Пранціш падштурхнуў Бутрыма бліжэй да стала, гатовага да бойкі Каруся бліжэй да Бутрыма, шэпчучы на вуха, што належыць рабіць. Пані Тэрэза лена варушыла веерам з чорных пер’еў. Маўляў, патузайцеся, патузайцеся на кручку, рыбанькі...
Кемпелен адышоўся ад аўтамата, лісліва кланяючыся ды кланяючыся, нібыта ў самога заклініла спружыну. Пана Варонскага падкацілі бліжэй да стала, падклалі пад яго падушак, каб даставаў да фігур...
— Пачынайце!
Адзіная рука адзінага жывога шахматыста пераставіла пешку. Усмешка Кемпелена стала зусім прыклеенай. Ён жа выдатна ведаў, што чакаць цуду не выпадае.
Але раптам рука турка варухнулася, колцы ўнутры аўтамата зрушыліся...
— Барані нас Гасподзь... Стаў е чатыры на е пяць... — шапнуў Карусь доктару на вуха. I турак пакорліва выканаў дзеянне.
Пранціш з трывогай сачыў за Бутрымам, але доктар не выдаваў, наколькі яму цяжка. Толькі ў вочы ягоныя, страшна пацямнелыя, Вырвічу цяпер не хацелася б зазіраць. I ў роце прымсціўся прысмак медзі — так бывала, калі Лёднік паблізу дапускаў свае штукарствы, якія сам лічыў страшным грахом.
Больш за ўсё здзівіўся Кемпелен. Здавалася, ён паленам паваліцца ад відовішча, як раптам ажыла ягоная лялька. Барона ўвесь час цягнула перажагнацца. Алесь жа разумна стаў так, каб захінуць бацьку ад поглядаў імператара і пані Тэркі. А пан Варонскі перастаўляе фігуркі на шахматным стале, як быццам ніколі не сядзеў па другі бок стальніцы.
Партыя доўжылася, здаецца, не надта доўга, але Вырвіч увесь змакрэў. Урэшце Варонскі падняў уверх адзіную руку, ягоны твар не страціў пакорлівы спакой.
— Не ведаю, з кім я зараз гуляў, але вы майстар. Выбачайце, папляскаць у ладкі не магу.
Кемпелен засунуў сваё здзіўленне як мага далей і годна прыняў заслужаныя апладысменты ад тых, хто меў абедзве рукі. Пані Тэрка толькі хапала ротам паветра, быццам задыхалася.
— Што ж, махлярства няма, а ўменне аўтамата сапраўды не чалавеку пераадолець, — глыбакадумна зазначыў імператар, відаць, задаволены, што яго калісьці абыграў не якісь нікчымны калека. — Барон Кемпелен, можаце працягваць сваю плённую працу пры нашым двары. А панам што трэба?
Пранціш нізка пакланіўся, спадзеючыся, што ніхто, акрамя пасвечаных, не заўважыць, як хістаецца стамлёны Лёднік.
— Усё, што мы просім, — аўдыенцыі ў яго мосці канцлера Каўніца, каб мець магчымасць выканаць даручэнне, з якім былі пасланыя ў Вену. I, дарэчы, мы не разумеем, чаму пані Тэрэза Радзівіл падчас сустрэчы, прызначанай з ёй як з пасланніцай яго мосці канцлера, паспрабавала нас забіць.
Канцлер прыўзняў бровы — маўляў, першы раз чую... Ага, палітыкам такога палёту толькі і верыць. У іх калі адна сляза і навярнулася, дый тая назад вярнулася. А пані Тэрка пачала дыхаць так, што чуваць было, можа, і за дзвярыма пакоя — хрыпла, з прысвістам... Твар імкліва набываў бурачковы колер. I голас стаў сіплы, як у прастуджанага дзяка.
— Чарнакніжнікі! Ваша... імператарская... ведзьмакі! Скуру садраць! У вогнішча! Доктар! Ён д’ябал! До-кта-а-а...
З вуснаў кабеты пачулася страшнае выццё, пані Тэрка ўпала на падлогу, выраніўшы чорны веер. Яе цела страшна выгіналася, вочы вырачыліся... Каб Пранціш не назіраў такога ў Белакамскім замку, спалохаўся б. Але і Габсбург, нагледзеўся, відаць, прыпадкаў рознага кшталту ў сваёй шалёнай сямейцы з плоймай сясцёр, толькі грэбліва, з дамешкам боязі, скрывіўся, як пры выглядзе гадзюкі...
Усё. Падобна, страціла Радзівіліха свае шансы зрабіць кар’еру ў Вене.
Баўтрамей прамарудзіў не больш за імгненне. I то за гэтае імгненне, нявартае хрысціяніна і лекара, напэўна, стане сябе дакараць. Кінуўся да кабеты, да якой баяліся наблізіцца нават лёкаі, падхапіў на рукі, ледзь утрымліваючы.
— Дзе ложак?
Імператар кіўнуў галавой.
— Нясі ў маленькі ружовы пакой. Мая маці параіла б гэтай... хворай правесці ноч ва ўсыпальніцы, у малітве і пачцівай размове з нябожчыкамі.
Пранціш не даслухаў, спяшаючыся за Бутрымам, каб прытрымаць ногі кабеты. Брыкаецца як ласіха.
Ружовы пакой, куды доктара з шаляніцай бегма праводзіў лёкай, сапраўды быў ружовым — шаўковыя шпалеры з выявамі флоксаў, занавескі, дываны... Толькi мэбля белая з залатымі фінціфлюшкамі. Спачывальня калі не прынцэсы, дык фрэйліны. На ложак кручаную бабу давялося ўкладваць утрох: Карусь і Пранціш прыціскалі ногі, Лёднік — рукі, навіс над вар’яткай, нешта прыгаворваў, загадваў глядзець яму ў вочы...
Толькі Алесь не ўдзельнічаў у дзействе, ягоны твар быў адчужаны, як у чалавека, які спрабуе хаваць вельмі моцныя пачуцці...
Урэшце хворая перастала курчыцца, Пранціш з палёгкай узняўся. Шыю б скруціць заразе, колькі яна яшчэ няшчасных людзей загубіць — дык не, нядаўнія ахвяры яе ратуюць... Вунь Лёднік масаж адмысловы робіць, нешта прыгаворвае, у вочы глядзіць... Вырвіч перахрысціўся,каб загнаць глыбей нядобрыя думкі. Хай Гасподзь пані судзіць.
Лёднік адкінуў срэбную лыжку, якую былі ўставілі між зубоў кабеты, каб не адкусіла сабе язык, узяўся за яе скроні. Твар Радзівіліхі страціў барву, з вачэй паліліся слёзы.
— Зноў ты, доктар... Зноў мяне ратуеш... А я... Грэшніца акаянная...