Вырвіч перазірнуўся з Лёднікам... Іерыхон... Суд... А можа, не так усё страшна? Карчомны водар піва і шкварак настройваў на мірны лад. Месцічы задаволена гулі, вочы гарэлі, як у вурдалакаў, — ясна было, што гульня Святога Пятра для іх знаёмая i захапляльная... Ведаць бы яшчэ няўдалым гасцям, што за ліха іх чакае.
Але тлумачыць ніхто нічога не збіраўся. I развітацца з тутэйшай гасціннасцю ніяк не выпадала — народу набілася ў карчму як сабак на сабачае вяселле. Збольшага — здаровыя ўзброеныя дзецюкі. Цэлае мястэчка нават з дапамогай магіі не вынесеш у дзверы. Падалося ці не, што за спінамі мільганула белабровае аблічча?
Пранціш ледзь расціснуў пальцы на дзяржальне Гіпацэнтаўра: але як не расціснеш, калі ў паясніцу тыкаюць руляй пістолі... Побач гэтак жа абяззбройвалі Лёдніка, які кусаў вусны і ледзь стрымліваўся, каб не пачаць адчайную, але дарэмную бойку. Карусь усё-ткі выдаў пару важкіх кухталёў, атрымаўшы такія ж... У Саламона не знайшлі нават сцізорыка і паблажліва пакінулі яму пакамечаныя рукапісы.
— Бісовы дзіты!
Гэта ў карчму ўваліўся, нібы Жалезная Чарапаха на паравым рухавіку, Сцяцко.
Стрымаць парубка мясцовым удалося далёка не адразу... Коштам не аднаго, відаць, зламанага тутэйшага рабра. Але дзіўноцце: небяспечнага чужака не сталі далучаць да ягонай заарыштаванай кампаніі.
— Лішні! Сорак ужо маем! — прамовіў нешта незразумелае пан Кішка, і Сцяцка вынеслі за дзверы.
Банду Чорнага Доктара таксама вывелі на двор — там чакаў экіпаж... Калі можна так назваць адкрыты воз, да высокіх трывалых бакавін якога былі прымацаваныя надзвычай непрыемныя прыстасаванні... А менавіта калодкі — мусіць, на дзясятак няшчасных. Але, акрамя банды Чорнага Доктара, іншых пасажыраў не было, таму рассадзілі ix вольна. Ды ўсё, што дазволена, — галаву, заціснутую паміж дошак з адтулінай для шыі, павярнуць...
Пранціш яшчэ не траціў надзеі выбрацца. Але калі воз скрануўся з месца пад радасныя ўсмешкі гледачоў, надзея трохі скурчылася, як забыты на падаконні яблык. Ды яшчэ капялюх зваліўся, i веснавы вецер ахвотна запусціў халодныя пальцы ў русявыя кудзеры падкаморага. I нічога не зробіш — рукі таксама ў калодках, у спецыяльных адтулінах, ногі закутыя ў ланцугі, што прымацаваныя да слупка пасярэдзіне воза... Карусь, які апынуўся насупраць Вырвіча, не спыняў спробаў неяк вылузацца, выламаць дошкі, вырваць ланцугі... Ды мармытаў малітвы ўперамежку з кляцьбою. Можа, i выламае штось — дужы... А толку...
Неяк цесць вучыў Пранціша, як шчупакоў перавозіць на далёкія адлегласці: скрыню выслаць мокрым імхом, а рыбіне пад шчэлепы запхаць кавалкі губкі, змочанай французскім віном. А калі яшчэ зверху вадой паліваць, дык шчупак ціхутка, у прыемных марэннях, да кухара і даедзе... Зусім як яны зараз.
Вырвіч скасавурыўся на вершнікаў у жупанах i калматых шапках, што суправаджалі воз, — зразумець бы, пра што весела перагаворваюцца, але разабраць можна толькі асобныя слоўцы: «стаўлю на краўца», «удава Мельхіёрава хутчэй», «біскуп прыедзе». А потым і зусім на жмудзінскую перайшлі.
Мінакі, якія бачылі сумную працэсію, выяўлялі ўсе прыкметы шчырай радасці. Пры гэтым ніхто не спрабаваў здзекавацца, штось шпурнуць у злачынцаў. Рукамі махалі ўслед, як царскай карэце...
Воз пераваліўся праз гарбаты мост за гарадской брамай, і замест бруку колы пачалі падсковаць на каранях соснаў, што неахвотна адступілі ад лясной дарогі. Ды яшчэ акрамя звыклых варон пачалі пакрыкваць чайкі. Не марскія, а рачныя, драбнейшыя, але, мабыць, яшчэ больш нахабныя — на Віленшчыне іх называлі кірлі. Значыць, побач вялікая рака...
Бутрым страсянуў чорна-сівымі пасмамі, нібыта адганяючы сон, і строга папытаўся ў Саламона, які сядзеў з такім адчужаным тварам, нібыта знаходзіўся зусім не ў гэтым ганебным возе, а за дыспутыйным сталом з няспешнымі вучонымі размовамі.
— I як ты дайшоў да жыцця такога? З жабракамі зладзейскімі блукаў?
Хлопец вучоны страпянуўся:
— Не злодзеі мы былі!
А потым нібы згас.
— Адправіўся я, пан Лёднік, у свет, каб вывучыцца... Доктарам хачу быць.
Баўтрамей скептычна хмыкнуў.
— Васпан пэўны, што медыцына — ягонае пакліканне?
Саламон пакрыўдзіўся.
— Я, каб ваша мосць ведала, і так спрактыкаваны доктар! Адзін добры рабін даў мне дзве мудрыя кнігі: анатамічныя табліцы Кульмуса ды
Лёднік, каб не калодкі, за галаву б схапіўся.
— Саламоне, ты ж мог столькі бяды нарабіць ад невуцтва! Нельга, прачытаўшы дзве кнігі, стаць доктарам! Трэба доўгая практыка, а перад тым, як на жывых практыкавацца, не адзін труп ускрыць...
Але відочна было, што саманазванаму доктару нічога не дакажаш.
— Я магу... Толькі б дыплом займець...
Уздыхнуў i давай далей пра свае перэгрынацыі.
— Як успомню — халодным потам абліваюся. З Кёнігсберга да Шчэціна морам плыў... У труме, тры тыдні, бо ў штыль патрапілі. Аднымі селядцамі ды цвілымі сухарамі харчаваўся... Высадзілі — расхварэўся. З маёмасці адну лыжку пры сабе меў, ледзь змяняў яе на куфаль кепскага піва.