Мо і лепей? Але Пранцішу ўсё-ткі было прыкра. Няўжо вось так проста, за гарэлы блінец, прайграць паскудніцы Радзівілісе і зноў яна толькі пасмяецца над імі? Алесь побач аж калаціўся ад гневу. Толькі Лёднік спакойны, мармыча сабе пацеры пад нос у глыбі капюшона, як праўдзівы мніх.
Нарэшце, калі сышоў паліцмайстар, насмеліліся пастукацца ў дом з зялёнымі аканіцамі...
Калі ўдалося трапіць праз пільную варту ў дом... Ну што там апісваць сустрэчу тых, хто трывожыўся адзін за аднаго?
Сафійка раўла, павіснуўшы на шыі ў таткі, і ніколечкі не саромелася, што яе палічаць малой смаркачкай. Вочы Ганулькі свяціліся цёплым цёмным агнём. Вядома, усе дзівіліся цудоўнаму ацаленню Баўтрамея. Карусь і Сцяцко шырока ўсміхаліся. Толькі старэйшы Ганульчын сынок, кірпаносы Валенты, пазіраў насцярожана. Нават малыя Жылкавы выбраліся са свайго пакоя, і Адаська, усё яшчэ з перавязанай рукой, таксама радасна кінуўся да Лёдніка:
— Пан доктар!
Пранціш у чарговы раз дзіву даўся, чаго гэта да пагрознага мізантропа Лёдніка цягнуцца малыя дзеці і гожыя кабеты...
Не, пра кабет згадваць не варта. Самую гожую і адзіна патрэбную Баўтрамей страціў.
Калі пераапранутыя i накормленыя недатапельцы, застаўшыся у коле пасвечаных, дайшлі да расповеду, што з імі здарылася, пані Жылкава схапілася за галаву, а Сцяцко, не ведаючы, як спагнаць гнеў, ляснуў кулаком у сцяну... Не прабіў, не Баўтрамей. Гнеў парубка са Львоўшчыны быў зразумелы: іх з братам Грыцко пані Тэрэза хацела прадаць рэкрутамі ў аўстрыйскую армію — гандаль такі ў сваіх украінскіх маёнтках завяла. А калі Лёднік з Пранцішам братоў вывезлі ў Беларусь, Грыцко загінуў у перастрэлцы, учыненай дзеля забойства панны Праксэды Брастоўскай.
— Вось гадаўка! А мы з Карусём так і адчувалі, што паны ў бядзе. Чакалі, чакалі... Потым да нас жаўнеры падляцелі, хацелі звесці ды абшукаць, — блішчэў чорнымі вачыма Сцяцко. — Ну, шаблі ў нас з сабою былі, дый не хліпкія мы з Каруськом...
Значыць, і праўда купальню разнеслі...
— Нікога хоць не пазабівалі? — строга папытаўся Чорны Доктар.
Мацакі моўчкі зірнулі адзін на аднаго, паціснулі плячыма.
— Толькі насілкамі панскімі кагось пасшыбалі. Але, здаецца, не насмерць, — пачухаў патыліцу Карусь.
Ну, калі шпурнуць у кагось партшэз...
— Ды як жа ты, такі адчайны, пані Тэрэзе вось так проста каштоўнасць, давераную твайму пану, аддаў? — не стрымаў дакору Пранціш.
Карусь нават не змаргнуў.
— Яны што прасілі? Скрынку прасілі. Вось і атрымалі скрынку. Змесціва вось...
Хлопец раскруціў свой тканы пояс... Арфанус падміргнуў мутна-крывавым вокам. Лёднік не здзівіўся, толькі кіўнуў галавой, значыць, здагадваўся. Сам жа навучыў Каруся японскі куфэрак адчыняць...
Алесь, які не бачыў яшчэ легендарны апал, з цікавасцю пакруціў яго ў пальцах, паднёс да вачэй...
— I як доўга Радзівілавы паслугачы не зразумеюць, што ў іх пустышка? — змрочна ўдакладніў Пранціш
— Калі Гасподзь дапаможа, дык і не зразумеюць.
Хлопец паціраў збітыя суглобы пальцаў.
— Дык вось для чаго табе белы камень патрэбны быў! — усміхнулася Ганулька і патлумачыла: — Карусь паклаў у той куфэрак мой адуляр.
— Папрасіў у пані напрамілы бог які-небудзь каменьчык, — кіўнуў хлапец. — Не сквапная пані, разумная.
Значыць, Ганулька ўмудрылася патрапіць у кароткі спіс асобаў жаночага полу, якіх Карусь не лічыў за грэх слухацца. Дагэтуль у ім была толькі Саламея Лёднік... Ну і трохі Сафійка.
— Добра, пад рукой меўся, на туалетным століку. Ад цётачкі дастаўся месяцавы камень, адуляр, — патлумачыла Ганулька. — Ён неапрацаваны, цётачка казала — ад галавы дапамагае. Як галава баліць — пакачаць яго па лбе.
Пранціш з павагай зірнуў на пушчанскага дзікуна.
— Першы ж злотнік, вядома, скажа, што гэта не апал, — задумліва прагаварыў Лёднік. — Але, з другога боку, сведкаў, што там у кароне насамрэч было, даўно зямля з’ела. Алесь, хто зможа ў вас адчыніць японскі куфэрак, падобны да таго, што мы ў пана Пачобута-Адляніцкага ў Вільні бачылі? Толькі складаней, хадоў на трыццаць задачка...
Аўстрыйскі студыёзус задумаўся.
— Хіба мой настаўнік, гер Кемпелен.
Пранціш здзівіўся.
— Ды што ім дрэва пашчапаць без усялякіх прамудрасцей?
— Пабаяцца змесціва пашкодзіць, — упэўнена сказаў Лёднік. — Там дрэва так апрацаванае, што мацнейшае за жалеза. Ну, калі надакучыць палюбоўна разбірацца — могуць і пілаваць. Але ў любым выпадку часу ў нас няшмат. Трэба скарыстацца тым, што ворагі нас лічаць нябожчыкамі, і самім перадаць Арфанус канцлеру ды распавесці пра інтрыгі пані Радзівіл. Іначай не выблытаемся.
Пранціш моўчкі кіўнуў. Даручэнне падскарбія належыць выканаць. Нават калі Лёднікі могуць зараз кудысь з’ехаць, схавацца, у Пранціша сям’я засталася ў Беларусі. А Тызенгаўз помслівы. I галоўнае — шляхецкі гонар, які застанецца заплямлены: выйдзе, што прыўлашчылі грошы і падарунак для канцлера. Ну і ёсць надзея, што графу Каўніцу не дужа спадабаюцца выбрыкі пані Тэркі.
— Толькі, пакуль не скончацца ўсе жалобныя цырымоніі, спрабаваць дарэмна, — запэўніла Ганулька. — Думаю, хіба пасля Калядаў атрымаецца. Пакуль лячыцеся, адпачывайце.