Урэшце тройца беларусаў адагрэлася ля манастырскага каміна, атрымала па брунатным балахоне з грубага радна, выхлебтала па місе поліўкі з проса і рэпы і літаральна павалілася на сеннік, ледзь здолеўшы прачытаць належныя малітвы. Шкада, з напояў далі толькі гусінага піва — простай вады. Зранку Лёднік павінен быў выдраць некалькі гнілых зубоў у капуцынскай браціі, Алесь — адладзіць ахвяраваны кімсьці кляштару гадзіннік з рухомымі фігуркамі Святога Сямейства, а Пранціш — разгаварыць мніхаў на прадмет плётак і чутак наконт аўстрыйскай арыстакратыі і схіліць сэрцы да большай гасціннасці.
Што й было паспяхова выканана.
I калі бляклае восеньскае сонца ўзлезла на самую гару дня, Вырвіч з Лёднікамі трэсліся на возе са сплеценымі на продаж кошыкамі, які браў кірунак ў Бадэн. Воз належаў не мніхам, ім забаранялася мець маёмасць, а змрочнаму таўсманаму аўстрыйцу з бліжэйшага ад манастыра хутара. Прычым капуцын, які адвёў гасцей на той хутар і якому таксама трэба было ў Бадэн, худы маўклівы старэча, ішоў за возам пешкі, як належала па старажытным запавеце ордэна. З-пад вострага капюшона можна было разгледзець толькі сіва-чорную бараду.
А занесла ліцвінаў ні многа ні мала — вёрстаў за трыццаць ад Бадэна. За час, што адняло прымусовае купанне ды вяртанне, імператрыца Марыя Тэрэзія сапраўды выправілася на спатканне да сужонца, які ўжо колькі год знаходзіўся ў лепшым свеце, і звестка пра гэта дайшла, прынамсі, да капуцынскага манастыра і згубленага ў гарах хутара. Ад таго ж уладальніка воза даведаліся, што Марыя Тэрэзія даўно падрыхтавала ў Венскай крыпце Габсбургаў, што пад капліцай капуцынаў, годную магілу, напалам з мужам. Вялізны каменны ложак, на якім ляжаць яны абое ў каменным жа выглядзе. Пры жыцці «матухна ўсяе Еўропы» страшэнна раўнавала свайго Франца, які сапраўды быў ахвочы да жаночых вабнасцяў, і змушала начаваць толькі ў адным ложку з сабою. I каменны імператар быў высечаны скульптарам, знарок ці выпадкова, у такой паставе, нібы яму так і карціць з таго ложка ад пільнай сужонкі саскочыць.
Так што Бадэн быў у жалобе. Госцейкі, якія панаехалі на лекавыя воды, спаборнічалі ў вытанчанасці жалобных строяў і найбольш тонкім выказванні гора. Адна панечка праславілася тым, што загадала пафарбаваць сваіх мопсаў у чорны колер.
Але вуліцы моднага гарадка заўважна апусцелі. Забаўляльныя ўстановы пазачыняліся, гэта адно, а па-другое — усе, хто меў шанец патрапіць на пахавальныя цырымоніі, рынуўся ў Вену. Так што на траіх мужчынаў у капуцынскіх рызах і падзёртых плашчах, толькі не падпяразаных па звычаі вяроўкамі, ніхто ўвагі не звяртаў. Добра, што вострыя капюшоны дапамагаюць схаваць абліччы — рана яшчэ ўваскрасаць.
I ў гасцявым доме «Зялёны дыямент» ля чумной калоны, дзе знялі другі паверх тыдзень таму — а здаецца, месяц прайшоў! — ніхто не азваўся. Дзверы адчыненыя, ні жывой душы, неахайна — хаця такі быў вылізаны дамок, калі засяляліся, нават складкі на фіранках як пад лінейку. Пранціш нахіліўся над раскіданымі на падлозе вельмі знаёмымі аркушамі... Што такое — ягоны рукапіс! Прыгоды рыцара Плексігласа з вогненным мячом! Вырвіч пахапаў з падлогі лісты i, калоцячыся ад злосці, набег шукаць злыдня-гаспадара.
Той знайшоўся ў сваім пакоі на першым паверсе, у фатэлі, з мокрым ручніком на галаве. Ля хворага мужа завіхалася жонка, яе твар быў заплаканы, а погляд, якім яна сустрэла пастаяльцаў, — ненавісна-спалоханы.
Гаспадар на справядлівыя прэтэнзіі Пранціша вызверыўся, як загнаны ў кут пацук. Што ягоныя жыльцы вытварылі, ён не ведае i ведаць не хоча, але праз ix у яго самавітым доме быў ператрус па загадзе даверанай асобы самой імператрыцы. Што шукалі, што забралі — гатэльшчыку як індыку да фісгармоніі... А хоча ён аднаго — каб паны махляры забралі свае рэчы і назаўсёды зніклі адсюль. А што яны махляры — адразу відаць, прыстойныя ў манахаў не пераапранаюцца. А вунь таго насатага пана на руках нядаўна насілі, а зараз сам прыбег. І не, іхняя прыслуга, два дзецюкі, не з’яўляліся. I добра. Чарнявы волат кухарку з тропу збіваў, да граху схіляў, а маладзейшы не толькі той кухарцы, але й пачцівай гаспадыні дома ўслед пляваў з нядобрымі словамі. Карацей, вымятайцеся, госцейкі, пакуль паліцыю не паклікалі!
Які лёс японскага куфэрачка, Каруся ды Сцяцко, думаць не хацелася.
Пакоі на другім паверсе, якія ліцвіны здымалі, нагадвалі размазаную п’яным мастаком карціну. Ніводнай цэлай рэчы. У адзення ўспоратыя швы, у ботаў паадрываныя абцасы, ножкі крэслаў паадламаныя, нават дошкі падлогі там-сям выдраныя. Дзверцы печкі з выцісненай калясніцай Геліяса адчыненыя, на падлозе рассыпаны вугаль... Вырвіч кінуўся туды, сунуў руку ў чорны рот печкі, памацаў... Забралі, ірады! Там, унутры, за выступам, куды агонь не дастае, Пранціш прыхаваў жменьку залатых у жалезнай скрынцы... Нічога не прапусцілі паскуднікі. Арфанус шукалі па-майстэрску. Пад нагамі хрумсцелі аскалёпкі шкляніц ад Лёднікавых мікстур.