Читаем Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі полностью

Уранку Пранціш прачнуўся ад грукату ў суседнім пакоі, які займаў Лёднік. Пабег глядзець — доктар з падлогі падымаецца, злосны, локаць пацірае. Уздумаў кітайскія трэнінгі аднавіць, па сценах скакаць. Як шкаляр, далібог.

Вось Сафійка на дзіця ўсё менш падобная. Box, адчувае дзеўка сваю моц над сэрцамі.

Неяк Пранціш сядзеў у бібліятэцы — быў такі дыхтоўны пакой у Жылкавым доме, з высокімі шафамі чорнага дрэва, запоўненымі фаліянтамі, з вялізным мядзяным глобусам, з утульнымі скуранымі фатэлямі, — і гартаў цяжкую таміну французскай рыцарскай паэзіі. Не тое каб Вырвіч добра ведаў старафранцузскую мову, але прыгожыя моманты знаходзіў, якія маглі прыдасца для паэмы пра харобрага Плексігласа. Раптам пачуліся крокі, і праз расчыненыя дзверы падкаморы пабачыў у калідоры кампанію: наперадзе шыбуе Сафійка з прыгожым разьбяным куфэркам са слановай косткі ў руках, за Сафійкай — пан Валенты Жылка, што з усіх сіл намагаецца падавацца дарослым ды важным, за імі — змрочны боўдзіла Карусь, рукі за поясам... I мармыча павучальна:

— Не справа паненкі — гуляцца ў шахматы.

А Сафійка вачыма як блісне — ды выпусціла куфэрак... Пранціш мог свой рукапіс закласці — знарок. Ды яшчэ так выпусціла, каб шахматныя фігуркі, зграбненькія, з залатымі налепкамі, па калідоры рассыпаліся.

I ганарыста, з выклікам глядзіць на пушчанскага хлапца:

— Ну што стаіш? Падбірай!

Карусь моўчкі стаў на калені, пацягнуўся за раскіданымі фігуркамі.

— Усё роўна паненка Соф’я да гэтай гульні здольнасцяў не мае.

Лёднічанка ўспыхнула ад гневу, юны Валенты зараз жа памкнуўся абараняць гонар сваей дамы i замахнуўся на дзёрзкага слугу.

— Змоўч, халоп!

Але Карусь, не ўстаючы з каленяў, перахапіў кулак паніча так, што той скрывіўся ад болю. Твар дзікуна страціў санлівы выраз, сінія вочы схаладнелі да хрышчэнскага лёду.

— Я пану не служу. Я толькі Лёднікам служу. У вольнай пушчы нарадзіўся. З ваўкамі гуляў, на мядзведзя хадзіў. Слугам Сатанііла насы раўняў.

Пранцішу ўсё меней падабалася сцэна. Не забыўся яшчэ, як калісьці ён, недавучаны шкаляр, ставіў свайго слугу доктара Лёдніка на калені і змушаў цалаваць сабе руку — хацелася дурному шчаўліку сцвердзіць сваю значнасць перад вучоным ганарыстым халопам... Дасюль сорамна. Але ж зазвычай арыстакратам за падобнае і ў галаву не прыйдзе саромецца. Здаралася, такіх жа братоў у шляхецтве, толькі бедных, замардоўвалі...

Паніч Жылка вырваўся з хваткі Каруся ўвесь чырвоны ад злосці.

— Слуга! Нікчэмнасць! На шляхціца руку падымаць? Ды я цябе...

Карусь, як нічога не было, працягваў збіраць пешак ды ферзёў у куфэрак. Вырвіч не паспеў умяшацца — знерваваная Сафійка тузанула шляхетнага кавалера за рукаў:

— Пан Жылка, не варта. Пойдземце.

Валенты неахвотна скіраваўся да шахматнага століка ля акна бібліятэкі. Сафійка азірнулася на слугу, які поўзаў пад яе нагамі. Пранціш мог прысягнуць — ейныя прыўкрасныя вочы збліснулі зласліва пры гэтым відовішчы:

— Закончыш збіраць — прынясеш нам.

