– «Нам патрэбна фота з краявідам Віліі ў травеньскім сутонні», – прачытала яна. – Вось жа глупства!
– Затое ён адразу скеміць, што мы прыйшлі не проста так.
Крыху пабадзяўшыся па віленскіх завулках, яны ўрэшце выйшлі да канторы, над якой вісела шыльда: «Фотаатэлье Адамчыка». Перад дзвярыма стаяў невялікі стэнд з узорамі, відаць, найбольш удалых фота, вырабленых у студыі. Зайшоўшы ўнутр, Бася ўбачыла надта пахабны інтэр’ер, што складаўся з аблезлай плюшавай мэблі, пачварнага пудзіла мядзведзя з перакручанымі лапамі рознай даўжыні, а таксама некалькі кардонных шчытоў, якія выяўлялі розныя «краявіды», і сярод іх, дарэчы, не было заўважна ўказанага ў паролі.
За стойкай каля ўвахода ў фотастудыю нудзіўся жулікаватага выгляду хлюсцік з напамаджанымі валасамі, зачасанымі на роўны прабор і складзенымі ў агідныя завіточкі па баках ілба; яго маленькія вусікі былі гэткім жа чынам наваксаваны і ўкладзены. Мяркуючы па ўсім, ён і быў тым самым гаспадаром канторы, якога рэкамендаваў пан Альбрыхт.
– Дзень добры, – павітаўся Міхал, на што хлюсцік адказаў абыякавым позіркам. – Нам патрэбна фота з краявідам Віліі.
– Ідзіце да Фіялка! – адбрахнуўся Адамчык і адвярнуўся, прыкінуўшыся, што заняты перакладаннем гатовых фотакартак са стосіка ў стосік.
Міхал разгублена паглядзеў на яго, а потым на Басю.
– З краявідам Віліі ў травеньскім сутонні, – прыйшла яму на дапамогу дзяўчынка, ціхенька шапнуўшы слушную назву.
– Я абмовіўся, нам патрэбна фота з краявідам Віліі ў травеньскім сутонні, – паправіўся Міхал і прыняў незалежны выгляд.
Адамчык на імгненне застыў над фотакарткамі і тут жа павярнуўся, зрабіўшы надта ветлівы твар.
– А, жадаеце даслаць картку вашай цётцы? – ялейна ўсклікнуў ён.
«Гэта што яшчэ за лухта? І тут цётка?» – падумала Бася ў той час, калі Міхал з гатоўнасцю адказаў:
– Так, мы ўжо вельмі доўга не бачыліся з ёю.
Упэўніўшыся, што абмен рэплікамі прайшоў як мае быць, Адамчык сказаў:
– Зразумела. Прашу прайсці за мною.
Ён правёў Басю і Міхала праз усю залу і, азірнуўшыся, каб упэўніцца ў адсутнасці новых наведвальнікаў, адчыніў невялікія дзверы, замаскіраваныя ў квяцістых шпалерах. Яны апынуліся ў сакрэтным памяшканні, дзе яўна не хапала святла і, як здалося Басі, знаходзілася зашмат разнастайнага хламу. Шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы, Адамчык запаліў лямпачку, што самотна звісала са столі.
– Якога кшталту дакументы вас цікавяць? – дзелавіта спытаў гаспадар падпольнай майстэрні, прайшоўшы да высокага стэлажа.
– Нам патрэбны пашпарты для выезду за мяжу, – паведаміў Міхал.
Адамчык кіўнуў і, выцягнуўшы адну з верхніх шуфляд, узяўся, стоячы на дыбачках, перабіраць тыя дакументы, што там былі.
– Плата наперад, – не адрываючыся, кінуў ён цераз плячо.
Бася пхнула Міхала ў бок і адмоўна пакруціла галавой. Той крыху павагаўся, але, прыгадаўшы чарговыя інструкцыі пана Альбрыхта, выняў з нутраной кішэні грошы і паклаў іх на стол.
– Столькі будзе дастаткова?
Адамчык з-пад локця скасавурыўся на грошы і, нешта сабе прыкінуўшы, праціўкаў:
– Дастаткова, дастаткова. У якіх зносінах знаходзіцеся з дзяўчынай?
– Якое гэта мае дачыненне? – нахмурыўся юнак і пачырванеў. Адамчык маляўніча закаціў вочы:
– Ну а як скажаце падбіраць вам дакуменцікі?
– Яна мая сястра. Малодшая, – знайшоўся Міхал, хаця яго голас прагучаў не надта цвёрда.
Бася фыркнула, кінуўшы на яго непрыхільны позірк, а Адамчык тут жа выявіў на сваім абліччы здзеклівую ўсмешачку і пачаў услых выказваць уласныя меркаванні наконт таго, кім Міхал і Бася могуць прыходзіцца адно аднаму насамрэч. Дзяўчынцы надакучыла слухаць яго пустую балбатню, і яна, напусціўшы на сябе сур’ёзны выгляд і надаўшы холаднасці голасу, сказала яму:
– Таварыш, я думаю, вам заплачана дастаткова, каб вы не задавалі непатрэбных пытанняў. Вы зразумелі, таварыш? – Бася зрабіла націск на апошнім слове і пранізліва паглядзела на Адамчыка.
Той адразу ж сціх і, моўчкі паварушыўшы вусікамі, заняўся пошукам пашпартоў.
– Вы па-польску разумееце? – зноў спытаў ён прэтэнцыёзным тонам.
– Так, – упэўнена кіўнуў Міхал, Бася ж вырашыла змоўчаць, напусціўшы на сябе яшчэ больш суворы выгляд, нібы была абражана такім бязглуздым пытаннем.
– Тады вось, здаецца, падыходзяць…
Адамчык выняў танюткую кніжачку і ўважліва ўзяўся яе даследаваць, перыядычна кідаючы на Міхала хуткія позіркі. Адзін раз фатограф нават падышоў да яго бліжэй, накіраваўшы святло ад лямпачкі на юнака і пільна зазірнуўшы яму ў самы твар.
– Што вы робіце? – збянтэжана спытаў Міхал, адхінуўшыся ад нечаканасці.
– Правяраю прыкметы, – адказаў Адамчык і пачаў мармытаць сабе пад нос, відавочна, вызначаючы, наколькі інфармацыя ў пашпарце адпавядае «рэчаіснасці». – Трэ будзе падправіць тут і тут… Цалкам падобна. Прашу прайсці і зрабіць фота.
Ён паказаў Міхалу на спецыяльны стул, які быў больш падобны да катавальнага апарата, і пачаў рыхтавацца да здымання. Юнак з сумневам азірнуў дзіўнае прыстасаванне.
– А фатаграфавацца абавязкова?
– Вядома! Цяпер у пашпарце неабходна мець фота ў сувязі з павялічанай колькасцю нядобранадзейных, так бы мовіць, асоб, – фатограф цяжка ўздыхнуў, скасавурыўшыся на Басю.