Міхал, згорбіўшыся ў фатэлі, моўчкі пазіраў на яе.
– Ну добра ж, паглядзім, што ў вас з гэтага атрымаецца. – Бася ўскочыла на ногі і накіравалася да дзвярэй.
Рэзка павярнуўшыся, яна кінула на развітанне:
– Жадаю поспеху!
І, гучна грымнуўшы дзвярыма, яна пайшла з кабінета.
Бася была такая раззлаваная, што прыкладна гадзіну без аніякай мэты бадзялася па Старым месцы. Урэшце, крыху астыўшы, яна ўцяміла, што выйшла да вуліцы, дзе жыла яе бабуля. Узняўшыся па лесвіцы на патрэбны паверх, дзяўчынка націснула гузік званка.
– Бася? – Бабуля здзіўлена паглядзела на расчырванелую ад злосці ўнучку, што стаяла на парозе. – Праходзь хутчэй.
Дзяўчынка разулася і рашучым крокам прамаршыравала ў гасцёўню, дзе, паваліўшыся на канапу, скрыжавала рукі на грудзях і злосна засапла. Спалоханая бабуля прысела побач на краёчку канапы і асцярожна спытала:
– Што здарылася?
– Ай, – адмахнулася Бася. – З Міхалам пасварылася.
– Ой, божачкі! – Бабуля пляснула рукамі. – Што ты яму зрабіла?
Дзяўчынка непаразумела паглядзела на старую.
– Ну, кажы зараз жа! – патрабавала тая.
– Бабуля, чаму ты вырашыла, што гэта менавіта я штосьці зрабіла яму?
– Таму што Міхал такі цудоўны юнак, што не здолее цябе пакрыўдзіць. Хутчэй – ты яго.
– Ды няўжо? – Бася спадылба зірнула на бабулю.
– Так! Мы тут нядаўна з ім размаўлялі… – Ванда Казіміраўна прыкусіла язык.
– Гэта калі ж? – пацікавілася дзяўчынка.
– Лухта, – ухіліста адказала бабуля. – Мы з ім гутарылі, і ён вельмі добра казаў пра цябе. А калі ён учора заходзіў да мяне за пірагом, скардзіўся, што вельмі стамляецца і ніяк не паспявае з табою пабачыцца.
– Выдатна! Міхал да цябе ледзь не кожны дзень ходзіць у госці, ты яго падкормліваеш, а я гэтага не ведаю! – Бася запалялася ўсё больш.
– Годзе, сціхні, – бабуля заклікала ўнучку да парадку. – Растлумач мне нарэшце, што здарылася.
– Міхал неўзабаве збіраецца ў адну вандроўку. Ён жа працуе ў свайго дзядзькі – пана Альбрыхта, і той даручыў яму адну справу. Але вандроўка не з прыемных і можа стацца даволі складанай. Я хацела б паехаць разам з ім, а ён упёрся і не хоча браць мяне з сабою. Кажа, што гэта занадта рызыкова. І нават стары не супраць, а Міхал усё роўна ўпарціцца, – распавяла Бася бабулі і гаротна ўздыхнула.
– Ён далёка збіраецца?
– Не, не надта.
– А надоўга?
– На пару дзён. Мабыць, ён нават паедзе тады, калі ў мяне пачнуцца вакацыі, – схлусіла дзяўчынка, каб у бабулі не з’явілася пытанняў наконт пропуску заняткаў у школе.
Крыху памаўчаўшы і паразважаўшы пра Басіну трагедыю, бабуля спытала:
– Да тваёй дурненькай галоўкі не прыходзіла, што Міхал проста клапоціцца пра цябе?
– Ну вось, бабуля, і ты таксама на яго баку? – прабурчала дзяўчынка.
– Не, проста я бачу, што ён за цябе хвалюецца і не хоча, каб ты трапіла ў ліха.
Закаціўшы вочы, Бася фыркнула і нахохлілася. Падумаўшы трохі, яна вырашыла, што, хутчэй за ўсё, бабуля мае рацыю і Міхалу нават можна было б дараваць. Дзяўчынка падрыхтавалася чакаць ад сябра званка, але тэлефон як наўмысна маўчаў і не выяўляў ніякіх прыкмет жыцця. Званіць першай Бася не адважвалася, тым больш яна была ўпэўненая, што Міхал ці не адкажа, ці выключыў свой мабільны і ў чарговы раз спрабуе адчыніць тое няшчаснае люстра. Таму яна строга загадала сабе не страчваць спадзяванняў і працягвала чакаць, калі юнак сам ёй патэлефануе і прапануе памірыцца.
Раздзел 6
У сярэдзіне кастрычніка выдаліся на здзіўленне цёплыя дзянёчкі, таму амаль уся школа на перапынках выбіралася на вуліцу, каб пагрэцца на яшчэ ласкавым восеньскім сонейку. Хтосьці бегаў па нутраным двары, хтосьці заняў вялікі ганак каля галоўнага ўвахода, а нехта, як Бася з сябрамі, размясціўся на лавачках у невялічкім школьным скверыку. Моцна абхапіўшы сваю торбу, Бася сядзела паміж аднакласнікамі і задаволена жмурылася. Пасля ледзянога кабінета англійскай мовы ёй было асабліва прыемна пабыць на сонейку.
Раптам да школьнай брамы з шумам пад’ехаў матацыкл. Усе, хто быў на двары, з цікаўнасцю павярнулі галаву ў яго бок. Бася расплюшчыла адно вока і, прыжмурваючыся, убачыла, як матацыкліст зняў шлем і, мінуўшы браму, накіраваўся наўпрост да школы.
– Цікава, хто гэта? – прамовіла Эва, Басіна школьная сяброўка.
– Не ведаю, – лянотна працягнула Бася і ледзь не звалілася з лавачкі, пазнаўшы ў матацыклісце Міхала.
Ён ішоў ёй насустрач – высокі, прыгожы, з каштанавымі валасамі, што развяваліся і блішчалі ў сонечных праменнях. Калі Міхал праходзіў пад дрэвамі, высаджанымі ўздоўж алейкі, што вяла да школьнага ганка, падзьмуў ветрык, асыпаючы юнака залатым дажджом з восеньскага лісця. Ён ішоў, раскідваючы дыбкамі ботаў апалую лістоту і шукаў вачыма ў натоўпе школьнікаў Басю. Азірнуўшыся на сваіх сябровак, дзяўчынка ўбачыла, што ўсе яны, як адна, замёршы і, здаецца, нават перастаўшы дыхаць, зачаравана глядзелі на Міхала. Нават хлопцы з Басінага класа на імгненне спынілі гутарку.