём пакоі, – ажывілася гаспадыня дома.
Міхал і Бася пераглянуліся, падумаўшы, што паспяшаліся з уладкаваннем.
– На жаль, мы ўжо знайшлі месца ў гатэлі каля вакзала, – сказаў юнак.
Жанчына адразу ж страціла да іх цікавасць.
– Дык вы хочаце паглядзець лоты? – марудна спытала яна.
– Так, – кіўнуў юнак. – Калі можна, зразумела.
Жанчыне патрабаваліся высілкі, каб схаваць на сваім абліччы раздражненне да нечаканых наведвальнікаў, якое з кожным імгненнем узрастала. Відавочна, Міхал і Бася перашкаджалі ёй займацца нейкай важнай справай, але яна дазволіла ім прайсці.
Знутры дом рабіў не менш гнятлівае ўражанне: з абшарпаных сцен панура тырчалі цвікі, на якіх некалі віселі карціны, паркетныя дошкі рыпелі пры кожным кроку, мэблі было няшмат. Гаспадыня правяла гасцей у пакой, які, мяркуючы па ўсім, раней з’яўляўся гасцёўняй, але цяпер быў спрэс завалены самымі разнастайнымі рэчамі – ад разрозненых сервізаў да столікаў для гарбаты.
– Можаце глядзець, – сказала яна, махнуўшы рукою ў бок непарадку, які панаваў у пакоі, і засталася стаяць у дзвярах, не спускаючы з наведвальнікаў вачэй.
«Нябось пільнуе, каб мы нічога не сцягнулі», – мільганула ў Басінай галаве. Яны з Міхалам зірнулі адно на аднаго і пачалі аглядаць лоты.
– Няўжо камусьці спатрэбіцца стары посуд? – шэптам спытала дзяўчынка ў сябра, узяўшы ў рукі вялікі парцалянавы паўмісак, на якім з цяжкасцю можна было разгледзець даўно сцёрты малюнак.
– Асцярожней, не разбіце! – усхвалявана ўсклікнула гаспадыня і прэтэнцыёзна дадала: – Гэты старадаўні паўмісак мае вялікую гістарычную каштоўнасць.
Бася фыркнула і, асцярожна паклаўшы паўмісак на месца, працягнула аглядаць іншыя рэчы, што знаходзіліся ў пакоі. Аднак легендарных караляў сярод іх не было. Высветліўшы гэта, Міхал і Бася крыху памарудзілі, пасля чаго юнак рашуча спытаў у гаспадыні:
– А дзе ж знакамітае «Зорнае ззянне»?
Жанчына на імгненне разгубілася, а потым, змерыўшы яго фанабэрлівым позіркам, сказала:
– Мы не прадаём сямейную рэліквію.
– Ну а ўсё ж такі? – асцярожна прамовіў Міхал, чакальна паглядзеўшы на гаспадыню.
– Не, – рэзка адказала тая. – Хаця наша сям’я і знаходзіцца ў надта бядотным стане, мы ніколі не расстанемся з каралямі!
Раптам з суседняга пакоя пачуўся чыйсьці кашаль. Жанчына з турбаваннем зірнула ў прачыненыя дзверы.
– Я думаю, што вам час ісці. Папраўдзе, я вельмі занятая ды… – гаспадыня пачала наступаць на Міхала з Басяй, маючы намер адціснуць іх з гасцёўні.
– А дзе гаспадар гэтага дома? – юнак нават не падумаў зрушыць з месца, моцна трымаючы дзяўчынку за руку.
– Гаспадар хворы, яго нельга турбаваць! – роспачна запярэчыла жанчына, марна намагаючыся пазбавіцца надакучлівых наведвальнікаў.