А палац жа які аўстрыйскія імператары сабе ўзгарадзілі! Семіраміда ды Саламон спаць ад зайздрасці перасталі б, пабачыўшы. Шэнбрун... У юнацтве Вырвіч шыю б скруціў, па баках гледзячы: будыніна на паўтары тысячы пакояў, вакол сады, лабірынты з акуратна падстрыжаных кустоў — шкада, кусты яшчэ голыя, толькі піхты, туі ды іншыя дрэўцы з непрыстойнымі на ліцвінскі слых назвамі аптымістычна зелянеюць. А фантанаў колькі! Зноў шкада, што яшчэ не працуюць, толькі мармурам бялеюць. Затое чэлядзь бегае, карэты коцяцца, жаўнеры пільнуюць...
Але падкаморы быў чалавекам сталым, таму толькі падпусціў важнасці: не такое бачылі. Вось Карусь абыякавы дарэмна, ад дзікунства свайго. Але, прыгледзеўшыся, Вырвіч заўважыў, як хлопец крадма кідае цікаўныя позіркі на скульптуры, вежы, фантаны. Можа, і адукуецца? Лёднік і не такія граніты ператвараў у палеткі.
Перад высокімі дзвярыма, якія ганарыста паблісквалі цёмным лакам і шчэрыліся пазалочанымі ручкамі ў выглядзе арліных галоў, Пранціш агледзеў прыдзірліва іх банду. Гер Кемпелен у блакітным са срэбрам камзоле падрыхтаваў самую ветлую сваю ўсмешку. Лёднік-старэйшы, як заўсёды, выпрастаўся, бы ражон праглынуў, і нагадваў... не, не чорны слуп, а зброю з чарнёнай сталі. Лепей не правяраць, ці востра заточаная. Лёднік-малодшы сціскаў і расціскаў счэпленыя ў замок пальцы — хвалюецца, яшчэ не да канца ператварыўся ў прыдворную ляльку. За спінай Лёдніка Карусь са звычайным санлівым выглядам трымае чырвоную шаўковую падушку з квадратным куфэркам — да смешнага маленькая ношка для такога боўдзілы.
Вырвіч паправіў свой пышны карункавы каўнер... Самавітая дэлегацыя, не сорамна! Дзверы павольна расчыніліся...
У тых з дэлегацыі, хто ўсміхаўся, усмешкі сцяклi з твараў.
Пранціш ніколі раней Каўніца не бачыў, але адразу зразумеў, што пан са строгімі вуснамі і панылым носам, у чорным камзоле
Пані Тэрка так і ўпілася позіркам у доктара, які зайшоў на сваіх нагах, быццам пабачыла на чужой руцэ даўно згублены фамільны пярсцёнак.
Але Кемпелен збялеў і нават зрабіў крок назад пры поглядзе не на жывых персон, а на персону нежывую. А менавіта ляльку. Турак у белай чалме з бліскучым каменем i ў чырвоным атласным халаце, з чорнымі вусамі на васковым смуглявым твары заціснуў у руцэ даўжэзную люльку для курэння, перад ім на грувасткім стале з шуфлядамі і дзверцамі расстаўленыя шахматы...
— Вось яны, махляры прыблудныя, ваша імператарская мосць! — плаксівым голасам загаласіла пані Тэрка. — Я іх добра ведаю! Не аднойчы ў вязніцы сядзелі за махлярствы!
Нямецкі ў пані быў нішто сабе, амаль без акцэнту.
— Увялі ў зман яго мосць вельмішаноўнага графа фон Каўніца! Калі б няшчасны наш кароль Станіслаў Панятоўскі ведаў, якія інтрыгі за ягонай спінай ладзяцца...
Канцлера ніякім спектаклем было не крануць.
— Ну-ну, не перабольшвайце, ваша мосць, а то яго імператарская вялікасць занадта засмуціцца гэткай дробнай справай, — бледныя вусны канцлера ветла ўсміхнуліся. — Гэтых паноў рэкамендаваў гер Кемпелен, якога мы добра ведаем і які прыносіць дзяржаве вялікую карысць.
Ёзаф Габсбург зрабіў літасць кіўнуць на знак згоды.
— Вось якраз таму я і ўмаліла яго імператарскую мосць, які не церпіць падману, прыйсці сюды, каб на свае вочы пабачыць, як змяя здрады падступна звіла гняздо ў гэтых сценах!
Пафасам дзьмула так, што можна мокрую бялізну сушыць.
— Ваша імператарская мосць, дазвольце патлумачыць... Мы з’явіліся з даручэннем ад міністра фінансаў Польшчы... — пачаў Вырвіч, але Радзівіліха завішчэла:
— Ніякай веры словам круцялёў! Загадайце, мой імператар, ім захоўваць маўчанне, пакуль я не адкрыю таямніцу штукарства іхняга хаўрусніка!
Пранціш скасавурыўся на барона: той нібыта быў спакойны, але жылка на скроні білася як шалёная. Нядобрая прыкмета. А канцлер, падобна, будзе вычэкваць, каб падтрымаць той бок, які ў вачах імператара зробіцца больш пераканаўчым.
— Мой імператар, гэта ўсяго толькі забаўка... — падаў голас Кемпелен, паказваючы пальцам на аўтамат, палец трохі дрыжэў. — Цацка, па якой не варта меркаваць пра мае сапраўдныя справы! Успомніце фантаны Шэнбруна... Акведук... Новыя станкі...
Лістота на пейзажах, каб магла, спалохана зашамацела б, калі пукатыя светлыя вочы Ёзафа яшчэ больш вырачыліся.