Пачаставаўшыся ўсімі замоўленымі стравамі і, нарэшце, пачаўшы апошнюю, якая засталася, дзяўчынка адчула, што ў яе жываце неспакойна. Вырашыўшы не зважаць на такія дробязі, яна, нібы нічога не адбываецца, працягвала есці свой такі жаданы дэсерт. Калі Бася дайшла да паловы, ёй падумалася, што ўжо час спыняцца, і дзяўчынка пачала актыўна прапаноўваць разбураную талерку Міхалу, які ў сваю чаргу пачаў не менш актыўна адмаўляцца, адчуваючы, што ў яго сіл ужо таксама няма. Журботна акінуўшы позіркам некалькі лыжак пачастунку, што засталіся, дзяўчынка прыняла цвёрдае рашэнне скончыць на гэтым сваю шыкоўную вячэру, каб пазбегнуць магчымага канфузу. Не прыцягваючы залішняй увагі да ўзніклай праблемы, яна пачакала, пакуль Міхал разлічыцца, а потым, як між іншым, спытала ў яго:
– А ты не хочаш тут яшчэ пасядзець?
– Навошта? – здзівіўся юнак.
– Ну проста, – няпэўна матнула галавой Бася. – Кавы, напрыклад, папіць.
– Ды, здаецца, не. Колькі ж можна?
– А можа, ты ўсё ж такі пабудзеш тут трохі? – настойвала дзяўчынка.
– Я з большай асалодай адпачыў бы ў купэ, – Міхал цалкам адмаўляўся зразумець яе намёкі.
– Ну добра, – панура прамовіла Бася і ўзнялася, жадаючы хутчэй дабрацца да вагона першага класа.
Калі яны падышлі да свайго купэ, дзяўчынка рэзка павярнулася да Міхала:
– Ну тады, мабыць, пачакаеш тут трохі?
– Навошта? – зноў не зразумеў юнак.
– Трэба! – у роспачы крыкнула Бася і знікла за дзвярыма, замкнуўшы іх за сабою і пакінуўшы Міхала ў поўнай разгубленасці мераць крокамі калідор.
Праз некаторы час дзверы адчыніліся і дзяўчынка паклікала юнака.
– Ужо можна? – з лёгкім здзіўленнем спытаў ён.
– Можна, – павесялелым голасам адгукнулася Бася.
– І чаго ты мяне не пушчала? – пацікавіўся Міхал.
– Табе пра гэта ведаць неабавязкова, – пачала ружавець дзяўчынка і тут жа перавяла размову на іншую тэму: – Як будзьма лаўкі дзяліць?
– Я на верхняй, вядома, – сказаў юнак, вырашыўшы, што яшчэ адну спрэчку на сёння ён не вытрымае і лепей будзе адразу скарыцца свайму лёсу.
Падчас снедання Бася заўважыла, што ўчорашнія пахмурныя тыпчыкі ажыўлена перашэптваюцца і часта азіраюцца па баках. «Нейкія яны сумнеўныя», – падумала дзяўчынка і ўзялася за аўсянку, якой была вельмі рада пасля папярэдніх гастранамічных разнастайнасцяў.
– Хутка, дарэчы, будзьма пад’язджаць да мяжы, – паведаміў Міхал, які адыходзіў за свежай газетай.
Чарговая лыжка кашы завязла ў Басі ў горле, калі да дзяўчынкі дайшло, што вось-вось афера з іхнімі дакументамі можа быць выкрыта. Каб адагнаць трывожныя думкі, яна ўзялася разглядаць пасажыраў. Пара з суседняга купэ здавалася вельмі напружанай. Жанчына моўчкі ўтаропілася ў акно, мужчына раз-пораз паварочваў дужай шыяй, якую, відаць, муляў каўнерык. «От ужо, і сапраўды дзіўныя. Мо таксама з фальшывымі пашпартамі?» – пранеслася ў Басінай галаве, і яна адсунула ад сябе талерку, адчуўшы, што апетыт цалкам знік.
Неўзабаве цягнік пад’ехаў да мяжы, у пасажыраў пачалі правяраць дакументы. Пакуль Міхал прад’яўляў пашпартную кніжку, Бася заўважыла, як у яе пацеюць далоні і млее патыліца. Да яе здзіўлення, жандар ледзь зірнуў на дакумент і амаль адразу ж вярнуў юнаку, накіраваўшыся далей. Дзяўчынка адчула палёгку і падумала, што някепска было б выпіць яшчэ адну філіжанку гарбаты. У момант, калі яны з Міхалам падзялілі апошнюю булачку, што засталася са сняданка, памежнік даў знак сумнеўным тыпчыкам, якія дагэтуль сядзелі ў сваім аблюбаваным куце. Тыя ўзняліся і, зайшоўшы кожны са свайго боку, моцна ўчапіліся ў плечы мужчыны і жанчыны, заявіўшы ім, што яны арыштаваны.
– Ды як вы смееце? – абурылася жанчына.
Яе спадарожнік паспрабаваў выслабаніцца, але памежнік прыйшоў на дапамогу аднаму з тыпчыкаў, і яны ўдвух вывелі яго з вагона-рэстарацыі. Другі тыпчык давёў да выйсця жанчыну. У вагоне пачаўся гвалт, пасажыры раз-пораз нервова ўскліквалі і намагаліся высветліць, што здарылася. Памежнік вярнуўся ў вагон-рэстарацыю і абвясціў:
– Спадарства, спыніце паніку! Толькі што мы арыштавалі надта небяспечных асоб, рэвалюцыянераў, якія намагаліся перабрацца праз мяжу з падробленымі дакументамі. Мабыць, хтосьці хоча штосьці засведчыць?
Пасажыры тут жа з энтузіязмам выстраіліся ў чаргу, каб паведаміць нейкія найважнейшыя факты, у вагоне-рэстарацыі зрабілася яшчэ больш тлумна. Не чакаючы развязкі, Міхал аднымі вачыма падаў Басі знак. Яны ўзняліся і непрыкметна прабраліся да выйсця, адкуль бегам кінуліся ў сваё купэ, дзе і прасядзелі, замкнуўшыся, да самага прыбыцця ў Рэймс.
Раздзел 9