— Няма такого кепскага становішча, у якім нельга было б знайсці штось добрае. Вось, пазбавіўся спакусы самагубства. А яшчэ — уяві, Вырвіч, каб з намі была Сафійка!
Та-ак, гэта сапраўды страшна ўявіць... Можа, і не скінулі б у падземную ваду, але адправілі б на пацеху такім, як Мануцы і ягоныя ўладныя кампаньёны. А так ёсць надзея, што Ганулька са сваёй радзінай яе абароніць.
Жалеза, вядома, за хвіліну не раз’есць нават сумесь азотнай і салянай кіслаты, так званая царская гарэлка. Але праз гадзіну агульнымі намаганнямі ўдалося выламаць пракляты прут з каменя. Вырвіч нават перастаў адчуваць смурод.
Добра яшчэ, што ў іхняй бандзе ніхто жывот не адрасціў, праціснуліся ў шчыліну. Вырвіч, да сваёй злосці, даўжэй за худых Лёднікаў важдаўся, зноў даў сабе слова заняцца трэнінгам, як Бутрым вучыў.
I пацягнуўся шлях па падземнай мінеральнай рацэ, у цемры і трывозе. Сцены рабіліся ўсё больш няроўнымі, то звужаліся, то пашыраліся. А самае страшнае — столь пачала апускацца. Вось ужо трэба галаву берагчы, каб не стукнуцца аб вострыя каменныя выступы...
— Стойце! — выгукнуў, а часткова прабулькатаў Лёднік.
I сапраўды, далей плысці было немагчыма, вада даходзіла да столі.
— Можа, тут якія рыбы водзяцца ці кракадзілы, з якімі пан Алесь можа дамовіцца? — горка пажартаваў Вырвіч, адплёўваючыся ад салёнай жыжы, у якой відавочна прысутнічалі не толькі мінералы, але і ўсялякая дрэнь.
— Нічога жывога, акрамя нас, не адчуваю, — усур’ёз адказаў Алесь. — Паспрабую праплысці наперад, колькі змагу — ці ёсць там выйсце, альбо будзем вяртацца.
Пранціш уявіў доўгі шлях назад, ды супраць плыні... I скалануўся. Лёдніка ўсё часцей даводзілася падтрымліваць — цяжка плысці толькі з дапамогай рук — добра, ад сценаў можна адштурхоўвацца. Дый сам знямогся. Эх, мілая Дамініка, дзеткі дарагія, Яначка, Паўлючок і той, што яшчэ пабачыць свет... Ці будзе ў тым свеце твой бацька? Ці мо згніе ягонае цела на дне падземнай аўстрыйскай ракі?
Лёднік між тым даваў сыну адрывістыя парады. Алесь некалькі разоў з шумам увабраў у сябе паветра... I пайшоў пад ваду.
Пацягнуліся доўгія імгненні, кожнае — нібыта хтось за сэрца кранаў халодным пальцам. Вырпіч учапіўся ў напружены плячук Лёдніка — каб не кінуўся ўслед за сынам, на згубу. Вось імгненні зліваюцца ў хвіліну... Другую... Бутрым вось-вось вырвецца... А мо і варта паплысці на дапамогу? У самага спрактыкаванага плыўца даўно скончылася б паветра ў лёгкіх...
Плёскат наперадзе... Ці падалося? Не... Вось ужо і шум вады, які можна параўнаць з пераможным гарматным салютам.
— Алесь... Жывы...
Голас Баўтрамея дрыжэў. Малады Лёднік адфыркаўся, адкашляўся.
— Можна праплысці... Там пячора заўважна пашыраецца. Але задаўгаваты пераход...
— Нічога, ты праплыў — і мы справімся! — павесялеў Пранціш.
Сказаць легка... А пратрымацца пад вадой, у цемры так доўга... Пад канец у Пранціша ў вачах залатыя маланкі блішчэлі, а грудзі, здавалася, зараз разарвуцца.
Якім жа салодкім ды свежым падалося паветра па той бок звужэння! I вада не такой салёнай... Аддыхаўшыся і адпляваўшыся, Пранціш усвядоміў, што тут даволі шумна — ці не вадаспад наперадзе? I плынь хутчэйшая, зносіць як трэску. I па-ранейшаму ўласнай рукі не разгледзіш.
— Ды ўваскрэсне Бог... Ды растачацца ворагі яго... Ды бягуць ад аблічча яго тыя, што ненавідзяць яго...— замармытаў побач Лёднік словы малітвы.
На шчасце, прорвы не сустрэлася — затое зверху месцамі ліліся струмені, і, падобна, выцякала вада ў нейкія бакавыя адтуліны... А вось... Не, не падалося... Ногі зачапіліся за цвёрдае. Мінеральная рака відавочна мялела. I сама вада стала як суп — ці водарасці ў ёй, ці сухое лісце, ці яшчэ нейкая гадасць... Каб хоць што пабачыць... I есці ўсё больш хочацца. Лекавымі солямі не наясіся... Мяркуючы па голадзе, яны тут больш за суткі квасяцца, як селядцы ў расоле. Дзіва што прывіды мсцяцца.
— Мы з герам Кемпеленам машыну, якая ўмее гаварыць, ладзім! — дзесь побач распавядаў Алесь бацьку. — У яго ўжо была спроба стварыць такую. Забаўка атрымалася... А я хачу, каб яна яшчэ магла лічыць, рашаць самыя складаныя задачы... Гэта мяне яшчэ тады, калі мы з Пацучыным Каралём сустрэліся, зацікавіла: наколькі можна жывы арганізм паўтарыць у механізме?
Лепш бы не ўспамінаў пра таго Пацучынага Караля, падумаў Вырвіч. У Баварыі патрапілі ў горад, якім кіраваў звар’яцелы герцаг, што абкружыў сябе штучнымі слугамі і вывеў новую пароду вялізных пацукоў, і тыя слугавалі яму, як сабакі. Алесь тады гэтых пацукоў за сабою звёў, тым і выратаваліся.