Карусь прамаўчаў, звяртаючы ўвагу на паненку не болей, чым на сцяну. Сафійка расчаравана прыкусіла ружовую губку, рэзка развярнулася... I ледзь не ўрэзалася ў дзядзьку Пранціша. Сустрэлася з ягоным нязвыкла суровым позіркам, сумелася... Апусціла вочы, пачырванела...

«Не, не падобная яна да маці, — з горыччу падумалася Вырвічу. — Трэба абавязкова пагаварыць з Лёднікам пра хросніцу».

Пранціш затрымаўся каля Каруся, які акуратна складваў апошнія шахматы ў куфэрак.

— Асцярожней, хлопец.

Той нават не зірнуў на пана.

— Гасподзь — шчыт мой.

Што тут зробіш... Рабом можна быць, нават маючы палац, i не стаць рабом, нават калі цябе прададуць i паставяць на калені. Цяпер упартая адмова хлапца садзіцца за стол з гаспадарамі і займацца «панскімі фіглямі» бачылася зусім не праявай сціпласці.

Дзіўна — у доме сабралася поўна моладзі ды дзятвы, але ўсе паасобку... Вось калі ў Капанічы прыязджалі госці, абавязкова цесць Пранціша, пан Гараўскі, зладжваў шумныя гульні. У шарады, у фанты... Ці проста ўсе сядзелі ля каміна, у нетутэйшым водары кальяна, якім аматар усходніх дзівосаў пан Валенты Гараўскі нязменна пыхкаў, і распавядалі адзін аднаму цікавыя гісторыі, чыталі ўслых якуюсь новую кнігу — толькі не блюзнерскі французскі раман, гэта ў сябе ў пакоях. Спявалі, гралі хто на якім інструменце... Нават Пранціш трохі на мандаліне брынькаў. Дамініка малявала, дзеткі гуляліся з цацкамі...

Вырвіч ледзь не ўзвыў ад тугі па тых чароўных сямейных вечарах. Тут жа гаспадыня строга пільнавала, каб было ціха і пачціва, і кожны з прыслугі штохвілю меў карысны занятак або маліўся. Лёднік на самоце займаецца гімнастыкай ці калбаціць лекі для сябе ды Жылкавага сямейства, ну яшчэ часам з панам Месінгам нейкую навуковую навіну абмяркуе. Сафійка муштруе кавалераў, а Алесь... Вырвіч неяк зазірнуў у ягоны пакой — хлапец сядзеў за сталом, перад ім туды-сюды бегала мыш... Нібыта на нітку навязаная. А малодшы Лёднік, засяроджана паглядаючы на паддоследную жывёлку, нешта занатоўваў у сшытку.

Нічогенька сабе баўленне часу для маладзёна!

Перейти на страницу:

Похожие книги

Святой воин
Святой воин

Когда-то, шесть веков тому вперед, Роберт Смирнов мечтал стать хирургом. Но теперь он хорошо обученный воин и послушник Третьего ордена францисканцев. Скрываясь под маской личного лекаря, он охраняет Орлеанскую Деву.Жанна ведет французов от победы к победе, и все чаще англичане с бургундцами пытаются ее погубить. Но всякий раз на пути врагов встает шевалье Робер де Могуле. Он влюблен в Деву без памяти и считает ее чуть ли не святой. Не упускает ли Робер чего-то важного?Кто стоит за спинами заговорщиков, мечтающих свергнуть Карла VII? Отчего французы сдали Париж бургундцам, и что за таинственный корабль бороздит воды Ла-Манша?И как ты должен поступить, когда Наставник приказывает убить отца твоей любимой?

Андрей Родионов , Георгий Андреевич Давидов

Фантастика / Приключения / Альтернативная история / Попаданцы / Исторические приключения