Вясёлая песня, страшненькая, якраз на густ Лёдніка... Вырвіч падрыхтаваўся зноў праваліцца ў цяжкі сон — але не, усё ж не песня былога драгуна пабудзіла... Побач нават не пачуўся — адчуўся нейкі рух... Не, не Бутрым — той спіць, чуваць ягонае роўнае дыханне. Што за пракуда? Дзверы зачыненыя, звонку за імі ўлёгся Карусь — хлопец упарта займаў месца пад дзвярыма гаспадароў у якасці аховы. Шыбы зачыненыя, аканіцы таксама, у пакоі цёмна, як у печы, дый высока акно... Пранціш прыслухаўся: ні гуку... Ат, падалося...
Але і Лёднік заварушыўся... Больш за тое — ускінуўся. Вось цяпер не да начных мрояў. Пранціш ліхаманкава застукаў крэсівам — пакуль распаліўся ад жарынкі трут, успыхнула трэсачка, выпацканая ў серным расчынні, пакуль агонь лізнуў кнот сальнай смярдзючай свечкі, вылучанай гаспадаром карчмы... У цемры ўсё больш валтузіліся, вось нешта ўпала, Лёднік нежартоўна счапіўся з кімсьці маўклівым...
Калі цемра неахвотна адступіла, дапамога Вырвіча ўжо не спатрэбілася. Баўтрамей прыціскаў да сцяны кагось гнуткага і імклівага, што вылузваўся як вужака, з галавой закручаны ў чорнае, — не разабраць, што за ён... Штосьці зазвінела: на падлогу ўпаў кінжал. Забойца!
Усё адбылося цягам некалькіх імгненняў. У пакой уварваўся Карусь з аголенай шабляй і застыў слупам на парозе. Пранціш падбег да схопленага злыдня і сцягнуў з ягонай галавы маску. Па плячах расснежыліся белыя валасы, белыя бровы насмешна прыўзняліся над вачыма, што здаваліся бяздоннымі, не зразумець, якога колеру, і вейкі белыя... Дзеўка! Пранціш успомніў, што бачыў яе ў карчме. Багамоліца такая, капуста ў хустках, вочы апушчаныя, пальцы ружанец перабіраюць... Запомніліся менавіта гэтыя белыя бровы і вейкі. Антымоній якраз бы прыдаўся, падчарніць.
Дзеўка паспрабавала вылузацца, але дарэмна.
— Ну ты і моцны, дзед!
Ані каліва страху, голас трохі нізкаваты, іранічны... Па-беларуску гаворыць без акцэнту, бы з-пад якой страхі Навінаў ці Пугачоў, што на Валожыншчыне, вылезла. Вырвіч нарэшце ачомаўся.
— Хто цябе падаслаў, гадаўка?
Белагаловая бессаромна лупілася сваімі незразумелымі вачыма — аж ніякавата.
— Забылася, паночак. З памяццю ў мяне бяда такая: як грошы заплацяць — адразу забываюся, хто плаціў.
Ну, калі дзеўку наймаюць для такой бруднай і небяспечнай працы, гэта не дзеўка, а чума.
Між тым чума паспрабавала брыкнуць нагой Баўтрамея — той мацней заламаў ёй рукі.
— На графа Мануцы працуеш? — прасіпеў на вуха мярзотніцы Чорны Доктар.
— Ай, дзед, не зламай мне руку — як я на жыццё буду зарабляць? — блазнавала забойца. — А каму ты дарогу перайшоў — табе лепей ведаць. Пусці, усё скажу! Куды я ад вас дзенуся?
— А можа, i дзенешся, залезла ж сюды неяк праз зачыненыя вокны i дзверы! — скрозь зубы прамармытаў Пранціш, зараджаючы адразу дзве пістолі. — Абшукай яе, Карусь!
— Грэх да чужой бабы датыкацца! — набычыўся дзікун.
— Тады трымай пісталет...
Вырвіч без асаблівага жадання, але з належнай асцярогай наблізіўся да госці, сам не ведаючы, як далёка гатовы зайсці... Гвалтаўнікоў сам заўсёды бязлітасна караў... Але калі ў наймічкі — а яна відавочна майстар сваёй справы — прыхаваны пісталет ці атручанае лязо, тут яны ўсе і палягуць... I паляцеў разам са сваімі роздумамі на падлогу, пакутліва спрабуючы ўдыхнуць.
— Што ж вы, ваша мосць, шляхецтва сваё ганьбіце? А як жа рыцарскія цноты?
Куды падзелася сялянская гаворка?
Бутрым зноў ледзь утрымаў заразу. Вырвіч з Карусём наставілі на белавалосую пісталеты, тая паказальна застыла, і доктар з палёгкай выпусціў яе і адышоўся на два крокі. Паненка не тоўстая i не дужа высокая, але жылістая, як хорт. Семя яхідны i медузы.
— Ну навошта столькі цяжкасцяў учыняць, дзед? — выскаліла на Лёдніка бялюткія зубкі зараза. — Адцягваеш, супраціўляешся... Усё роўна я цябе заб’ю — ты мая праца, а я працу сваю добра ведаю. Хіба не лепей прыняць смерць хуткую i найменш балючую?
Пранціша скаланула ад непрыемных успамінаў: чуў ён некалі падобныя словы... I бачыў гэткія ж бяздонныя вочы з белымі вейкамі.
— Як цябе завуць? Герман Ватман не ў тваіх сваяках?
Зноў усміхаецца, як гандляр на кірмашы.
— Мяне, паночкі, называюць Чорнай Меланхоліяй. А на ўсё іншае памяць благая, што рэшата. Імёны макам прасяваюцца, ды не ўзыходзяць.
Бутрым сустрэўся з Пранцішам позіркам... Ой, колькі страшнага скаланулася з мінулага, як недарэчы прывід белавалосага волата...
— Калі Ватман — твой бацька ці іншы сваяк, ці не за яго ты адпомсціць мне вырашыла?
Белавалосая Чорная Меланхолія — хто толькі такое мяно выдумаў? — зарагатала.
— Ну ты, дзед, забаўны... Відаць, таго Ватмана-Шматмана прыкончыў? Мацак!
Лёднік усё больш змрачнеў.
— Што ты ведаеш пра лёс маёй дачкі?
Наймічка скрыжавала рукі на невысокіх грудзях, нібыта ва ўласным пакоі перад люстэркам.
— Акрамя сваей працы, нічога не ведаю, спадарове. Адно не магу даўмець: чаго цябе, доктар, усе раздушыць імкнуцца? Ты ж адэпт, я тое бачу. Можаш золата наствараць з медзі ды свінцу. Я б цябе ў лабараторыі замкнула.
Чорны Доктар сціснуў зубы:
— Дзе мая дачка?
Забойца пацепнула плячыма.
— А ты б яшчэ ў шыла папытаўся, дзе бот. Сумна мне з вамі...