«Ды не пыха тут», — з прыкрасцю падумаў Пранціш. Ён паспрабаваў давесці Бутрыму: Сафійка — падлетак, сама заблыталася... Ёй падтрымка пасля смерці Саламеі патрэбная, а бацька ў сваіх перажываннях замкнуўся. Дзіва што дзеўка раўнуе яго. А чубы праз красунек у хлапцоў заўсёды трашчалі.
— З’язджаем, — змрочна абвясціў Баўтрамей. — Хопіць непрыемнасцяў праз нас гэтаму дому.
А назаўтра да Бутрыма прыйшоў Карусь.
— Не трэба праз мяне з пані Ганнай сварыцца. Тут вам з паненкай бяспечна. Адсцябай мяне добра, хай кірпаты паніч супакоіцца. Не бойся, я моцны, мне гэта — цьху... А калi не можаш — добры ты занадта, пан, — загадай, каб я даў сябе адсцябаць гэтаму... кірпатаму. Без твайго загаду не дазволю нікому сябе крануць. Рукі вырву.
А Бутрым... Што Бутрым? Моцна абняў падапечнага ды запэўніў, што хутчэй сябе дасць збіць, чым кагось з бліжніх.
Два дурні.
Каб прафесар Лёднік такі паблажлівы быў, калі студыёзуса Вырвіча ў карцар адпраўляў у Віленскай акадэміі.
Давялося ўмешвацца спрактыкаванаму суддзі.
Лясун наадрэз адмовіўся зманіць, што яго пакаралі, — не можна лгаць, і ўсё. Прасіць прабачэння адмовіўся таксама — віны перад кірпатым не адчувае, таксама атрымаецца мана...
Перад Ганулькай Пранціш мянціў языком доўга, прыгожа і дарэмна. Пані шчыра не бачыла нічога заганнага, каб даць пытлю праштрафленаму прыслужніку. Сама колькі перацярпела — і ад княжны Паланэі, і ў кляштары... Пакуты целу — ратунак душы. Сцяцко цішком прызнаўся пану Вырвічу, што Каруська нешта задумаў: клунак збірае... Ці не ўцячы мысліць? Прападзе хлопец... Такога ладнага і дужага схопяць — ды ў рэкруты.
Затое пан Валенты Жылка, пачуўшы, што госці, каб не рабіць яму прыкрасці, з’едуць i звязуць з сабой чароўную Сафійку, адразу ацаліў абражаны гонар, задаволіўся выбачэннямі i абяцаннем, што дзёрзкі слуга не будзе трапляцца яму на вочы.
Алесь увесь гэты час прабавіў у сваім пакоі, вывучаючы мышыны арганізм.
Так што пасля смерці Саламеі нагадвала сям’я Лёднікаў разбіты карабель, абломкі якога паныла гайдаліся на хвалях.
Карусь умову не паказвацца ў панскіх пакоях успрыняў як заўсёды — моўчкі, не змяніўшыся ў твары. Гэтак жа, як параду выкінуць з галавы думкі пра ўцёкі. Зараз, на чужыне, разам трэба трымацца.
А разам атрымлівалася кепска.
Алесь, відаць, цяжка перажываў, што дапамог клятай Тэрэзе Радзівіл — каб не ягонае пасрэдніцтва, з пані ніхто i гаварыць не стаў бы, ні пра шлюб падскарбія, ні пра камень. Сафійка на ўсіх дзьмулася — колькі можна сядзець у доме, як у вязніцы? — і даймала капрызамі пана Валентага Жылку, які быў з таго шчаслівы, а часам мела ласку пагуляць i з ягонымі малодшымі братамі. Лёднік мэнчыўся, што дзеці аддаліліся, а выправіць не меў ні моцы, ні досведу. Знайшоў прасторную залу для трэнінгаў у сутарэннях, часам Пранціш з ім сыходзіўся на шаблях, часам, да абурэння Вырвіча, Карусь. Санлівы выгляд аказаўся падманлівым, лясны дзікун досыць лёгка ўварочваўся і меў цвёрдую руку... Але не дай гасподзь даведаецца пільнавальніца сармацкіх звычаяў Жылкава, што высакароднаму майстэрству шабельнага бою вучаць слугу, халопа!
Карацей, калі пасля Калядаў i Новага года пастанавілі з’язджаць — Пранціш гатовы быў пешкі бегчы з гасціннага дома, ад дабрадзейнай мілай Ганулькі, якая адразу заявіла, што Сафійку варта пакінуць у ix. А каб не сядзела небарака пад замком ды мела законнае права з імі жыць, ці не зладзіць ейныя заручыны з панам Валентым Жылкам? Сын, пачцівы сціплы юнак, мае да панны Лёднічанкі самыя шчырыя пачуцці... I пасаг яго не цікавіць. А вяселле зладзіцца, як нявеста падрасце, а жаніх зойме годную спадчынную пасаду... А быць Валентаму ваяводам гады праз два.
Пранціш здагадваўся, што так абернецца. Ну і добрае выйсце! Лепш, чым паненка патрапіць у лапы Мануцы ці цягаць наравістую красуньку па дарогах Еўропы, дзе ніколі не сканчаюцца войны. Для нерадавітай небагатай нявесты — выдатная партыя! Лёднік не выглядаў задаволеным, але сказаў — няхай дачка рашае.
А што дачка? Сафійка зачырванелася, потым збялела, тады ганарыста закінула галаву і заявіла, што мусіць пару дзён падумаць.
Бачыў Пранціш, як яна думае, калі ішоў на трэнінг да Баўтрамея ў сутарэнні. Нібыта выпадкова, у задуменнях летуценных паненка спусцілася на першы паверх, скіравалася ў бок кухні, дзе памяшканні для лёкаяў ды кухарак... А вось якраз Сцяцко сядзіць ля печы, напраўляе жалезную прыладу... Пастуквае асцярожна малатком, які здаецца цацачным у ягоных дужых руках. Што тут жа побач Карусь сядзіць над тоўстай канторскай кнігай і нешта падлічвае (з падачы Вырвіча хлапца прыстасавалі да вядзення рахункаў) — вядома, выпадковасць. Сафійка нават не зірнула на цельпука. Але Пранціш з цікавасці затрымаўся ў калідоры.
— Сцяцко, не бачыў, дзе мой пан-бацька?
Парубак на хвілю прыпыніў стуканне.
— Унізе, ваша мосць. Толькі не варта яго зараз турбаваць, ён са зброяй займаецца.
Красунька ганарыста задзерла галаву.
— Ведаеш, Сцяцко, пан Валенты Жылка просіць мяне стаць ягонай нявестай.
Гайдук паціснуў дужымі плячыма.
— Жадаю шчасця вашай мосці.